Таму што Вы Беларус, што яна Беларуска

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адказвае на пытаньні рэдактара «НН»

 

Перад 20-м ліпеня, калі наша краіна рызыкуе застацца зь нелегітымнай уладай, страціць незалежнасьць ды пагрузіцца ў хаос, кожны адказны палітык мусіць прамовіць свае галоўныя словы. Многія ў такім становішчы пазіраюць на эміграцыйную Раду БНР з надзеяй адтуль пачуць пра верныя арыенціры. Па-першае, збоку заўсёды відней. Па-другое, Рада знутры мае досьвед цывілізаваных краінаў. Па-трэцяе, Раду не западозрыш у чужых інтрыгах.

З прыходам на пасаду Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы дзейнасьць гэтай арганізацыі заўважна ажывілася і стала моцна бліжэйшай да Беларусі. Сама Старшыня добра інфармаваная пра ўнутрыбеларускія справы і мае на іх свой выразны погляд. Пра яго яна распавяла ў адказах на пытаньні галоўнага рэдактара «НН».

 

Перад тым, як перайсьці да гутаркі, я запытаўся ў спадарыні Івонкі, чаму яна заўсёды піша сваё прозьвішча праз два «л», што не адпавядае сучаснаму беларускаму правапісу. Адказ быў такі: «Для Янкі, майго мужа, было вельмі важным, каб прозьвішча яго пісалася зь дзьвюма «л», так, як яго пісалі ягоныя дзяды. Дзеля гэтага хацела б прадаўжаць пісаньне зь дзьвюма «л».

 

— Спадарыня Івонка, якія варыянты разьвіцьця падзеяў у Беларусі пасьля 20-га ліпеня разглядае Рада БНР?

— 20-га ліпеня Сп. Лукашэнка перастае быць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.

Калі ён дабравольна не пакіне становішча, на якім знаходзіцца, дык будзе ўважацца ўзурпатарам улады згодна з Канстытуцыяй, на якой прыняў прысягу пасьля таго, як беларускі народ яго выбраў прэзыдэнтам. Гэта значыць, што ўсе дэкрэты, усе пагадненьні, якія будуць ім падпісаныя, будуць нелегальнымі. Усякі дагавор, падпісаны ім з Расеяй, будзе лічыцца Радай БНР і ўсімі дэмакратычнымі дзяржавамі сьвету ні чым іншым, як аднабаковай акцыяй з боку Расеі, акупацыяй Беларусі Расеяй.

Ёсьць, безумоўна, магчымасьць, што Лукашэнка, які ніколі ня дбаў аб долі беларускага народу, будзе старацца ўтрымацца пры ўладзе сілаю. Аднак, мне думаецца, што на гэта ня пойдуць ані беларускае войска, ані нават паплечнікі Лукашэнкі ў Маскве.

 

— Якія перамены, з гледзішча Рады, былі б найвыгаднейшыя для Беларусі, нават калі яны сёньня падаюцца ідэальнымі?

— Паколькі не было магчымасьці правесьці выбараў згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, 20 ліпеня ўлада мусіць перайсьці ў рукі Старшыні Парлямэнту Беларусі 13-га скліканьня Спадара С.Шарэцкага. Ягоным галоўным заданьнем будзе сарганізаваць выбары пад назорам АБСЭ ці нават Аб’еднаных Нацыяў. Спадзяюся, аднак, што першым яго крокам будзе вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў і ануляцыя ўсіх антыбеларускіх дэкрэтаў, прынятых Лукашэнкам.

Што да Рады БНР, прыпомню тут, што яе асноўнай мэтай ёсьць «адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці ўсімі магчымымі і даступнымі спосабамі і дарогамі». Змаганьне за незалежнасьць Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі Рада будзе прадаўжаць, пакуль не асягне гэтае мэты. Да часу вольных выбараў Устаноўчага Сойму ў незалежнай і сувэрэннай беларускай дзяржаве Рада зьяўляецца «праўным прадстаўніцтвам сувэрэнных правоў беларускага народу, выяўленых у праватворчым Акце 25-га Сакавіка 1918-га году» (цытую Статут Рады Беларускай Народнай Рэспублікі).

Адна з дарог змаганьня Рады за незалежнасьць сувэрэннай і дэмакратычнай нашай Бацькаўшчыны, якой Беларусь мусіць стацца, каб заняць належнае месца між іншымі разьвітымі краінамі сьвету, ёсьць падтрымка з нашага боку палітычным дзеячом у Беларусі, якіх мэты супадаюць з мэтамі Рады БНР. У Беларусі ёсьць шмат здольных і адданых Бацькаўшчыне людзей, якія здолеюць паставіць на ногі наш край. Першым заданьнем новага прэзыдэнта будзе зьяднаць наш народ кругом найлепшых ідэяў ды праграм усіх палітычных партыяў.

 

— Адзін з ідэальных, як выглядае сёньня, варыянтаў разьвіцьця — прыклад Літвы і Латвіі, дзе прэзыдэнтамі сталі прадстаўнікі дыяспары, не зьвязаныя з савецкай мінуўшчынай. Ці дапускалі Вы асабіста для сябе магчымасьць уключыцца ў будзённую палітыку на Бацькаўшчыне? Калі так, дык якія былі б Вашыя найпершыя крокі на пасадзе кіраўніка дзяржавы?

— Калі беларускі народ будзе жадаць зьяднацца кругом ідэалаў 25-га Сакавіка, уважала б вялікім гонарам «уключыцца ў будзённую палітыку».

Аднак ня гэта зьяўляецца маёй мэтай. Усё жыцьцё старалася спрычыніцца да палепшаньня долі нашага народу, а палепшаньне гэтае магчымае толькі ў рамках вольнай, незалежнай, дэмакратычнай беларускай дзяржавы. Гэта і цяпер адзіная мая амбіцыя і адзіная амбіцыя Рады БНР.

Безумоўна, не маглі мы не разважаць аб тым, якія мусяць быць першыя крокі новага дэмакратычнага ўраду незалежнай Беларусі, ад чаго ён будзе мусіў пачаць, каб найхутчэй вывесьці Беларусь зь цяперашняга застою.

Дасьведчаньне краінаў, якія дасягнулі ўжо ўзровень жыцьця, да якога імкнуліся, можа нам быць карысным і цэнным. Тут мушу заўважыць, што савецкая намэнклятура, якая была апынулася фактычна пры ўладзе ў Беларусі ў пачатку 90-х гадоў, гэтага не жадала сабе ўсьведаміць... Тады, калі Ўкраіна, Прыбалтыка, Польшча, Чэхія карысталіся як мага дасьведчаньнем сваіх былых грамадзянаў, што жылі тады на Захадзе, Беларусь ігнаравала сваю дыяспару.

Паводле майго досьведу, найвялікшая вартасьць для Беларуса — гэта справядлівасьць. Ён спадзяецца на справядлівае трактаваньне яго ня толькі ўладамі, але нават і... лёсам. Хоча мець тыя самыя шанцы здабыцца на лепшае жыцьцё ня толькі што ягоныя суседзі ці знаёмыя, але і што Немцы ці Амэрыканцы. На маю думку, ад гэтага трэба пачынаць.

Трэба найперш паставіць на ногі эканоміку краіны. Трэба зьменшыць намэнклятурны апарат, міліцыю, войска. Трэба пакончыць з злоўжываньнем службовых магчымасьцяў (лічыцца яно паважным праступствам на Захадзе). Трэба дастасаваць дзяржаўны бюджэт да сапраўдных патрэбаў беларускага народу, як сацыяльных (а ў першую чаргу — для дзяцей, пэнсіянэраў, ахвяраў чарнобыльскай бяды, інвалідаў), так і эканамічных (сельскай гаспадаркі, індустрыі).

Неабходная будзе рэформа сельскай гаспадаркі. Беларусь мусіць быць здольнай пракарміць сябе. Чэргі па прадукты папросту недапушчальныя ў краіне, якая корміць Маскву. Найперш трэба забясьпечыць транспарт харчоў, даць кожнаму селяніну магчымасьць прадаваць іх за цану ягонае працы.

Права на працу ўважаецца на Захадзе адным з галоўных правоў чалавека. Кожнаму Беларусу мусіць быць магчыма знайсьці працу, зарабіць ня толькі на кавалак хлеба, але і на людзкія ўмовы жыцьця. Краіна павінна стварыць спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця новых прадпрыемстваў, дастасаваць вырабы да патрэбаў насельніцтва, спыніць вываз валюты заграніцу.

Дзеля стварэньня здаровай эканамічнай структуры патрэбныя будуць сродкі. Сродкі гэтыя існуюць, і Беларусь будзе магчы імі карыстацца так, як гэта робяць усе іншыя краіны, якія не ізалююць сябе ад рэшты сьвету. Беларусь знаходзіцца, пад гэтым поглядам, у найгоршым палажэньні з усіх рэспублік былага Савецкага Саюзу. І гэта выключна дзеля палітыкі, унутранай і замежнай, свайго уласнага прэзыдэнта.

Безумоўна, нават найлепшыя намеры нічога не дадуць без супрацоўніцтва насельніцтва, зьяднанага кругом свайго ўраду. І я вось уяўляю сабе, якую краіну мог бы сабе стварыць наш зьяднаны, разумны, таленавіты і працавіты народ. Другую Канаду ці Данію, ці Галяндыю... З сумам бачу, як нашыя людзі пакідаюць наш край ды шукаюць лепшае долі заграніцай. Там іх цэняць, захапляюцца іхнай працаздольнасьцю, іхнай умеласьцю. Ня цешуся гэтым, бо ж людзі гэтыя патрэбныя, як ніколі, Беларусі. На жаль, няма каму стварыць ім там умоваў працы, умоваў жыцьця, якія заахвоцілі б іх застацца дома.

 

— Многія бачаць у Вас арбітра, аўтарытэтнага назіральніка сучаснай беларускай палітыкі. Напэўна, Вам лепей бачныя як удалыя дзеяньні розных беларускіх дзеячоў, так і іхныя памылкі. А гэта значыць, што Вы маглі б нешта параіць, падказаць ім. Якія Вашыя пажаданьні, калі такія ёсьць, спадарам Шарэцкаму, Чыгіру, Пазьняку, а, можа быць, і Лукашэнку?

— Што да дзеяньняў нашых палітыкаў, маеце рацыю. Адсюль лепш відаць і ўдалыя дзеяньні, і памылкі.

Вялізарнаю памылкаю з боку Лукашэнкі была ягоная падтрымка сэрбскага крымінальнага дыктатара Мілошавіча.

Нашто яму было цягнуць Беларусь у гэтую авантуру, для мяне папросту незразумела. Шмат дзеяньняў Лукашэнкі незразумелыя з пункту гледжаньня беларускага, бо Беларусі яны абсалютна нічога не даюць. Наадварот, аддаляюць яе ад вольнага сьвету. Нармальна бароняць яны толькі інтарэсы нашага ўсходняга суседа, якому самому выгадней паводзіцца больш прыстойна, бо ж такім чынам прадаўжае атрымоўваць вялізарную дапамогу з Захаду. Парады даваць Спадару Лукашэнку я не зьбіраюся, бо ён добра ведае, што робіць і чаму гэта робіць. Найвялікшую паслугу народу, якому ён заўдзячае пяць гадоў улады, ён зробіць, калі пакіне 20-га ліпеня пасаду, на якой меў час і магчымасьць палепшыць долю беларускага народу, ды гэтага не зрабіў.

Спадара Пазьняка і ўсіх іншых дзеячоў дэмакратычнай апазыцыі заклікаю яднацца супраць супольнага ворага. Рада БНР падтрымоўвае ЎСІХ палітыкаў і дзеячоў, якія змагаюцца за вольную і незалежную нашу дзяржаву. Ня думаю, што цяпер час «мыць публічна сваё бруднае бяльлё». Нам трэба ратаваць наш край ад небясьпекі, у якой ён знаходзіцца.

Ніводзін беларускі палітык, які паважае свой народ, ніводзін Беларус, які шануе самога сябе, не падтрымае лукашэнкаўска-маскоўскай ініцыятывы «інтэграцыі» ці аб’яднаньня Беларусі з Расеяй. Захад нядаўна заявіў, што таксама не падтрымае такога аб’яднаньня, калі ня будзе яно адказваць жаданьню беларускага народу. Таму ёсьць магчымасьць — і ў гэтым Зянон Пазьняк мае рацыю — што Масква можа памагчы Лукашэнку стварыць фіктыўную апазыцыю, зь якой улады будуць «дагаварвацца» ўва ўсім, што толькі ім на руку. Гэтая сытуацыя магла б, безумоўна, стацца моцна небясьпечнай інтарэсам беларускага народу, якіх ніхто не бараніў бы падчас вышэй успомненых «дагавораў». Трэба за гэтым сачыць.

 

— Ня раз даводзілася чуць, што Фронт спрафанаваў ідэю сымбалічнага грамадзянства БНР, калі пачаў сам выдаваць паперкі пра запіс у грамадзянства...

— Сымбалічнае грамадзянства БНР цэннае тым, што яднае беларускі народ кругом ідэалаў 25-га Сакавіка. Падобнае сымбалічнае грамадзянства існавала калісь у Літве. Было яно карысным для вызвольнага руху гэтай краіны. Я думаю, што карысным яно будзе і ў нас.

Справа грамадзянства БНР будзе на парадку дня канфэрэнцыі БНР, якая адбудзецца ў бліжэйшым часе ў Лёндане.

Набыць яго можа кожны Беларус, які падзяляе ідэалы БНР, незалежна ад таго, ці ён ёсьць, ці не, сябрам БНФ. Ні ў якім выпадку яно ня можа стацца манаполіяй якой-колечы партыі.

 

— Памятаю Вашую прапанову да ўсіх беларусаў на 25-га Сакавіка выстаўляць запаленыя сьвечкі ў сваім вакне. На маю думку, такая ідэя цалкам можа быць пашыраная ўжо ў наступным годзе. Якія яшчэ прапановы такога кшталту існуюць?

— Ініцыятыва паставіць запаленую сьвечку ў кожным беларускім вакне на 25-га Сакавіка — гэта прыгожы, рамантычны жэст, мэта якога — зьяднацца думкамі з суродзічамі Беларусамі кругом беларускае нацыянальнае ідэі. Аднак сымбалі тады толькі маюць сілу, калі яны зьвязаныя з акцыяй.

На парозе 21-га стагодзьдзя хацелася б, каб кожны Беларус узяўся за нейкую канкрэтную дзейнасьць на карысьць Бацькаўшчыны. Я ўжо мела нагоду прыпомніць некаторым словы амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэды, які ў сваёй пасьлявыбарчай прамове казаў: «Не пытайцеся, што краіна Ваша можа зрабіць для Вас. Пытайцеся, што Вы можаце зрабіць для сваёй краіны». Нічога няма больш цэннага для краіны, як яе людзі, сьвядомыя і адказныя грамадзяне.

Гляньце кругом сябе. Ці ня ведамая Вам якая старэнькая самотная жанчына, якой спатрэбілася б дапамога? Мо Вы маглі б яе «адаптаваць», раз у тыдзень або ў два яе адведаць, зь ёю пасядзець, магчыма, крышку памагчы што-колечы зрабіць у хаце, а мо нават падзяліцца сьняданьнем ці абедам. І ўсё гэта таму, што Вы Беларус, што яна Беларуска.

Разумею, што пасьля амаль стагодзьдзя варожых абставінаў жыцьця гэта можа быць шмат цяжэй, як запаліць сьвечку... Вы мусілі самі даваць сабе рады. Вам не давалі нічога за нішто. Прапаную гэта, таму што ведаю, як моцна Беларусі патрэбнае цяпер пачуцьцё САЛІДАРНАСЬЦІ між сваімі людзьмі. Пачуцьцё, што КОЖНЫ З НАС можа спрычыніцца да нейкай зьмены на лепшае. Задавальненьне, якое будзе даваць гэтае пачуцьцё, з часам пераменіцца ў арганічную патрэбу нешта рабіць для Бацькаўшчыны. А ўсе разам мы адродзім нашую дэмакратычную, незалежную Беларускую Народную Рэспубліку.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0