Вольга Караткевіч

Ліпавы ліпень

 

Добры сябра ўсё больш настойліва пытаецца ў справакаванага прагнозамі атачэньня: «А што за дата — 21 ліпеня?» Бальшыня загадкава ўсьміхаецца.... Маўляў, канец прэзыдэнцкай пяцігодкі. Якую ППРБ, трэба адзначыць, адпрацаваў як мае быць — па-ультрасавецку. А знаёмец мой меў на ўвеце трыццацігодзьдзе высадкі на Месяц амэрыканца Армстронга. У нас ведаюць як мінімум два Армстронгі — касманаўта Ніла і сьпевака Луі. Асабліва апошняга — пасьля рэклямы расейскага «Альфа-банку», дзе абгульвалася песьня «Go down Moses». Беларусы інтуітыўна адчулі глыбіннасьць тэксту і палюбілі вабную мэлёдыю. У Гомелі ў рэстаране гатэлю «Надзея» я назірала, як на Дзень нараджэньня адной спадарыні спачатку ад імя вечна любячага мужа, пасьля — вечна адданай сяброўкі, вечна блізкіх сяброў і вечна горача спачуваючых бацькоў цягам вечару гучэў гэты перасьпеў Луі Армстронга чатыры разы. Далібог, праўда. І скакалі аднолькава, як пад «как упаіцельны ў Расіі вечара...» Няўжо ад слова «піць»? Поўная арытмія...

Галоўны герой айчыннай радыё- і друкаванай публіцыстыкі — Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, ад якога публіцысты надта чакалі хоць нейкага кан’юнктурнага кроку патураньня аптымістычнай афарбоўцы даты 20-га ліпеня, зноўку азадачыў сваім абстрактным мысьленьнем: «Я вельмі паважаю свой народ, таму кан’юнктурыць ня буду». З нармальнага слова «кан’юнктура» ўтварыў такі брутальны дзеяслоў... А кан’юнктура для яго — гэта што? Пайсьці на пусты дыялёг з парадзелай апазыцыяй, раптоўна абвесьціць выбары і выйграць іх ці ўсіх парадаваць семігодкай свайго праўленьня? Вельмі пагражальна. І верагодна. Не магу не зачапіць артыкул Вольгі Ягоравай у «Советской Белоруссіі» за 16.07.1999 «Наш Прэзыдэнт. Рысы да партрэту часу». Усё нічога. І з газэтай ясна. Але ж высновы... «Які ж у нас ва ўсіх твар? — пытаецца Вольга. — Паглядзіш на Прэзыдэнта — мужны і адкрыты, які не баіцца складанага шляху, скамплікаваных рашэньняў. Шмат ён бярэ на сябе». Апошняе — рацыя. Што да твару, дык мне больш цікавым быў твар сп. караля правінцыі Квазулу-Наталь (ПАР) Звеліціні Гудвіла Кабэкузулу. Дарэчы, адзінай правінцыі з канстытуцыйна зацьверджанай манархіяй у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Візыт якога быў пададзены як дасягненьне айчыннай афіцыйнай дыпляматыі. Што ж, Уралу Рамдракавічу лепш ведаць.. І чаму амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі Дэніэл Спэкгард перабываў у Беларусь амаль інкогніта і ніяк ня мог выбіць кампэнсацыі за дэпартацыю з Драздоў? Тым, хто быў узгадаваны сярод людзей і хмарачосаў, цяжка зразумець выраслых сярод жывёлаў і расьлінаў. А наш Маўглі ніяк не вызначыцца, з кім ён адной крыві.

Хто што папрыдумляў на 20-га і 21-га ліпеня. Турагенцыі пабагацеюць за кошт тураў аднаго дня, Опэрны з прэм’ерай радзівілаўскага «Фаўста» будзе перапоўнены, акцыі, дэманстрацыі. А я ў рэстарацыі «Грунвальд» зьем самую дарагую страву — стэк з асятрыны «Лукамор’е».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0