Лісты ў рэдакцыю


 

Два сьвяты ў адзін дзень

Не сакрэт, што кожнага году ў вёсцы Вязынцы каля Радашкавічаў адзначаецца дзень нараджэньня Янкі Купалы. Бо ён тут нарадзіўся. Сьвяткуюць па-рознаму. Сёлета, здаецца, акрамя некалькіх міліцыянтаў, ад мясцовых уладаў нікога не было. Зь Менску прыехалі музэйныя работнікі ды крыху паэтаў на чале з Навумам Гальпяровічам. Ды й слухачоў не было б, калі б электрычкай не пад’ехалі жанчыны (лікам каля дваццаці) — асаблівыя прыхільніцы паэзіі і беларушчыны. З крыкам, сьмехам ды піскам зьявіліся дзеці з навакольных школьных летнікаў ды адразу ж разьбегліся хто куды. Адныя рвалі непасьпелыя яблыкі ў садзе, другія пілі ваду з крыніцы, трэція (іх было найменей) хадзілі па музэйных будынках. Сонечны гадзіньнік, які быў зроблены ў 1992 годзе і на якім ужо няма паловы валуноў (расьцягнулі навакольныя дачнікі), паказваў, што пара пачынаць сьвята паэзіі. І яно пачалося...

Пазьней высьветлілася, што большасьць дзяцей зь летнікаў толькі тут упершыню даведаліся, што ў нас ёсьць Янка Купала і што ён паэт. Праўда, пад час сьвяткаваньня 200-годзьдзя А.Пушкіна ў яго на радзіме некаторыя яго землякі таксама не маглі адказаць на пытаньне: «Хто такі Пушкін?» Адныя казалі, што футбаліст, другія — хакеіст...

Затое ў нас Пушкіна ведаюць і любяць усе: і дзеці, і дарослыя, і паэты. Беларускія паэты, якія штогод прыяжджалі ў Вязынку, гэтым разам аддалі перавагу статуі Пушкіна ў Менску, на адкрыцьцё якой меўся прыехаць мэр Масквы Лужкоў, каб яму пачытаць свае вершы. Вольга Іпатава, Леанід Дранько-Майсюк, Раіса Баравікова ды некаторыя іншыя пайшлі туды і вершы, мусіць, пачыталі. А Лужкоў і не прыехаў.

В.А.


 

Я люблю «New Cosmopolis»

«Слухач» у сваім допісе памыляецца. Сьпевы такіх гуртоў, як «New Cosmopolis», будзяць нацыянальную сьвядомасьць, гэта значыць, выхоўваюць нацыянальна паўнавартасных людзей. Бестактоўна называць шчырыя беларускія сьпевы «плаканьнем» аб мінуўшчыне. Кожны сапраўдны беларус бароніць Бацькаўшчыну так, як умее і як можа. Сьпевы гэтага гурта падабаюцца, дапамагаюць нашым дзецям стаць сьвядомымі беларусамі ды прышчапляюць патрыятызм і любоў да Бацькаўшчыны.

У адрозьненьне ад «Слухача», я падпісваюся сваім уласным прозьвішчам.

Уладзімер Гундар, Баранавічы


 

* * *

Чырвона-зялёны сьцяг — каляніяльны. Ён паходзіць ад асноўнага сьцягу савецкай імпэрыі. Чырвань паказвае на падпарадкаванасць Саюзу, а зялёная паласа — прымітыўны знак адрозьненьня адной калёніі ад іншых. Хіба арнамэнт — адзіная некаляніяльная дэталь (хаця яе ўвядзеньне мае паказаць: нацыянальнае жыцьцё зводзіцца да фальклёру). Ёсьць аналёгія — сьцягі Аўстраліі і некаторых астравоў Ціхага акіяну. Яны раней былі калёніямі Брытаніі, і на сьцягах гэта адлюстравалася так: тло сьцягу сіняе, у верхнім левым куце — маленькі брытанскі сьцяг, а на сінім тле — камбінацыі зорачак, розныя на розных сьцягах. Менавіта камбінацыі і ёсьць знакамі адрозьненьня сярод былых калёніяў.

Віталь Станішэўскі, Менск


 

А вось і захінем!

Поўнасьцю прымаем крытыку аўтара ліста на адрас газэты «Наша слова». Для сяброў ТБМ гэта сапраўды балючае месца. Тут шаноўны аўтар трапіў у дзясятку, «укусіў» за жывое. «Наша слова» — своеасаблівае люстэрка, у якім, як нідзе, адбіваецца сёньняшні дзень нашай краіны. Гэта, калі хочаце, вобраз самога беларуса, які прагне выжыць у вар’яцкай сытуацыі. Але зразумейце, без газэты Таварыства працаваць ня можа. Нават калі б на яе старонках, як сьцьвярджае В.М., знаходзіліся адно толькі «справаздачы, заявы і скаргі», напісаныя «дубовай мовай», яна нам неабходная. Таму крытычная заўвага аўтара ліста наконт «Нашага слова» — не навіна для нас. Дзякуй Богу, прыкладна 99,9 адсоткаў прыхільнікаў разам з намі церпяць гэты боль і, як могуць, дапамагаюць.

Ліст «Захінем пікетам мову» абмяркоўваўся на сакратарыяце ТБМ. Ён выклікаў розныя, часам супярэчлівыя меркаваньні. На наш погляд, у дэмакратычным друку не павінна быць публікацыяў, у якіх людзі займаюцца самаедзтвам. Што да пікетаў, дык іх карысьць, на нашу думку, бясспрэчная.

Ірына Марачкіна,
адказны сакратар ТБМ


 

Дзень Грунвальду

У далёкім ліпені 1410-га году аб’яднаныя беларуска-польскія войскі з дапамогай літоўскіх і татарскіх атрадаў разьбілі пад Грунвальдам знакамітае крыжацкае войска і выратавалі свае народы ад тэўтонскай акупацыі і асыміляцыі. Перамогшы ў гэтай бітве, беларускі народ ня толькі захаваў сваю незалежнасьць, але й сваю мову, культуру.

Мы добра ведаем незайздросны лёс цэлага шэрагу заходнеславянскіх моваў, якія былі зьнішчаныя пад нямецкай акупацыяй.

ТБМ не сумняваецца, што ў XXI ст. 15 ліпеня ўвойдзе чырвоным радком ва ўсе беларускія календары і стане афіцыйным дзяржаўным святам незалежнай, дэмакратычнай Беларусі.

Сакратарыят ТБМ


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0