Вадзім КАРЦАЎ 

Пра «лёгкія» наркотыкі

 

Неяк я па справах фірмы быў у замежнай камандыроўцы ў горадзе Азове Растоўскае вобласьці Расеі.

Уражаньні? Нармалёва. Для Расеі нармалёва.

Фірмы, дзеля спраўджваньня плацёжаздольнасьці якое я прыехаў, не існавала ў прыродзе. Дабрадушныя абарыгены за невялікую плату (як у менскім «Мінску») прадставілі апартамэнты з выгодамі ў двары. Мёд, рыба, садавіна, арэхі, саматужны хлеб прадаваліся проста на вуліцы (праўда, па цэнах менскага «Прэстан-маркету»). Паветра — 30°С, вада — 20°С.

Карацей, затэлефанаваўшы дырэктару, я застаўся «для вывучэньня магчымасьцяў наладжваньня дзелавых кантактаў».

Сярод дзівосаў, зь якімі ён сутыкаецца ў цёплых расейскіх рэгіёнах, эўрапейца, калі ён не з Галяндыі, найбольш кранае амаль вольны продаж «лёгкіх» наркотыкаў.

Днём і ноччу «касякі», «караблі» й цэлыя «бавульчыкі» марыхуаны можна набыць танна й амаль бяз боязі быць затрыманым.

Ахоўнікі парадку ўжо проста не зважаюць на гэткія «дробязі» як нарказьдзелка: ці то яны купленыя дылерамі, ці то рэальна ацэньваюць свае сілы й ня кідаюцца, як той Дон Кіхот, зь дзідаю на вятрак.

Малое й старое, сеўшы на кукішкі, «дзьмуць» пад навесамі, ствараючы ў вечаровым паветры правінцыйных вулак куродым зь непаўторным пахам бярозавых венікаў.

Першая выснова — памылковая — пра татальную наркаманію. Яна касуецца па меры абрастаньня знаёмствамі зь месьцічамі.

Аказваецца — і гэта другая памылковая выснова — што «траўку» паляць ня ўсе, а пераважна беспрацоўныя, людзі бяз сталага даходу, лайдакі — агулам прадстаўнікі ніжэйшых сацыяльных групаў; паляць ад бядоты й безвыходнасьці.

Чым жа ж няслушная другая выснова? А тым, і іншыя туземцы пра гэта кажуць, што, як правіла, не галеча прымушае шукаць паратунку ў «кумары», а наадварот: абпалены горкім дымам канопляў мозг рэгулярна супакойваецца ў «нірване» і ўжо не пускае свайго гаспадара вышэй па жыцьцёвай лесьвіцы.

Ці ж можа добрая праца, нармалёвая сям’я «перці» гэтаксама, як жменька дрэні са сьвежага ўраджаю Чуйскай даліны?

Навошта «рваць», пяцца з усяе моцы, калі для шчасьця дастаткова крыху ежы ды кішэня «шмалі»?

Настоящему индейцу*
Надо только одного.
Да и этого немного,
Да почти что ничего.
Если ты, чувак, индеец,
Ты найдёшь себе оттяг.
Настоящему индейцу
Завсегда везде ништяк.

*«Індзеец» — той, хто
стала паліць марыхуану (В. К.)

Гэтак сьпяваў Фёдар Чысьцякоў, саліст вядомага некалі піцерскага рок-гурта «Ноль». Сьпяваў, пакуль наркотыкі не давялі яго да дурдому, творчага заняпаду й забыцьця.

Ён ведаў, пра што пяе. Гэтага ня ведаюць ці ня хочуць уцяміць безадказныя асобы, палітыкі, якія, падтасоўваючы дэмакратычныя паняцьці, выступаюць за легалізацыю курыцельных наркотыкаў.

Ужываньне марыхуаны радыкальна й дэструктыўна зьмяняе сыстэму каштоўнасьцяў чалавека. Зь першых цыгарэтаў ён як асоба згублены для грамадзтва й адкрыты да дэградацыі.

Зь цягам часу ў яго зьнікае натуральная боязь за ўласныя жыцьцё й здароўе. А тады ўжо можна ўсё: катацца на «калёсах», «пудрыцца», «шырацца»...

Няма лёгкіх наркотыкаў — ёсьць легкадумныя палітыкі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0