Павал СЕВЯРЫНЕЦ

Род фронту

Зьберагчы адзінства БНФ

 

Паходжаньне БНФ, які ў канцы 80-х, быццам стыхія, уварваўся ў жыцьцё краіны, запоўніў вуліцы й на вачох перавярнуў сьвет, для мяне, простага савецкага школьніка адзінаццаці гадоў у Віцебску, было тайнай страшнай і неспасьціжнай. Памятаю, зь якім містычным жахам разглядаў я ў нашым глухім і нямым двары, дзе не магло здарыцца нічога такога, фантастычны надпіс крэйдаю на сьцяне гаража: «Не Саюз, а вольная Беларусь!»

Сёлета Фронту самому спаўняецца адзінаццаць — праўда, цяпер, перад VI Зьездам, усе хорам сьцьвярджаюць: «Не дажыве». Ужо закладваюць на пальцах, колькім нашчадкам абломіцца спадчына, ужо і ўсялякія ўнутрыфронтаўскія дзеячы, вітаючы супраціўнікаў, у прадчуваньні міжбою з зубастымі ўсьмешкамі мацаюць пяцярні ахвяраў, ці цёпленькія яшчэ, а тымчасам адчайныя шарагоўцы з суполак рыхтуюцца да 21-га ліпеня з высакавольтнымі сьцягамі й рукапашнай на Кастрычніцкай плошчы — і, шчыра сказаць, не ўдаецца даўмецца, дзе ўсё ж такі вытокі Фронту зь яго генэральнай драмай, што за жарсьці скаланаюць скляпеньні на Варвашэні 8, і чым гэта пагражае ўсёй краіне. Па растлумачэньні лепш за ўсё зьвярнуцца наўпрост да імя і прагаварыць яго яшчэ раз: БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ ФРОНТ «АДРАДЖЭНЬНЕ». Аднакарэнны код адмыкае сакрэт з двох ключавых абаротаў. Народ... Адраджэньне... Чуеце?

 

У нетрах родаў узьнікаюць гіганцкія транснацыянальныя карпарацыі і неўміручая мафія, найвялікшыя народныя эпасы і пляяды патомных геніяў; праз род, і ніяк інакш, разбудоўваліся ўся аграмада Старога Запавету й падваліны цывізацыяў Усходу ды Захаду. Кожны род мусіць мець свайго пачынальніка; поўную скарбаў, зьдзяйсьненьняў і тытуляванае геральдыкі Кнігу Быцьця; трагедыю, што разыгралася недзе ў сховах даўняга часу; і, канечне, свой наканаваны рок: сорак гадоў блуканьня, стогадовую адзіноту ці тысячагодзьдзе змаганьня за волю.

У Беларусі немагчыма ўявіць сабе родавую зьяву, магутнейшую за БНФ; для нашага грамадзтва ўвогуле ўсялякія буйныя рэчы на ўзор клянаў, тэйпаў ці «сем’яў» ёсьць унікальнымі і, як стрэлы зь пісталету, адзінкавымі. Сёньняшняя кіраўнічая намэнклятура ў спробах укараніцца хоць як абмяжоўваецца гадаваньнем калідорных і кабінэтных зямляцтваў — шклоўскіх, трактаразаводзкіх ці саўмінаўскіх, — якія зь цягам часу, выціснутыя навалай чарговых супернікаў, разбрыдаюцца ў пошуках ціхага дамка з садам дзе-небудзь пад Бялынічамі, дзе можна было б спакойна й без нагляду кантрольных ды вэртыкальных аддаць канцы. Пагатоў, толькі гіганцкая дыяспара вайскоўцаў і гэбістаў, выгнаных з усяе Эўропы, маскоўскіх, уральскіх і астатніх далёкаўсходніх кадраў, спараджэньне Імпэрыі ў камуфляжы, хакі й цывільным, страшная сваёй колькасьцю й падрыхтаваная для падаўленьня й зьнішчэньня ўсяго жывога — мае ў сабе непарушную каставую аснову. І менавіта яе мазгавыя цэнтры, выдатна дасьведчаныя ў магчымасьцях генэтыкі й геапалітычных сілаў, як ніхто, жахаюцца нацыянальных глыбіняў.

 

Насамрэч, нашая вотчына, нашая фундамэнтальная (паняцьце «мэнтальнасьць» так і скразіць) Паўночна-Заходняя Беларусь, якая пужае расейскі генштаб, яшчэ трымае сям-там спрадвечны дух Вялікага Княства, а дзе-нідзе й душок пабытовога нацыяналізму: дастаткова ўваткнуць іглу цыркулю ў Вільню й адкроіць паўкруг Беларусі разорам да Полацку, забіраючы Менск, Слуцак, Нясьвіж, усю Гарадзеншчыну й паўночную грыву Берасьцейшчыны па самую Белавескую пушчу, каб атрымаць арэал, які на Захадзе адносяць да вобласьці расьсяленьня паўночнаэўрапеоіднае расы, у Маскве акрэсьліваюць як небясьпечны агмень сэпаратызму, а ў нас лічаць зонай уплыву Фронту з павальным галасаваньнем за Пазьняка і, што характэрна, актыўным жыцьцём хрысьціянства ў памяшаньні канфэсіяў. Якраз-такі ў гэтых мясьцінах нацыянальнае анамаліі, на радзіме Зянона й Народнага Альбому, у краёх паляўнічых, хутаранаў і кантрабандыстаў вас могуць без залішніх пытаньняў выхадзіць пасьля бойкі зь менскім амонам ці, калі расшуквае гэбэ, перахоўваць, па начох перамяшчаючы зь вёскі ў вёску эстафэтай накшталт чачэнскай; дзе-небудзь на паседжаньні фронтаўскае рады вам будзе цікава даведацца, што вунь той маўклівы чалавек, які павітаўся з вамі, прыўзьняўшы капялюш, — унук аднаго з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, пры СССР запісаў сына ў пашпарце пад іншым прозьвішчам, але выхаваў зь яго стопрацэнтовага нацыяналіста; што сьціплы хлопец ля вакна — прамы нашчадак кіраўніка СБМ, а зараз лідэр мясцовае незалежніцкае моладзі; што здаровы сівабароды дзед, які так уважліва разглядаў вас на ўваходзе, зьберагае спадчынную калекцыю рэчаў паўстанцаў Каліноўскага, а на ягоным гародзе, побач з лазьняю, пабудаваная адмысловая зельня, дзе дзед вылечвае зубны боль і найстрашнейшыя хваробы зёлкамі, намовамі й малітвай. Тут час ад часу трапляюцца такія калодзежы памяці, што агукнецца і Касьцюшка, і каралеўскія паляваньні Аўгуста, і, бадай, сам Вітаўт Вялікі; тут сапраўдныя інтэлігенты ня першага і не другога калена маюць манеры, а дзеячы дазваляюць сабе быць трохі грэблівымі й пераборлівымі — словам, тут усё сваё, жывое й дыша.

Куды трагічней ува Ўсходняй Беларусі: нямногія з гэтага роду, дасьведчаныя ў тутэйшых руінах і раўсах, знаюць адзін аднаго ў твар, быццам сувязныя падпольля; яны маюць халодныя вочы, воўчыя звычкі, прывычкі дзейнічаць дзёрзка й па сьвятах выходзіць на плошчу, нібы на плаху. Бывае, крыжык на грудзях — гэта ўсё, што ў іх засталося, а яны ўсё стаяць на сваім, усё ўтрапёна даводзяць пра замкі, мову й сьцяг, пра знакамітых продкаў, якіх удалося раскапаць вось гэтымі самымі рукамі, — і гэбісты здрыгаюцца, і палохаецца скрозь усё мясцовае насельніцтва.

Дарэчы, мне самому, усходніку, даводзілася ня раз корпацца ў генах і пералічваць сузор’і радзімак, шукаючы прарочых кодаў ува ўласнай радні — і, між іншым, там выяўляліся многія не пазбаўленыя значэньня абставіны. Чыста беларускі фокус па матчынай лініі, калі з аднаго боку палякі з-пад Кракаву, зь іншага — расейскія чыгуначнікі, а між імі — засьцянковая пінская шляхцянка нашаніўскіх часоў, чыё прозьвішча дзіўным чынам можна стрэць праз стагодзьдзе — і цераз старонку газэты ў гісторыка Сагановіча; глыбокая сямейная легенда, бясцэнная кропелька крыві з Палестыны — хрышчаны жыд Янкель, ад якога, гавораць, прабабка Наста захавала фэнамэнальныя матэматычныя здольнасьці, а яе ўнучка, настаўніца Тацяна, — цені сумненьня ў сваёй канчатковай славянскасьці; па бацьку — адборныя пакаленьні тутэйшых спадчынных бандароў; прадзед Пётар, які з маўзэрам у руках усталёўваў савецкую ўладу ў вёсцы, ад чаго ягоных дзяцей і ўнукаў закляймілі дэкрэтамі; ён, які пры канцы жыцьця залёг на печы, як за кулямётам, і, ашалелы, крычаў свайму сыну, майму дзеду: «Пашка! Падай патронаў, белыя пруць!..» — якраз таму дзеду Паўлу, што вывучаў у 30-я ў школцы беларускія вершыкі й сёньня, паралізаваны, у семдзесят зь нечым без запінкі расьпявае іх на памяць і, аднаногі з фронту, тлумачыць унукам, што ўсякая вайна ёсьць проста забойствам, а разумнікі, кшталту вунь сына Косьці, павыдумлялі абы-чаго; вось, нарэшце, бацька Кастусь, зь юначых часоў філфаку знаёмы ці не з паловай Саюзу пісьменьнікаў, пішучы журналіст і паэт, і пасьля ўсяго гэтага, уявіце сабе, — сын у Беларускім Народным Фронце.

Хочацца бачыць тут лёгіку, бо БНФ найлепш сярод усіх астатніх культывуе самае крышталёвае й сьвятое з усіх пачуцьцяў, што здольны даць род: калі бачыш сябе на вяршыні чалавечае гісторыі, грандыёзнае піраміды продкаў, збудаванай у імя цябе, дзе ў тваёй істоце скрозь тысячагодзьдзі сьцінаюцца лініі лёсаў, памкненьні кожнае радаснае душы, адказнасьць за ўсіх сваіх, хто быў і хто будзе, — абуджаюцца нечуваныя сілы, магутнасьці краіны й нацыі скрыжоўваюцца стакроць і ўзносяць думкамі й дзеямі ў вышыню, да Госпада Бога.

Сэнс нават ня проста ў выбуху каранёў нейкага генэалягічнага дрэва; справа яшчэ шырэй і глыбей, чым векавечны напеў, далячыняў смуга. Вось гіганцкі Ўладзімер Арлоў з дрымучым і задуменным, як сама беларуская гісторыя, позіркам, ціхенька распавядае пра Полаччыну, і ўвушшу ўсчынаецца дзіўны ўнутраны гул; вось чытаеш Караткевіча, а ў рытмовых радках з тахтам сэрца ўгадваецца генэтычны сумер глыбінёю ў колькі стагодзьдзяў — і знаеш, студэнт, міжволі пачынаеш адчуваць зямлю пад нагамі ня толькі падэшвамі ботаў. У дзясяткаў юных ліцэістаў з паўабароту на розныя лады чуваць пералівы інтанацыяў тамтэйшых выкладчыкаў-фронтаўцаў; у простых хлапчукоў, што папрыяжджалі ні з пушчы, ні з поля, праз пару дзён працы ўва Ўправе праклёўваецца стараннае вінцукоўскае ціўканьне, ды й самога сябе лаўлю раз-пораз: так і цягне фармуляваць тэорыю, расьсякаючы жэстыкуляцыяй сказы, і тут жа, спорна, узважыўшы на далоні, паказваць, што атрымоўваецца на практыцы, — як гэта робіць Пазьняк.

Сапраўды, усе яны — і інтэлектуал, эўрамоўны паліглёт Баршчэўскі, геній прэзыдыюмаў, настолькі высокалобы, што гэта адразу кідаецца ў вочы; і выкшталцоны Вінцук Вячорка, прынц крыві эпохі Public Relations, які з бляскам можа выканаць партыю на клявішах ноўтбуку проста ў залі паседжаньняў; і клясычны мудрэц Хадыка са сваёй заўсёднай пільнай усьмешкай, фізык, палітык і мастак, прафэсар хрысьціянскай дэмакратыі, што падрыхтаваў у Акадэміі Навук дваццаць дацэнтаў і чатырох дактароў; і Сіўчык Львінае Сэрца, шэры кардынал па справах масавых вулічных выступаў, здольны пралічваць сьмяротныя нумары на ўдых-выдых і дзейнічаць у палітыцы ў рэжыме залпавае сыстэмы «Град»; і па-над усім — полюс непадступнасьці беларускага нацыяналізму, высачэзны Зянон Пазьняк, які і ў Беларусі, і на эміграцыі выглядае, як галівудзкі кінагерой, і ўражвае абсалютнай верай у канчатковую перамогу — увесь гэты зорны ансамбаль даў бы фору любому парлямэнту ці ўраду. Другі такі збор бліскучых асобаў, узаемна-таленавітых і супольна-выбітных, настолькі моцных, калі яны разам, і такіх, па шчырасьці, бездапаможных паасобку, сярод беларусаў на сёньняшні дзень наўрад ці магчымы. Зараз калі ў нацыі раптам не застанецца свае каманды, калі лідэры разыйдуцца хто куды, раскалоўшы Фронт, каб, можа быць, дзесяць гадоў пасьля сэнтымэнтальна сабрацца за горадам на турбазе — гэта будзе сапраўднай катастрофай для цэлага пакаленьня: так легенды року развальваюць найвялікшыя гурты і павяргаюць дзясяткі тысячаў фанаў на ўсё жыцьцё ў шок і дэпрэсію.

Варта згадаць, што ў стратэгічнай барацьбе за краіну, якую вось ужо дзесяцігодзьдзе вядуць між сабою Фронт і КГБ СССР, шалі вагаліся з папераменным посьпехам: БНФ імкліва губляў папулярнасьць, але гэтак жа хутка распаўсюджваў нацыянальна-дзяржаўніцкую ідэалёгію; ахвяраваў ініцыятывай, але выводзіў з гульні і нат набываў буйныя фігуры кіруючае эліты; разьменьваў рэфэрэндум-95 на Вясну-96; тым жа часам Імпэрыя набірала ў колькасьці, але катастрафічна губляла якасьць; захоплівала тэрыторыю, але прайгравала пэрспэктыву — і нават валодаючы сытуацыяй, пралічылася з самым галоўным — з часам.

На гэты раз час стаў рокам для Народнага Фронту. Ёсьць штосьці вечнае, наканаванае й нават, яшчэ дакладней, кананічнае ў тым, як на стыку тысячагодзьдзяў у БНФ сыходзяцца два пакаленьні — старэйшае, вэтэранскае, што не жадае саступіць у прынцыпах, і трыццаці-саракагадовае, талакоўскае, якое ставіць на прадпрымальнасьць і хватку — сыходзяцца са шматлікімі сутыкненьнямі ў суполках, рэгіянальных радах і на выбарчых канфэрэнцыях, з той зацятасьцю й крэхтам, якія адрозьніваюць змаганьне бацькоў і дзядоў на вачох у моладзі. Несумненна, змаганьне гэтых і тых ёсьць жыцьцём, адно каб яно не падарвала асноваў роду; зрэшты, далейшы лёс нацыянальнага руху прадвызначаецца ўсё ж не зыходам цяперашняга двубою, а тым, ці здолеюць сыны, Малады Фронт, спалучыць досьвед і загартоўку вэтэранаў з учэпістасьцю й абароцістасьцю талакоўцаў, і, што яшчэ важней, узьняцца да самае сутнасьці ідэяў Адраджэньня, да веры ў саміх сябе, у краіну, у Бога — толькі тады ёсьць шанец ператварыцца ў трэцяе й апошняе пераможнае пакаленьне.

***

Напрыканцы — наконт таго, чаму пра род Фронту ідзецца менавіта ў «Нашае Ніве». Можа быць, «Ніву» чытае і ня большая частка фронтаўцаў, але, будзьце пэўныя, гэта лепшая частка. Сама газэта, зь яе старамодным фрагмэнтам «НН» 90 гадоў таму», яе нядаўнім элітным арыстакратызмам, які надаваў настальгічнага тону нават самым будзённым публікацыям і расстаўляў прыватнасьці тарашкевіцкага правапісу, як сьвечкі й крышталёвыя сэрвізы, у парадку, вартым лепшых эўрапейскіх цырыманімайстраў; ды нават больш за тое — з простымі рэчамі й простымі словамі пачатку стагодзьдзя ў апошніх нумарох, дзе ў поўны рост выпростваецца клясычная традыцыя — гэтая фамільная бібліятэка нацыі, у адрозьненьне ад урадавых, «радавых» і ўсіх астатніх, зьява настолькі ж глыбока і ўнікальна родавая, як і сам БНФ. Таму ад афіцыйнае сустрэчы «Нашае Нівы» й Фронту варта было б чакаць нечага большага, чым запрашэньня прысесьці, далейшага, не без далікацтва, абмену ўколамі з пачуцьцём уласнае перавагі, ці езуіцкага цкаваньня Пазьняка: абедзьве дынастыі маюць пад сабою такую фундамэнтальную глыбіню, такую легенду, што нават стыль узаемных паводзінаў мае знакавы сэнс; таму больш значнасьці надаецца кожнаму выказанаму слову.

Таму:

Фронтаўцы, родныя мае!.. Чую, як скалануліся многія сэрцы — чытайце, перажывайце, і хай вам баліць, баліць за свой рух і за сваю краіну. Любыя вы нашы, мы вельмі просім вас: пацярпіце яшчэ трошкі. Дзеля падлеткаў, якія глядзяць на бел-чырван-белыя шэсьці, параскрываўшы ад захапленьня раты, дзеля дзятвы, што ледзь навучылася ў садзіку па-беларуску, дзеля дванаццацігадовых дзяўчатак, якіх у школах малодшыя дражняць за «калі ласку» — абдыміцеся, станьце поплеч, не аддавайце на патаптаньне адзіны Беларускі Фронт. Не шукайце ворагаў сярод братоў — фатальны вораг ужо засеў у кожным з нас і паражае род з часоў міжсобных магнацкіх войнаў; гэта мы самі бясконца выракаемся ўсяго сьвятога, дзеля чаго пачыналася Адраджэньне. Загляньма ж у саміх сябе, жахнемся, прачуйма сорам да горкіх сьлёзаў — каб у вымытых вачох азарылася краіна, каб нам убачыць такія шчырыя, мілыя сяброўскія абліччы і нарэшце зразумець, што перамога прыйдзе да нас не зь нянавісьцю, а зь любоўю.

Ліпень 1999 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0