Сяргей Харэўскі

Адрас натхненьня — Фрунзэ, 5

 

Сталы адрас беларускага СП у Менску — вуліца Фрунзэ, 5. Ніякага дачыненьня начальнік савецкай міліцыі, які на кароткі тэрмін заяжджаў у Менск, каб наводзіць тут новы парадак, да беларускага прыгожага пісьменства ня мае. Ня мае ён дачыненьня і да самой гэтай ціхай вуліцы побач з паркам Горкага. Аднак апошніх дзесяці гадоў, калі сталі магчымыя перайменаваньні вуліц, нашым літаратарам не хапіла, каб зьмяніць свой адрас.

Пад час будаўніцтва цяперашняга Дому літаратара быў зруйнаваны старасьвецкі будынак, у якім Саюз Пісьменьнікаў месьціўся раней. З тым, старым будынкам, апетым у «Сказе пра Лысую гару», зьвязаная гісторыя забойства гаўляйтэра Кубэ. Яго зьнесьлі, бадай, ня дзеля таго, каб раскрыць выгляд на кубічны будынак ЦК КПБ, а каб пусьціць з пылам усе ўспаміны пра тую беларушчыну, што тут муляла вока ўладам. І прыдумалі адсунуць літаратараў аж на другі бераг Сьвіслачы, схаваць у засені былога Губэрнатарскага саду.

Вуліца, на якой сёньня стаіць Дом літаратара і якая носіць імя Фрунзэ, звалася колісь Шпітальнаю. Тут, крыху вышэй, ёсьць будынак колішняга вайсковага шпіталю, у якім цяпер месьціцца вайсковая пракуратура. Гэта самы стары будынак на гэтым баку Сьвіслачы, пабудаваны яшчэ ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя дойлідам Марконі. Тут расейскія карнікі падлечваліся пасьля сечаў з нашымі касінерамі. Па апошняй вайне шпітальны комплекс «палепшыў» маскоўскі мэтар Гусеў, які зруйнаваў старасьвецкія брамы з агароджаю ды прыляпіў да фасаду калёны. Ён жа будаваў побач і гасьцявыя дамы для высокіх візыцёраў, за высокай агароджаю. Памятаю, я запытаўся некалі ў ахоўніка-міліцыянта: «Ці можна вам задаць пытаньне?» «Так», — адказаў ён. «Вы ня скажаце, што гэта за дамы?» «Не»... Зрэшты, усе менчукі ведалі, што тут гасьцявалі са сьвітамі Хонэкер, Гусак, Кастра ды савецкія генсекі.

Тады ж, па вайне, і перайменавалі вуліцу, хоць яна ніякім чынам з бальшавіцкім героем не зьвязаная. «Побыт у Менску быў для мяне чымсьці накшталт ваеннай акадэміі», — згадваў Фрунзэ, які ўсталёваў тут чырвоны лад і змагаўся зь беларушчынай. Чамусьці літаратарам не прыйшло ў галаву перайменаваць гэтую вуліцу. Вось і стаіць іхны Дом на рагу Румянцава ды Фрунзэ, насупраць парку Горкага. І належыць цяпер ня ім, а прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Новы Дом літаратара, які з фасаду выглядае як разгорнутая кніга, запраектаваў архітэктар Грыгор’еў. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам, тады галоўнага архітэктара Менску, быў зруйнаваны стары Дом літаратара, а крыху раней — і старажытная Няміга. Варта згадаць, што і падземныя пераходы менскага мэтро, у тым ліку і на Нямізе, былі распрацаваныя пад кіраўніцтвам усё таго ж Грыгор’ева.

Між іншым, пасьля гэты самы Грыгор’еў стаў архітэктарам у Маскве. Але гэта так, да слова.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0