Алесь АРКУШ

Прызнаная без чаргі

Развагі пасьля прачытаньня паэтычнага зборніка Надзеі Салодкай «Восень, ціха сыходзіць...»

 

У Беларусі часам пачуеш, што задужа багата ў краіне паэтаў. Пішуць і пішуць. Бяз продыху. Усе рэдакцыі заваленыя стосамі вершаванай прадукцыі. І нават цяжкі эканамічны крызыс апошніх гадоў не суняў паэтычнага сьвербу беларусаў. Адны тлумачаць гэтую зьяву як доказ песеннасьці нацыі. Другія — як праяву падсьвядомага супраціву зьнішчэньню беларушчыны: маўляў, душа баліць і знаходзіць адхланьне ў творчасьці.

Але я ня веру ні першаму, ні другому. Бо ведаю, зь якой упартасьцю, а часам і нахабнасьцю, патрабуе большасьць беларускіх вершапісцаў прызнаньня. Беларусы маюць вялікі комплекс непаўнавартасьці. Яны як бы абдзеленыя людзі. Усё ў іх ня так. Кожны гэта падсьвядома адчувае і імкнецца пазбавіцца прыкрага комплексу — абы толькі неяк набыць значнасьць у вачох іншых. Прачнуцца аднойчы знакамітым, шчасьлівым, заможным, паважаным. Адзін са шляхоў — стаць другім Петрусём Броўкам. І вуліцу назавуць у твой гонар, і музэй адкрыюць на радзіме. За такое шчасьце варта пазмагацца. Або паспрабаваць купіць за кумпячок ад уласнага кабанчыка ці мядком падмазаць.

Рэдакцыі ўсіх дзяржаўных літвыданьняў дзень і ноч знаходзяцца ў аблозе. Бярэмы вершаў гадамі пыляцца ў вечнацяжарных тэчках аддзелаў паэзіі. Пры гэтым большасьць «штурмавікоў» сталічных рэдакцыяў не прызнае рэгіянальных выдавецкіх ініцыятываў. Вядома, яны мараць аб усяленскіх маштабах (ці можна дамагчыся славы, адціснуўшы саматужную брашурку дзесьці ў Бешанковічах?).

Полацкая паэтка Надзея Салодкая за сваё жыцьцё, а ёй ужо за пяцьдзясят, толькі некалькі разоў друкавалася ў сталіцы. Таму ў цэнтральным друку сёньня можна прачытаць пра яе «маладосьць» (а ўзгадваць паэтку пачалі з тае прычыны, што кампазытары, найперш Леанід Захлеўны, цяпер актыўна пішуць песьні на яе вершы). Гэта жанчына цяжкога, пакручастага лёсу. Працавала машыністкай у полацкай гарадзкой газэце. Па інваліднасьці выйшла на пэнсію. Менавіта яна дапамагала ўзьнімацца на крыло полацкім пісьменьнікам прызыву 80-90-х гадоў. Бо практычна ўсе кнігі прыдзьвінскага пэрыяду Ўладзімера Арлова, Лявона Баршчэўскага, Сержука Сокалава-Воюша, Якуба Лапаткі і іншых прайшлі праз сп. Надзею. Хто карыстаўся яе паслугамі, заўжды адзначаў для сябе высокую кваліфікацыю сп. Надзеі (ведаю, прывозілі да яе рукапісы і зь Менску). Н.Салодкая ня толькі дакладна перадрукоўвала самыя нечытэльныя крамзолі (плады начнога натхненьня), але й часта рэдагавала тэксты. Але ніхто ня ведаў, што Надзея Стэфанаўна неўзабаве сама пачне пісаць.

Некалькі гадоў таму нечакана зьявіліся першыя вершы Н.Салодкай (гэтак жа нечакана, напрыканцы 80-х, зьявіліся вершы ў наваполацкім «Хіміку» Валянціны Аксак). Дзяржлітвыданьні паставілі «маладую паэтку» ў агульную чаргу. Мэханізм нараджэньня творцы быў запушчаны. Вось толькі сама паэтка не згадзілася чакаць 2-3 гады да першай публікацыі ў часопісе (дарэчы, публікацыі гэтай яшчэ не было). Летась яна прадала сваё лецішча, набыла кампутар і пачала самастойна рыхтаваць свае (і іншых палачанаў) паэтычныя зборнікі. Цяпер зноў вакол спадарыні Надзеі віруе полацкае культурніцкае жыцьцё. Тут рыхтуецца да друку часопіс «Калосьсе».

 

Зноў мяцелі гуляюць белыя
Па пагорках, вірах і снах.
Ціха стогне душа збалелая
Ў зашарэлую стынь вакна.
Перашэпты сьнягоў і поцемкаў
Упаўзаюць у цёплы дом,
Па прыступках тупочуць боцікі
Разьвітальнай чужой хадой.
Заручальны пярсьцёнак —
каменем...
З анямелай рукі зьніму
І ўлагоджу дарункам-памяцьцю
Вейна-ятраную зіму.

 

Вершы Салодкай мне нагадваюць творчасьць Янішчыц. Што ня дзіўна — бо і Салодкая, і Янішчыц — паэткі блізкіх гадоў нараджэньня, узрошчаныя ў адзін час. Гэтая паэзія сёньня перажывае эстэтычную крызу. Аб чым прызнаецца і сама Салодкая: «Мне хапае пракорму, бульбянога, цукровага... Зьмест ня мірыцца з формай, ні старою, ні новаю». Яна разумее, што ўчорашні дамінантны паэтычны стыль у айчыннай літаратуры відавочна састарэў. Прыняць новы паэтка ня можа, ня той узрост. Вось у чым праблема.

Літаратура ня можа існаваць толькі ў адным манапольным кантэксьце. Ёсьць рэгіянальныя, ёсьць розныя эстэтычныя... Трэба імкнуцца іх ствараць. І тады агульнанацыянальны будзе шматкроць багацейшы. Вядома, Полацак — вялікі культурніцкі цэнтар, і яму лягчэй. Але чаму нельга будаваць нешта падобнае ў Магілёве, Баранавічах?..


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0