Тацяна СЬНІТКО 

 

Сьвяточная «экскурсія»

Чатырох нашаніўцаў затрымалі на Дзень Незалежнасьці

 

«Затрыманыя журналісты Клыкоўская, Сьнітко і Адамовіч былі выпушчаныя ўначы і прэтэнзіяў да міліцыі ня маюць...»

(Выпуск навінаў «Альфа-радыё», 28 ліпеня)

 

Нас забралі за піва... з малаком. Менавіта гэтыя напоі мы спажывалі на плошчы («за Незалежнасьць!»). Мы прыселі на парапэт мэтро й сталі назіраць відовішча. «Вывад войскаў з акупаванага гораду». З боку рэзыдэнцыі грамадзяніна Л. праехала восем грузавікоў колеру хакі зь людзьмі ў вайсковай форме. Праз хвілін 20-30 пакружылі й зьехалі «ўазікі», «Волгі» з трыма антэнамі, «Жыгулі» з зацемненым шклом і астатнія «браневікі». Мы засталіся адны — апошнія, хто «не разышоўся» зь месца акцыі.

Верагодна, менавіта гэтай думкай і кіраваліся пасажыры чырвонага аўтобуса пад нумарам 43-44 БИМ. Усярэдзіне ягонага салёну красавалася гурба знаёмага жалеза — амонаўскіх шчытоў; паабапал расьсядалі джэнтльмэны з дубінкамі.

Яны й запіхнулі нас акуратна ў салён. Мае чорна-белыя пацеркі — рассыпаліся на прыступках. Ціна і Аля робяць рух, каб сабраць, але я ім забараняю. Не хачу, каб мае сяброўкі поўзалі пад міліцэйскімі ботамі!

Аўтобус зварочвае да Савецкага РАУС. Уздыхаю з палёгкай, бо стаяць дужа нязручна — адзін абцас вісіць у паветры, ззаду ля дзьвярэй — міліцыянт.

— Люба! Мы тут! Нас яшчэ трое! — крычу ў вакно вядомай праваабаронцы Любові Лунёвай.

— Заткнись, сука, разоралась тут! — раве найбліжэйшы міліцыянт. — У камэрах будзеце перастуквацца!

Мы апынаемся ў падвальным паверсе будынку. Зьлева — аддзел тылавога забесьпячэньня, справа — стэнд пад назвай «Кодэкс чэсьці» (тут жа пачынаю вучыць ахоўнікаў парадку мове). У актавай залі за партамі сядзяць чалавек 20, затрыманых пасьля акцыі. Пазнаю «нашаніўцаў» Славаміра Адамовіча й Віктара Корзуна, знакамітую фронтаўку Веру Церлюкевіч, мастака Яўгена Куліка, рок-мэнэджэра таксама родам з «Нашай Нівы» Віталя Супрановіча... Тут жа й Валер Грыцюк з газэты «Наша Ўручча».

— Жыве Беларусь! — гучна вітаемся мы, і нам радасна адказваюць хорам.

Два лейтэнанты на «галёрцы» строчаць рапарты. Трэці вядзе «перапіс насельніцтва». Падхапіўшы авоську з малаком і мінэралкай, уключаю дыктафон і пачынаю ўсім задаваць пытаньні. Але «перапіс» даходзіць да мяне. «Месца працы?» — «Газэта «Ўкраіна молода», карэспандэнт у Беларусі.» Міліцыянт сыходзіць і вяртаецца з двума начальнікамі, а таксама з атачэньнем зь вельмі разьвесялелых калег чынам ніжэй. Рэакцыя на шэсьць затрыманых прадстаўнікоў СМІ прыкладна такая:

— Як, праўда журналісты? (Перабіраюць пасьведчаньні.) Божа, іх цэлая куча! Хто іх сюды пусьціў?! — начальства сыходзіць наверх разам з нашымі дакумэнтамі. Частка іхных падначаленых пачынае падміргваць і распавядае мне анэкдоты. Журналістаў то просяць «пачакаць тут», то загадваюць «пакінуць памяшканьне». Колькі разоў пасьля шэсьцяў нас не пускалі сюды, каб даведацца пра лёсы затрыманых!

— Жанчына, вы не маглі б...

— Не магла б! Такім чынам, дзе Статкевіч? Хто даў загад на затрыманьне мірных людзей?

— Прыбярыце іх адсюль! — крычыць пузаты дзядзька ў цывільным. І пачынае ўсіх «прыбіраць» да выхаду. — Ідзіце адсюль, бо тут уся наша зброя! — чамусьці зьвяртаецца ён да мяне. — Вам нельга каля зброі!..

Самае цікавае, што я вынесла з пастарунку — гэта назіраньні за людзьмі. Нават — адзінае цікавае! Што журналістку, ды яшчэ маці малога дзіцяці, саджаць за краты — як парася стрыгчы, зразумела з самага пачатку. Віску шмат, толку — ніякага. Пакуль нам не вяртаюць пасьведчаньняў (і не пускаюць за парог), тэлефаную дачцэ.

— І праз колькі дзён цябе чакаць? — спакойна пытаецца дачка. — Будуць біцца, то дай ім здачы! — раіць яна.

Выцягваю з сумкі ярка-ружовую памаду і пішу на шкле тэлефоннай будкі: «Жыве Беларусь!» Ніякай варожай рэакцыі, але й пасьведчаньняў ніхто не аддае. Прашу калег на лавачцы лічыць час: кожныя 15 хвілінаў чаканьня — новы лёзунг памадай на сьценах РАУС. У мяне ў сумцы яшчэ адна ёсьць — карычневая! Праз пару хвілінаў мы зноў у падвальным памяшканьні (побач са збройным арсэналам).

— Хлопцы, вы вызначцеся: туды — альбо сюды! — нас амаль 2 гадзіны водзяць па маршруце «падвал — ганак». Любімая фраза аховы, што па адным водзіць паўз нас хлопцаў з Маладога Фронту: «Будзеце перастуквацца ў камэрах».

Урэшце з журналістаў бяруць пісьмовыя тлумачэньні. «Як грамадзянка Беларусі 27 ліпеня я вырашыла адзначыць Дзень Незалежнасьці...» — «Ну-у, Тацяна! Вы хіба не выконвалі прафэсійны абавязак?» Вядома, выконвала, але ж баялася, што ня будзе пра што паведамляць. Цяпер МУС стварыла інфармацыйную падставу: рабяты са шчытамі плюс 6 журналістаў: «От Советского Информбюро»...

— Дапішыце пра грамадзянку, Незалежнасьць і разарваны бранзалет!

— «... который был мне дорог как память», — ловіць маю думку ў палёце малады зеленавокі міліцыянт. Яго зваць Дзімам. Сымпатыі міліцыянтаў, адчуваецца, на нашым баку: лепей мець журналістаў не ў якасьці ворагаў! «С моих слов записано верно, Жыве Беларусь!» Выпраўляю памылкі ў склонах. Міліцыянты раяць у канцы паставіць адзнаку...

З аддзелам пад назвай «ООПП» («Охрана общественного порядка и профилактики») расстаемся даволі цёпла. Што будзе з астатнімі больш як 20-цю «парушальнікамі»? Ніхто ў РАУС «адказаць не гатовы». Цяжка сыходзіць, пакідаючы гэтых людзей тут, і яшчэ цяжэй будзе ранкам пачуць, што 19 зь іх, у тым ліку 11 жанчын, правялі ноч на Акрэсьціна. З актавай залі нёсься ціхі сьпеў хорам. Мілыя людзі, ад вашага сьпеву стала так хораша на душы...

Начальнік «ООПП» на разьвітаньне цалуе ручку. Назаўтра я з упартасьці прынясу яму патрабаваную ім даведку з Кіева, што «сапраўды зьбірала матэрыял» (някепская ілюстрацыя да рэпартажу выйшла!). Сустрэчныя мянты будуць даводзіць, што яны «ня монстры» — адпусьцілі ж, маўляў, учора жанчыну-інваліда. І жанчыну зь дзіцём да 11 гадоў. Будуць выказваць думку, што спэцназ — боты, дубы і ўсё такое, бо дадумаліся затрымаць журналістаў. Будуць казаць брудныя камплімэнты. Прапануюць, трасянуўшы мінулым, напісаць матэрыял пра барацьбу з рабаўнікамі ды злодзеямі. Але калі вы гэтак з намі, дык як тады з астатнімі? І хто ў вас рабаўнік і злодзей?

За наша незаконнае затрыманьне ніхто зь міліцыянтаў так і не перапрасіў. Што да мяне асабіста — дзякуй за сьвяточную «экскурсію»! Але любімага бранзалета Савецкаму РАУС і астатнім прадстаўнікам рэжыму я не дарую.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0