Вадзім КАРЦАЎ

Вайсковая справа й палітыка

 

Пра войска ў нашым нацыяналістычна-апазыцыйна-інтэлігенцкім асяродку згадваюць нячаста.

Няма чаго казаць зь дзьвюх прычынаў: мала хто служыў, каб валодаць тэмай, ды самая тэма не арыгінальная — сэнсацыі ня зробіш. Журналісты, калі й пішуць, традыцыйна абмяжоўваюцца дзедаўшчынай, крадзяжамі армейскай маёмасьці ды высокім працэнтам, паводле статыстыкі, даверу насельніцтва да ўзброеных сілаў як да дзяржаўнай інстытуцыі.

Ну, яшчэ чутны бясконцы сьцёб з разумовых здольнасьцяў і легендарнага нахабства дэмбэляў, прапаршчыкаў і генэралаў: показкі з барадою, як у аднаго вядомага марскога афіцэра-дэпутата.

Цывілізацыя, моцная ейная палова, стагодзьдзямі б’ецца, шукаючы ўнівэрсальныя адмычкі да жаночых сэрцаў. На што купілася б любая? Пра што завесьці гаворку, каб аднолькава мэлядычна пайграць на струнах душы пятнаццацігадовай «цукеркі» й прыгажуні ўдвая-ўтрая старэйшай? Пра гэта — іншым разам, а зараз — пра ключ да мужчынскіх душаў, які даўно вынайдзены, пра вайсковую справу.

Яна яднае ўсіх мужчынаў, незалежна ад ступені іхнае пацыфічнасьці. Толькі кагосьці цягне да практыкі, а камусьці прывабныя адно эстэтыка й рамантыка.

Паталягічна няздатны трымаць у руках аўтамат хлопец-акулярык, патлаты праграмайстра з захапленьнем глядзяць баевікі пра якіх-небудзь камандас. Найпамяркоўнейшы з талерантных адраджэнец, што ўцякае зь мітынгу, толькі ўбачыўшы міліцэйскія дручкі, і сьпяшаецца ў касьцёл прасіць Бога за Бацькаўшчыну, увечары, седзячы з прыяцелямі на варэльні, спакойна разважае пра пляны нэўтралізацыі дыктатара: колькі й дзе павінна быць снайпэраў і сапёраў, з каго павінна складацца й як дзейнічаць група зьнішчальнікаў спэцыяльнага прызначэньня, дзе, на якой трасе, варта закласьці фугасы, а дзе можна абысьціся гранатамётамі.

Мілітарызаваная сьвядомасьць беларусаў ня ёсьць савецкаю спадчынай. Наадварот, генэтычна запраграмаваны ў нас яшчэ з часоў ВКЛ ваярскі дух, бы цьвік у боце, муляў усходняму акупанту, пэрманэнтна цярпеўшаму то масавыя паўстаньні, то геройскія ўчынкі адзіночак.

Самы ваяўнічы ў сьвеце герб — беларускі. Імклівы вершнік, што гатовы зьнесьці галаву любому на сваім шляху, найлепш цвердзіць пра наш баявы характар. Менавіта таму савецкія ўлады мусілі скіроўваць вайсковую энэргію й патэнцыял беларускіх юнакоў у гульні кшталту «Зарніцы». Ня ведаю як дзе, але ў Барысаве, адкуль я родам, у раёне танкарамонтнага заводу, дзе я жыў, ці не палова падлеткаў мелі самапалы — саматужныя пісталеты, якія з аднаго стрэлу разносілі знойдзены дзесьці сьвіны чэрап у ашмёткі.

Як вы лічыце, чаму ў авантурныя інтэрнацыянальныя кампаніі ўцягвалася беларусаў болей, чым якіх іншых з паняволеных народаў? Спытайцеся ў якогась вайскоўца, што засьпеў СА, каго ставілі ў адказныя каравулы, у баявыя дзяжурствы на ракетныя шахты, хто наогул быў найлепшым служакам?

Даводзілася чуць, што беларуская армія сёньня — гэта безнадзейна зрусіфікаваная сыстэма. Маўляў, ня варта нават кранаць яе, бо дарэмна патраціш сілы й час. Адказ упэўнены: нашае войска ў спрыяльны момант стане ўзорам хуткага пераходу да беларускасьці, бо ў сыстэме, збудаванай на прынцыпе безагаворачнага падпарадкаваньня, маючы ўладу, можна правесьці хоць кітаізацыю.

Згадваю, як сам служыў у 94-96-м. Немагчыма перадаць хваляваньне, душэўны ўздым пад час прысягі са зброяй у руках пад нашым сьцягам ды на роднай мове. Сапраўдны інтэлектуальны аргазм наступаў пад час спрэчак на гістарычныя тэмы з зампалітам, капітанам родам з Разані. Памятаю, той даводзіў пра славянскае паходжаньне Вітаўта, бо гэтак было напісана ў дапаможніку па гісторыі, выдадзеным Міністэрствам абароны, па-беларуску, дарэчы.

Гурбы саслужыўцаў прыходзілі глядзець улёткі «Правага Рэваншу», што даслаў Славамір. Уначы, замест таго, каб спаць, разам з адным гомельскім хлопцам мы пісалі ў Фонд Сораса праект стварэньня незалежнае сыстэмы распаўсюду прэсы. А Гермянчук, ледзьве не завалены маімі бяздарнымі армейскімі нататкамі, проста змушаны быў друкаваць сёе-тое ў «Свабодзе». Тэрміновая служба сталася для мяне вышэйшай школай патрыятычнае загартоўкі. Беларускасьць стварала нябачны абаронны кумпал, які не наважваліся парушыць ні «дзяды», ні камандзіры.

Калі ж бязь лірыкі, дык той факт, што нашыя палітыкі абыходзяць вайсковую тэму, ня робіць ім гонару. Марнаваньне магчымасьцяў, элемэнтарная непрафэсійнасьць — сядзець бязь дзела, калі дастаткова проста загаварыць пра армію, каб мільённая мужчынская аўдыторыя адгукнулася.

Трэба, найперш, стварыць сыстэму салідарнай падтрымкі, каб кожны зь беларускамоўных навабранцаў быў надзейна абаронены ад нестатутных адносінаў, галаданьня і авітамінозу. Даслаць ста салдатам па лісьце й блёку цыгарэтаў нармалёвай арганізацыі па сілах.

Сабрацца ўтраіх ды праведаць выходнымі якогась са сваіх у бліжэйшай в/ч, пагутарыць з сэржантамі, занесьці бутэльку начальству — што прасьцей? І ці ж гэта не палітыка? Паралельна трэба весьці агітацыю за скарачэньне тэрміну абавязковага прызыву да шасьці месяцаў. Тады будуць вырашаныя старыя праблемы: нежаданьне й боязь ісьці служыць і дзедаўшчына. За паўгады рэальна авалодаць любой вайсковай спэцыяльнасьцяй, калі гэтым часам не фарбаваць борцікі й не працаваць на лецішчы ў палкоўніка.

Касьцяк войска павінны скласьці прафэсіяналы — 10-20 тысячаў наёмнікаў. У выпадку небясьпекі для краіны — мабілізацыя фізычна здаровых мужчынаў і ўзбраеньне астатняга насельніцтва. Для цывільнага люду можна ладзіць добраахвотныя ваенныя вышкалы на тыдзень-два. Думаецца, ахвочых будзе шмат. Гэта досьвед бальшыні заходнеэўрапейскіх краінаў. Там на армейскіх рэформах павырасталі цэлыя дынастыі палітыкаў.

Вайсковая справа й палітыка — рэчы, зьвязаныя наўпрост. Як той казаў, народ і армія — разам!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0