Забраныя скарбы

Паводле новага расейскага закону беларусы праз 55 гадоў пасьля вайны апынуліся па-за межамі антыгітлераўскай кааліцыі

 

20 ліпеня Канстытуцыйны Суд Расеі прызнаў, што краіны, якія не ваявалі на баку фашыстоўскае кааліцыі ў апошнюю вайну, маюць права прэтэндаваць на вяртаньне культурных каштоўнасьцяў, якія пакуль перахоўваюцца ў Расеі. Адначасова абумоўлена, што саюзьнікам фашыстоўскае Нямеччыны нічога вернута ня будзе.

Суд разрашыў канфлікт паміж Дзярждумаю і Ельцынам. Расейскі парлямэнт прыняў гэты закон яшчэ ўвесну 1997 году. Ельцын спыніў ягонае дзеяньне. Аднак і Дзярждума, і Савет Фэдэрацыі адмянілі гэтае вэта. Ізноў Ельцын адмовіўся падпісваць, спаслаўшыся на парушэньне рэглямэнту пры прыняцьці закону. Аднак, насуперак ягонай волі, закон уступіў у сілу 6 красавіка 1998 году. І Канстытуцыйны Суд абавязаў Ельцына яго падпісаць. Загнаны ў кут, расейскі прэзыдэнт закон аб перамешчаных каштоўнасьцях падпісаў, але адразу вярнуў яго ў той жа Суд, патрабуючы перагледзець, ці ён канстытуцыйны. І вось суд вынес апошні вэрдыкт...

Ідзецца пра тыя мастацкія й культурныя скарбы, якія савецкія войскі забралі на вызваленых ад немцаў тэрыторыях. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што юрыдычна й фактычна саюзьнікамі Нямеччыны былі Аўстрыя, Баўгарыя, Вугоршчына, Румынія ды Славаччына. Паводле новага закону яны не атрымаюць нічога.

Вярнуць усім, у тым ліку і немцам, каштоўнасьці, паабяцаў М.Гарбачоў, што садзейнічала ягонай асабістай папулярнасьці. Ён падпісаў артыкул 16 Дамовы пра савецка-нямецкае сяброўства, дзе гаворыцца пра ўзаемнае вяртаньне каштоўнасьцяў без агаворак. Але апошні савецкі міністар культуры М.Губенка заявіў, што гэта адбудзецца не раней, чым немцы выплацяць СССР 1200 мільярдаў даляраў!

Да справы гэтую дамоўленасьць давёў Ельцын пад час візыту ў ФРН кастрычніку 1991 году. Тады яму прадставілі каталёгі й дакумэнты, якія сьведчылі пра знаходжаньне ў Расеі нямецкіх скарбаў, скрадзеных у вайну. Напрыклад, была разрабаваная самая багатая галерэя Нямеччыны ў Брэмэне і да сёньня ў краінах СНГ знаходзіцца 1778 твораў зь яе. Апроч таго, напрыклад, у Дзяржархіве Расеі выяўленыя 2 мільёны (!) сярэднявечных нямецкіх рукапісаў. У сховах Маскоўскага гістарычнага музэю ляжаць калекцыі зброі нямецкіх кайзэраў. А ў Кіеве, ва ўкраінскім Музэі мастацтва Ўсходу, апынуліся рукапісы й малюнкі Гётэ зь ягонага дому-музэю ў Вэймары. У падвалах, сэйфах ды сховах ад Менску да Баку трэба шукаць 15 тысячаў экспанатаў з Дрэздэнскага кабінэту гравюраў, фонд Саксонскае дзяржаўнае бібліятэкі, скарбы з Вартбурскае збройнае палаты, бясцэнны «Скарб цара Прыама» з Троі, які належаў Бэрлінскаму музэю, а таксама скарбы зь дзяржаўных, царкоўных ды прыватных збораў з усяе Ўсходняе Эўропы.

Рэч у тым, што гэтыя скарбы ня ўведзеныя ў навуковы ўжытак, часта іх ня бачылі нават спэцыялісты. Бо яны — скрадзеныя... Таварышы з Політэхнічнай акадэміі ў Менску, напрыклад, у 1996 годзе на свой розум аддалі назад у розныя краіны трафэйную бібліятэку з аўтографамі й рукапісамі клясыкаў навукі ды літаратуры. Як кралі, гэтак і вярталі... Ніхто тую бібліятэку не пабачыў за 50 гадоў...

У новым расейскім законе краіны былога СССР зусім не фігуруюць. Спробу падпісаць у 1991 годзе дамову ў СНГ пра ўзаемнае вяртаньне каштоўнасьцяў правалілі. Расея адмовілася нават абмяркоўваць гэтую тэму. А ў мэдыях акадэмік Ліхачоў абгрунтаваў расейскія правы на скарбы зь Беларусі, Украіны, Каўказу ды Цэнтральнай Азіі: маўляў, расейцы за іх заплацілі сваёй крывёю, усіх баронячы й адукоўваючы. Таму і новы закон ні да чаго не абавязвае Расею ў дачыненьні да Беларусі. І тое, што рабавалася ў 39-м у Заходняй Беларусі, што не вярнулася з эвакуацыяў, застаецца ў Расеі. А ў нас няма законнае падставы вярнуць, напрыклад, скарбы Магілёўскага музэю, дзе былі ўнікальныя каштоўнасьці з Пампэяў, Грэцыі ды Заходняе Эўропы, Эўфрасіньнеў крыж ды безьліч іншых скарбаў. Парадаксальным чынам мы ў гэтай справе праз 50 гадоў пасьля вайны аказаліся прыроўненымі да немцаў.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0