Зьміцер БАРТОСІК

Фальварак Мігаўка

 

Ёсьць такi рэдкi тып людзей, да якiх пранiкаесься сымпатыяй ужо завочна. Дастаткова нейкай гiсторыі з жыцьця альбо аднаго фотаздымка, i ўжо нiякая розьнiца ў эпохах не адыгрывае ролі. I хай сымпатычны табе чалавек сышоў задоўга да твайго нараджэньня, цябе ўсё адно прывабліваюць тыя мясьцiны, дзе ён жыў i дзейнiчаў. I дзе, дзякуючы ягонай колiшняй прысутнасьцi, усё павiнна быць крыху ня так, як паўсюль. Рукапiсы гараць, людзкая памяць сьцiраецца, але нешта ня можа не застацца. Лягчэй за ўсё назваць гэтае «нешта» аўрай. Але мне здаецца, у нашым выпадку гэта — Беларусь, пра якую мы марым, працягваючы мары й справы тых, хто верыў у яе задоўга да нашага прыходу.

 

З асобаю першага рэдактаравыдаўца «Нашай Нiвы», пасьля — сэнатара польскага сэйму і заснавальнiка Радашкавiцкай беларускай гiмназii я ўпершыню пазнаёмiўся на старонках рамана Якуба Коласа «На ростанях». З той кнiжкi шмат чаго пасьпеў забыцца, але толькi не эпiзод зьяўленьня Аляксандра Ўласава, у Коласавым варыянце — Мікіты Ўласюка.

«Якраз у самы разгар Ясевага ўзьнёслага красамоўства з другiх дзьвярэй высунуўся Мiкiта Аляксандравiч, босы, у адной толькi нiжняй кароценькай сарочцы. Уся яго постаць нагадвала дзябёлую чыгунную тумбу. Нельга было бязь сьмеху глядзець на гэтую амаль зусiм голую фiгуру. Пад носам Уласюка красавалiся навусьнiкi, канцы якiх былi завязаныя на патылiцы. Такi «ўрачысты» выхад рэдактара абразiў эстэтычны густ Яся Лiскоўскага (Івана Луцкевіча. — З.Б.). Нiчога ня кажучы, ён шпарка выйшаў у свой пакой, зьняў са сьцяны адну са старасьвецкiх шабель. Не вымаючы клiнка, пляснуў разоў пару ножнамi па рэдактарскаму заду. Рэдактар нiколечкi не пакрыўдзiўся i толькi сказаў: — Не паненкi ж тут сядзяць! — павярнуўся i пайшоў у свой пакой. Там у яго былi гiры i штанга, i ён прыступiў да гiмнастычных практыкаваньняў, а потым заняўся туалетам.»

Гэты эпізод з раману «На ростанях» узяты зь віленскага пэрыяду жыцьця рэдактара «Нашай Нівы» Аляксандра Ўласава. Колькi пасьля я ні чытаў пра гэтага вусатага велiкана, якi з усьмешкаю пазiрае зь любога фотаздымку, сымпатыi да яго толькi большала. Вось што ўспамiнае пра Ўласава ягоная пляменьнiца Вера Нiжанкоўская. Тут ужо дзея адбываецца ў Мігаўцы — фальварку непадалёк ад Радашкавічаў: «Калi было горача, дзядзька хадзiў у адных шортах (тады гэта была рэдкасьць), а такi волат, як ён, выглядаў досыць арыгiнальна. Нават здаралiся зь iм анэкдоты. Прыехаў нейкi беларус з ваколiцаў Вiльнi й пайшоў зь дзядзькам у сад. Тым часам прыйшоў нейкi селянiн па раду. Яго паслалi ў сад, але ён хутка вярнуўся перапалоханы ды кажа: «Там нейкi голы вар’ят ходзiць, а каля яго, мусi, фэльчар круцiцца i ўсё яго ўгаворвае!» Аднаго разу прыйшла нейкая дзяўчына, i яе паслалi ў сад. Яна пайшла й паклiкала: «Пан сэнатар!» I раптам пачула аднекуль з гары: «Гоп, гоп!» Узьняла галаву, а на дрэве нейкае вялiзнае, праве, голае цела. Ад нечаканасьцi амаль не самлела».

Вёска Мiгаўка, дзе прайшлi апошнiя гады Аляксандра Ўласава, ляжыць адразу за Радашкавiчамi, калі ехаць зь Менску Старавіленскім трактам. Ад шашы да вёскі вядзе грунтоўка, шляхетна абсаджаная таполямi. На гэтыя прысады мiжволi зьвяртаеш увагу як на жывую прыкмету колiшняй, несавецкай тэрыторыi.

Я вельмi шкадую, што ня збочыў на Мiгаўку выпадкова. Напрыклад, напiцца вады, цi купiць малака. Я б усё роўна пагрукаў у самую старую хату. А насустрач мне выйшаў бы стары хутаранiн. Твар, пастава i гаворка якога ўсё роўна прымусiлi б мяне затрымацца ў Мiгаўцы крыху долей, чым толькi для каштаваньня вады зь мясцовае крынiцы. Карэнная беларуская шляхетнасьць, не прыдбаная з кнiжак, а перададзеная з крывёй, адклiкалася ў кожным позiрку, жэсьце ды слове прыгожага чалавека зь нямецкiм прозьвiшчам Шнэйдэр i беларускiм iмем Мiхал. «У Беларусi, — ён сказаў, — не прынята па отчаству».

— Уласава? Вядома, памятаю. Росту прыкладна — мэтар дзевяноста. Сама яго рука — далонь узяць — дык нармальнага чалавека слажыць дзьве даланi. Сiлiшчы быў незвычайнай. Памятаю, рэзалi бярвеньнi на дошкi. Козлы былi высачэнныя. I калi трох парабкоў не маглi калоду падняць туды, дык ён кажа: «Вы адыдзiцеся, хлопцы». I адзiн закiнуў тую калодку. Жыў ён вунь на тым узгорку. Хата была прыкладна дзесяць на чатырнаццаць. Але на ўласны конт эканамiчаскi ня быў заiнтарасаваны. За свае крэўныя ладзiў вечарыны, пастаноўкi. Каб, ну як гэта сказаць, мець задавальненьне сабе й сялянам. Прама на ўласным падворку. Як апранаўся... Ён не любiў гальштучка. Кашуля там прырасшпiленая, цi жакетка. Яго за гэта не любiлi некаторыя памешчыкi, за гэтую «паказуху». За гэты стыль адзежы, сялянскi. Хоць усе гiмназii, каторыя на тэрыторыi Беларусi iснавалi, былi пад ведам яго. Тое, што ў яго ў мысьлях было, тое і ў практыцы рабiў. Калi яго забралi ў трыццаць дзявятым... Тады кожны глядзеў, каб на высылку не папасьцiся, цi каб уночы не прыехаў варанок. Мы й да iх прыходу ведалi, чым пахне сталiнская свабода. А як яны перайшлi гранiцу, мы ўсе былi падаўлены маральна. Хто хадзiў пад гальштучком, дык пачалi скiдаць.

Я слухаў колiшняга сына арандатара, колiшняга варшаўскага студэнта, падпiсанта «Ле Фiгаро», стажора ў гiтлераўскай Нямеччыне. Колiшняга сталiнскага вязьня, колiшняга пчаляра. I заўсёднага беларуса. «Вы не сумуеце па тым шчасьлiвым часе?» — «Па часох сумуюць толькi няверуючыя». Я яму паверыў. На разьвiтаньне стары мне пацiснуў руку. Поцiск рукi быў нечакана моцны для чалавека такога веку. Міхалу Шнэйдэру 84.

Аднаго я зразумець ня мог. Стары мне расказваў, што ў Мiгаўцы цудоўна ведалi пра парадкi па той бок мяжы. Уцекачоў са сталiнскага раю з кожным годам большала. Дык няўжо Ўласаў не даваў iм веры? Цi, можа, хавацца й панiкаваць было не ў ягоных правiлах? Вось, як выглядае фатальны верасень ва ўспамiнах Веры Нiжанкоўскай: «17 верасьня 1939-га, калi ў Радашкавiчы прыйшла Красная Армiя, ён прыйшоў да мяне поўны энтузiязму, маўляў, вось калi ён будзе пiсаць i друкавацца як эканамiст! Аляксандар Мiкiтавiч паехаў у Маладэчна прапанаваць свае паслугi ў рэдакцыю тамтэйшай газэты. Стуль яго накiравалi ў НКВД на зацьверджаньне, як супрацоўнiка. У НКВД яго папрасiлi напiсаць аўтабiяграфiю. Дзядзька на 17-ці старонках апiсаў усе свае заслугi ў беларускiм i рэвалюцыйным руху... З НКВД ён ужо ня выйшаў i, здаецца, напiсаная iм аўтабiяграфiя фiгуравала як акт абвiнавачаньня... Калi жонка вазiла яму ў Маладэчна падаянкi й пыталася ў турэмнага вартаўнiка, цi здаровы ейны муж, той адказваў: «Такi вялiкi, вусаты? Дык жа ад ягоных расказаў рагоча ўся камэра!»

Я ўзьняўся на той пагорак, дзе стаяць ужо іншыя пабудовы і толькі старыя дрэвы нагадваюць пра абрыс былое сядзiбы заснавальнiка «Нашай Нiвы». Адна карцiна прамiнулага часу намалявалася маёй фантазіяй так ярка, нібы я быў сьведкам. Летняе зьмярканьне. Ружовае беларускае сонца паволi хаваецца ў заходнiх лясах. Зь вялiкага падворку пана сэнатара ва ўсе стораны разносiцца «Чаму ж мне ня пець». Падтрыманая гаспадаром дому, песьня сьпяваецца лёгка, на поўны голас. Каб песьню гэтай зямлi на гэтай зямлi чуваць было як мага далей па абодва бакi мяжы. Польскiя памежнiкi на хвiлю адарвалiся ад прэфэрансу, расейскiя жаўнеры, парушаючы правiлы маскiроўкi, закурылi папяросы. Да верасьня засталося ня так i шмат часу. Але ўсiм здаецца, што песьня будзе гучаць бясконца. «Калi ў нашай хатаньцы парадак iдзець»...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0