02.08.1999 / 13:00

100 твораў мастацтва ХХ ст.: Кастусь Харашэвіч. Пасьля навальніцы

№ 17 (138) 1999 г.


 100 ТВОРАЎ МАСТАЦТВА ХХ СТ.

 

Кастусь Харашэвіч.
Пасьля навальніцы

 

Палотны Кастуся Харашэвіча «Паўстаньне нарачанскіх рыбакоў» ці «Выступленьне Браніслава Тарашкевіча перад сялянамі Заходняй Беларусі» — адны з найбольш красамоўных сьведчаньняў штучнасьці тэмаў накшталт «...пад прыгнётам панскім» у нашым мастацтве. Ну ніяк ня вяжацца постаць Тарашкевіча з роляй «чырвонага» агітатара. А колішні страйк дзясятка рыбакоў на Нарачы ніяк не выглядае на паўстаньне, рэвалюцыю ці на што яшчэ падобнага... Нават пры моцнай афіцыёзнай падтрымцы нічога вартага на змагарныя тэмы пра Заходнюю Беларусь гэтак і не нарадзілася. Але нарадзіліся дзясяткі розных палотнаў, у якіх мастакі ставілі перад сабою чыста жывапісныя, фармальныя задачы і пры тым апэлявалі да нацыянальнай сьвядомасьці гледача.

...Сьляпучыя блікі на нарачанскіх хвалях, стракатыя пісягі на вопратках і рыбацкіх сетках, а недзе збоку йдзе сабе польскі паліцыянт... Каб не імпэтны палітычны назоў, гэтае палатно можна было б разглядаць як імпрэсіяністычны экспэрымэнт мастака, блізкі па манеры да расейца Каровіна ці паляка Міскага. І тады палатно мела б іншую трактоўку. Аднак Харашэвіч падкрэсьлівае гістарычнасьць жанру й зьвяртае ўвагу гледача на спэцыфіку нацыянальнай гісторыі, адрознай ад агульнай гісторыі СССР. І насамрэч палотны Харашэвіча ды ягоных калегаў, прысьвечаныя заходнебеларускім матывам, істотна ўплывалі на беларускія пачуцьці. Бо што было, напрыклад, вядома пра Тарашкевіча школьнікам (ды й ня толькі) у 70-я гады?

У 80-я мастак ужо не зьвяртаецца да жанравых кампазыцыяў, пазьбягаючы дыдактычнасьці. Але ён застаўся верны сваім перакананьням мастака-калярыста і беларускага патрыёта. Сюжэты кампазыцыяў Харашэвіча па-ранейшаму прамаўляюць найперш да беларускіх сэрцаў. «Магіла паўстанца», «Дарога ў Гальшаны», «Мой родны кут...». Адны гэтыя назовы выклікаюць у нас асацыятыўны шэраг з рознымі матывамі ў беларушчыне.

Ягоная жывапісная манера тымчасам, набіраючы досьведу, набрыняла тымі паўтанамі, адценьнямі й сьвятлом, якія можна толькі адчуць. Бо бачачы іх штодня, мы не надаем ім увагі й не пасьпяваем заўважыць. Як пралятае хмара, адкідаючы сваю цень далёка, далёка перад сабою... Як спаўзае на зямлю прыцемак, за хвіліны ахутваючы ўсё навокал... Ці як з апошнім уздыхам перакульваючы нябёсы, сыходзіць навальнічны вецер...

Палатно «Пасьля навальніцы», напісанае ў 1984 годзе, рэпрэзэнтуе той творчы пэрыяд мастака, калі ім быў ужо выпрацаваны ягоны стыль, адметны й дасканалы. Па-ранейшаму ў ім адчувальны ўплыў імпрэсіянізму, магчыма, пэйзажыстаў — Дэрэна альбо Брака. Але, зважаючы на тое, што Харашэвіч, жывучы ў Маладэчне, сьведама вызнае й вычувае сябе як заходнебеларускі мастак, мы мусім шукаць і іншых крыніцаў ягонага досьведу. Бадай, гэта Рушчыц ды Драздовіч. У некаторых работах гэта прасочваецца ўвачавідкі. Дастаткова параўнаць «Пасьля навальніцы» з Рушчыцавымі палотнамі, прысьвечанымі Багданаву. Гэта і «Гняздо», і «Стары дом» ды іншыя.

Аднак ідзецца не пра прамыя цытаты ці беспасярэдняе паслугоўваньне Рушчыцаваю манераю пісаць. Справа менавіта ў вычуваньнях. У повязі абодвух мастакоў з тым атачэньнем, у якім яны стваралі...

Не зважаючы на невялікі памер гэтага халста Харашэвіча, гэта манумэнтальная рэч. Гэткі эфэкт дасягнуты маніпуляцыяй з прапорцыямі неба й зямлі. Неба заўсёды большае.... А таксама пералікам рознапамерных аб’ектаў: дрэвы, дамы, шпіц званіцы, высачэзная й танюткая антэна. Яны зьнітоўваюць па вэртыкалі неба й зямлю, на якой самы маленькі аб’ект — людзі...

Карціна «Пасьля навальніцы» напісана пастозна, шырокімі дэкаратыўнымі плямамі й пабудаваная ў цёплым калярыце. Асноўны вохрыста-умбрысты тон драматычна падкрэсьлены чырвонымі, нібы раскаленае вугольле, плямамі хмызоў на пярэднім пляне ды водсьветам на шатах дрэваў. Рэзкае, памежнае спалучэньне глыбокіх зялёных і чырванаватых фарбаў надаюць халсту вельмі драматычнае гучаньне, адпаведнае сюжэту. І толькі зіхоткі шпіц бажніцы ды сьцяна беленага дому, па якіх ужо сьлізгаюць наноў сонечныя прамяні, уносяць раўнавагу, нагадваючы пра сканчэньне драмы. А лёгкія абрысы людзкіх постацяў, што наўмысна выбіваюцца з агульнага калярыту, зводзяць нас, нібы ў кіно, у наступны сюжэт...

Сяргей Харэўскі


 

Кастусь Харашэвіч (1927, вёска Літва, Меншчына), жывапісец. У 1961 годзе скончыў Менскую мастацкую вучэльню. Цяпер ягоныя творы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане, Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва, а таксама ў прыватных зборах Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Ізраілю.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру