СЛОЎНІК ПАНЯЦЬЦЯЎ

 

Валерка БУЛГАКАЎ

9. Пра этнічную протамасу і палітычную нацыю.

 

У датаваным 1942 годам вершы таленавітага беларускага паэта Алеся Салаўя «За славу Радзімы» маецца характэрны пасаж: «Нас дваццаць мільлёнаў! Сябе не дадзім мы у крыўду навале бандыцкай ліхой». Тут «дваццаць мільлёнаў» — колькасьць этнічных беларусаў на сваіх этнаграфічных землях.

Прайшло пяцьдзясят год, але мала што зьмянілася. І дагэтуль у сваіх разьліках, аналізах, плянах на будучыню зыходзяць з таго, што беларусы — дзесяцімільённы народ, які — дадаюць усё часьцей — жыве ў самым цэнтры Эўропы. З аднаго боку, усё гэта, безумоўна, адпавядае праўдзе. Але з другога боку, па-першае, культурныя і цывілізацыйныя, у адрозьненьне ад геаграфічных, межы Эўропы з Азіяй праходзяць не каля Екацярынбургу, а недзе тут, магчыма, крыху на захад ад Менску, і таму тэза пра цэнтральнаэўрапейскасьць Беларусі траціць усялякі сэнс. У аснове яе ляжыць чыста фармальны геаграфічны крытэр, не падмацаваны якімі-любя глыбейшымі чыньнікамі. Па-другое, ці сапраўды нас дзесяць мільёнаў?

Існаваньне нацыі пацьвярджаецца і вымяраецца ў тым ліку і вырабляным ёй культурным прадуктам, мэтанакіраваным тварэньнем культурных вартасьцяў. Пры гэтым ракурсе беларусы адназначна прайграюць сваім значна меншым паводле колькасьці суседзям — летувісам і латышам. Само сабой насоўваецца наступнае разрозьненьне:

беларусы як этнічная протамаса — лагодныя, рахманыя, спакойныя, ахвотна становяцца расейцамі, палякамі і ўкраінцамі, бесхрыбетныя, збольшага расейскамоўныя, асабліва ў маладзейшых пакаленьнях, задаволеныя, наколькі гэта магчыма, сваім жыцьцём і пануючым палітычным рэжымам, так ці інакш інтэграваныя ў сучаснае беларускае грамадзтва, заклапочаныя перадусім змаганьнем з будзённай руцінай і пошукам сродкаў на існаваньне, акурат пра іх ідзе гаворка, калі фігуруе лічба ў дзесяць мільёнаў;

беларусы як палітычная нацыя — няўрымсьлівыя, бескампрамісныя, апантаныя, зь істотным дамешкам чужой крыві, неспакойныя, часткова беларускамоўныя, угнеўленыя, з устойлівым комплексам адмаўленьня ўсяго таго, што ініцыюе сучасны «антыбеларускі беларускі» палітычны рэжым, пераважна неінтэграваныя ў санкцыянаваныя ім сацыяльныя інстытуцыі, прыцісканыя, уголас заявілі пра сваё існаваньне як палітычнай сілы цягам апошняга пятнаццацігодзьдзя, іх колькасьць прынамсі на парадак меншая за першую групу, што абумоўлівае іхную нязбытную слабасьць.

Ня трэба, аднак, думаць, што паміж гэтымі дзьвюма групамі існуюць вылучна антаганістычныя адносіны. Не, яны нагадваюць хутчэй сыстэму спалучаных судзінаў, і таму перацяканьне з адной групы ў другую аказваецца заканамерным і натуральным.

Алесь Салавей і яго пасьлядоўнікі паказваюць, наколькі глыбока ўкарэненая ў нас вера ў містыку лічбаў і калькуляцыяў і, адначасна, наколькі далёка заходзіць няўважнасьць і пагарда да нярэдка трагічнай рэальнасьці сёньняшняга дня. А гэтая рэальнасьць бязьлітасна сьцьвярджае, што ў цяперашняй Эўропе ўсе без вынятку этнічныя рухі да астачы здадзены ў музэй, а сама Эўропа Нацыяў на нашых вачох ператвараецца ў Нацыю Эўропу.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0