Сяргей ШЫДЛОЎСКІ

Шараі

навэля

 

Аматараў мэнтолавых гісторый зь любошчамі на эўраляндшафце варта папярэдзіць адразу — героі дадзенага аповеду, калі і бавяцца за бугром, дык толькі гандлюючы сьмятанай, і прыгажуні дараць ім часьцей пранцы, чым сваю любоў, і ў жылах іхных цячэ адно піва — цёмнае полацкае піва. Карацей, гэты яйцашчымлівы аповед напісаны для канкрэтных пацаноў, такіх, як мы з табой. І пачынаецца ён ab ovo — з Шарая.

Баяць, што Шарай дастаў у калёніі сухоты, — выглядаў ён сапраўды не жыльцом, калі я сустрэў яго апошнім разам у «Жар-птушцы». Кароль пятай мікрухі дужа апрасьціўся. Нейкая хлюндра, дакалупаўшыся не па справе, ела яго поедам, Шарай жа толькі пярхекаў ды мружыўся. Тут я прасёк — гамон нашай тусоўцы! І як у ваду глядзеў, — незабавам барбосы пачалі шчыміць шараёў на ўсіх цэнтравых танцпляцоўках Наваполацку. Аднойчы іхныя «старыя» падвалілі нават на родны шараёўскі дыскач у восьмай школе, каб паганяць малалетак. Што малалеткі, калі самога Шарая чмарыла на людзях нейкая бухая. У каго верыць пасьля гэтага зайцам прыгараднага дызэля «Полацак—Бігосава»? Палову зь іх зачапіў Аўган, а нехта і адседзеў, але яны дасюль, перабраўшы лішак, б’юць сябе ў грудак ды смарката кляношацца: «Мы бегалі за Шарая!» Даўся ён нам у знакі.

Каб піячыць піва на дывідэнды з гэтай сэнтымэнтальнасьці, ад яго патрабавалася толькі нейкая бадзюлька рэспэкту, але яму ўжо ўсё было да фені, — піўны крэдыт Шараю адкрыла сама сьмерць. Ён памёр акурат па нашай сустрэчы. Прынамсі, была такая дэза — і ёй веру, бо кароль здатны на многае, у тым ліку і на праўдзівую сьмерць.

Дзякуючы гэтай своечасовай кропцы, гісторыя шараёў набыла эфэктную завершанасьць навэлі — аповеду без маралітэ, але з рамантычнай фішкай. Для мяне ж яна і пачыналася як навэля — з пранізьліва прыгожых дэталяў. Памятаю свой першы бінт, якім я спавіваў далоні са сьвінчаткай, захліпваючыся трымцячай тугой, гэтак падобнай на млоснасьць адрынутага каханка, — усе мы заляцаліся тады да сьмерці. Я выбраў самы белы, і ён брыняў пакрысе брунатна-крывавым, як лякмус маіх заслуг перад шараямі.

Упершыню мяне прывёў да іх Лёня — у адрозьненьне ад большасьці шараёўскіх цэнтурыёнаў, ён быў не дзюдаістам, а вадналыжнікам, і да таго ж — габрэем, што сьведчыла ня гэтак аб нашай талеранцыі, колькі аб лёневым таленце ўстаўляць глузды пачынаючым антысэмітам.

Мы сябравалі зь пятай клясы. Нас было пяцёра, і апошнія парты заставаліся за намі аж да самага выпускнога, нягледзячы на паквапы суперных камандачак. Галоўнай нашай бавай былі карты. Калі мы гулялі не на грошы, Лёня папускаў сябе нават перамагаць. За свой аўтарытэт па драбязе ён не мітрэнжыўся, бо заўжды здольны быў на спор падцягнуцца трыццаць разоў. Без рыўкоў.

У пятай клясе Лёня валадарыў подумам хлопцаў нават больш, чымся зеленавокая Марынка, якая аднак узяла рэванш у нашых снах. Яна запанавала ў іх праз шаманства сваіх чырвоных ласінаў, што прывёз ёй бацька з альжырскай камандыроўкі. Яны адразу ж зрабіліся талісманам ейнай рана абуджанай жаноцкасьці. З хлапчуковай паловы клясу толькі Лёня зь ягонай паўднёвай крывёй здатны быў скласьці ёй канкурэнцыю ў аксэлерацыі, і ён ня схібіў, стаўшыся для нас на колькі гадоў стандартам мужнасьці. Апошнюю адзначыла і сама Марынка, якая паменавала яго аднойчы «быкам сьмярдзючым». Экспрэсія ейных словаў сказала майму раненаму сэрцу дужа многа, — я надыбаў нават іржавую штангу, цьвёрда пастанавіўшы зрабіцца калі і ня быкам, то казлом дык напэўна. Але ніякімі трэніроўкамі нерэальна было параўнацца зь Лёнем — клясыкам сярод адмарозкаў.

Значным этапам улёневым анабасісе была адлётная гісторыя зь іконкай, падзеі якой разгортваліся ў падшэфным калгасе — на тле азёрных краявідаў віцебскай западэнцыі. Мы папылілі туды неяк усім клясам на лён. Па прыезьдзе нашую сяброўскую пяцёрку падсялілі да самотнай бабулькі-каталічкі. Яна ўважала сябе полькай, што не замінала мне вучыцца ля яе беларускай мове. Толькі зрэдчас, згадаўшы неспадзевам пра сваю польскасьць, яна хапалася спраўджваць свой небагаты рэпэртуар касьцёльнай пальшчызны. Выявы Маткі Боскай трапляліся ў ейнай хаце гэтак жа густа ды недарэчы, як і кантралёры ў полацкіх аўтобусах. І вось аднойчы, абыходзячы пад ноч зь ліхтаром свае ўладаньні, нашая гаспадыня ўгледзела ў прорвіне ўласнай прыбіральні адну з гэных іконак — пакамечаную і загнюшаную.

Аб ейнай знаходцы зараз жа сталася вядома і нам. Толькі напачатку мы падумалі, што гэта надышоў канец сьвету. Ад таго нечалавечага «і-і-і», якое яшчэ ў прыбіральні пачала выводзіць нашая бабка, — аж шчыміла ў яйцах. На гэтым ультрагуку яна і ўплыла ў хату, трымаючы ў выпрастаных руках загнюшаную іконку. Покуль мы лыпалі вачыма, бабка насунулася на Лёню, нібы адразу ведала, скуль «гарыць». Але насуперак ейным чаканьням серны дым з праклятушчага піянэра-паганіна не шугануў, і скрозь зямлю ён не праваліўся. Шараі траплялі і не ў такія калатнечы.

— Я вам новую на ксэраксе зраблю, — супакоіў цемрашалку Лёня, які адзіны захаваў мэлянхолію ў гэтай гамэрні. Але ўсё сапраўднае яшчэ толькі пачыналася — грознай вястункай кону ўжо трухала да нас на агеньчык куратарка практыкі, прыбраная ў мужніны споднікі. У яе было адмысловае чуцьцё на ЧП. Яна сама была добрым ЧП, але гэтым разам у пасіянарнай натуры куратаркі нешта перагарэла. Ад акрутнай расправы нас выратавалі, мусіць, ейныя кальсоны, якія зашкодзілі гэтай густоўнай тэатралцы закаціць нам сцэну па поўнай хворме. Хортам спыніўшыся на парозе, яна вомігам ацаніла сытуацыю ды, падсекшы бабку за прыпол, вывудзіла яе на двор. Справу загамавалі. Адзіным ейным наступкам была рулька гігіенічнай паперы, ахвяраванай нам самой куратаркай. Але і без выхаваўчых размоваў лёнеў прыкол нас уразіў. Мы амаль і не сьмяяліся нават — хіба самую крышку, каб толькі падтрымаць сябра. Але нашага спачуваньня ён не зацаніў. А і сапраўды — нічога кепскага ён не надумваў, сумленьня свайго не гвалтаваў і таму шчыра ня цяміў — скуль столькі зьвягі з-за мулкай паперыны.

Брутальная лёнева рэпутацыя склалася зь непаразуменьня. Калі ён прахадзіў аднойчы два тыдні зь зеленкаватай скулінай на носе, — Лёня не выкалываўся, як меркавалі мы. Яму элемэнтарна не хацелася, каб на твары ягоным было рабаціньне ад выціснутых прышчоў. Ён меў паняцьці, быў па-свойму дабрамысным і ўжо напэўна — практычным. Пахібным было б высноўваць асаблівасьці ягонай натуры з нацыянальнасьці, як рабілі гэта за сьпінай шакалы. Лёня быў найперш шараём, а ўжо потым габрэем. Да таго ж ён зьяўляўся яшчэ й вадналыжнікам, а таму зачаста падаў. Праз гэта ён дастаў тры зрушэньні глуздоў, а чацьвёртае атрымаў у маёй прысутнасьці, калі мы каталіся ў лесе на лыжах. Лёня гайсануў з пагорку акурат на сасонку, не зрабіўшы аніводнай спробы адтэрмінаваць чацьвёртае зрушэньне. Часам і ў мяне здаралася нешта падобнае, — калі ты мкнеш на ровары з адхілу, то нейкае пачуцьцё, суроднае дурному сьмеху, змушае цябе падвярнуць не на масток, а ўзьвіцца арлёнкам па-над ручаінай, заціснуўшы ровар паміж каленяў.

На гэтым мае падабенствы зь Лёнем і сканчаліся, — у астатнім ён быў непаўторным. Зрушэньне глуздоў удубальтавала ягоную маторнасьць, дадаўшы яму харызмы, а мэдычная даведка зрабіла яго мабільным, дазволіўшы сыходзіць са школьных заняткаў. Але апошнім ён ня злоўжываў, хоць у яго і здараліся моцныя мігрэні. У падобныя моманты з насяры ягонай кропаў пот, а позірк рабіўся шчымлівым, як у Жучкі. Калі хтосьці спрабаваў яму паспачуваць — Лёня адмахваўся локцем. Гэтак ён і падбіў вока адной спагадлівай практыкантцы-славесьніцы. А была яна прыгажуняй, дылі-дылі-дынь. Чарнявая і яркая. Роза Аляксееўна. Толькі вадзілі ёй трохі пяшчотныя лейтэнанцкія вусікі, а калі верыць Лёню, то і сьпіна ў яе была гэткай жа пушыстай. Толькі Лёня, мусіць, збрахаў. Быў гэты Леанід Юзэфавіч баальшы насьмешнік, — з тых, якія «гы-гы-гы». У Амэрыцы такіх ня любяць.

Але за ўдаваным цынізмам гэты хваравіты хлопчык хаваў добрае сэрца. Новая піянэрважатая ўмомант яго раскусіла:

— Вам ета не ідзёт, Лёня, — сказала яна, паставіўшы яго тварам да клясы.

— А каму цяпер лёгка, — азваўся ён, каб неяк падтрымаць душэўную размову.

Вось такі ён — Лёня — шараёўскі цэнтурыён. Па сканчэньні школы шляхі нашыя на колькі гадоў разышліся. Калі ж я вярнуўся пасьля вучобы дахаты — ужо з унівэрсытэцкім дыплёмам, у шараёўскіх нератах многае зьмянілася. Завітаўшы неяк да Лёні, я ўбачыў над ягоным мыйнікам каляровую выяву прадсядацеля з Гарадца. Як патлумачыў Лёня, шклоўская энэргетыка дужа дапамагала яму пры алькагольных атручэньнях. Маўляў, дастаткова толькі нахіліцца над тым мыйнікам, пакласьці два пальцы на глянды, гледзячы пры гэтым у чэсныя вочы прэзыдэнта, — і ўвесь вячорашні воцат зь цябе долу. Пасьля чаго можна прадэзынфікаваць страўнік новай порцыяй прэзыдэнцкай.

Лёня, мусіць, задужа гэтым злоўжываў, бо нягледзячы на ягоны статус вечнага студэнта, яму не далі давучыцца і перад самым выпускам адлічылі з полацкага «інсьціку». Намёк лёсу ён зразумеў правільна і ўборзьдзе зьехаў на гістарычную радзіму.

Няма цяпер каму займацца інтэрнацыянальным выхаваньнем шараёў. Мы падрасьлі — узбуйнеў і наш страх, які змушаў нас колісь зьбівацца ў зграі. Мы і зараз паасобку ня ходзім, — частка шараёў паказачылася пад ачолай нейкага атамана з патомных школьных ваенрукоў, нехта з найбольш пасіянарных ваюе зь мянтамі Лукі на менскіх праспэктах, а хтосьці — з самых практычных — атабарыўся з «брыгадай» на трасе «Масква—Берасьце». Часам за кухлем цёмнага мы спатыкаемся ў півярні і тады любім спамянуць, як нам бегалася за Шараём. Гэтыя згадкі — мо апошняе, што нас цяпер зьвязвае. Але хіба гэта замала — адна на ўсіх баёвая маладосьць, унесьмярочаная Шараём, які сваёй сьмерцяй сьмерць зьняхаіў, уваскросшы на новае жыцьцё ў нашых бяседных показках.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0