Што такое тыповы прадукт часоў глябалізацыі, і з чым яго ядуць?

Па‑ангельску «вялікая восемка» пазначаецца «G8». Great Eight. Коратка і зразумела. Гатовенькі брэнд, бяры і рэгіструй. Аднак адказнасьць тут вялікая: назва вымагае адпаведнай павагі да найлепшых традыцыяў краінаў, якія складаюць элітны клюб супэрдзяржаваў. Як ні круці, а яны прадстаўляюць 65% сусьветнай эканомікі. Як мог бы выглядаць ды смакаваць прадукт, выраблены пад маркай «G8«?

Сыравіну для прадукту мусяць здабываць афрыканцы, атрымліваючы за сваю цяжкую працу горкія капейчыны. Потым дацкая ці нарвэская мэга‑карпарацыя па грузаперавозках будзе дастаўляць сыравіну ў цэнтральны Кітай, дзе 12‑гадовыя дзеці будуць упакоўваць паўфабрыкат «G8« у слоікі, вырабленыя на іншай кітайскай фабрыцы, якая шчодра адорвае атмасфэру вуглекіслатой са сваіх комінаў. Прамоцыю прадукту будзе рабіць міжнародная сеткавая рэклямная агенцыя, прэзэнтуючы «G8» як надзвычай карысны для здароўя прадукт, выраблены з захаваньнем усіх правоў працоўных ды з павагай да навакольнага асяроддзя. Правы на гандлёвую марку, натуральна, мусіць мець амэрыканская карпарацыя. Аднак у Амэрыцы будзе знаходіцца хіба што хмарачос з топ‑мэнэджэрамі кампаніі, а таксама ўправа дабрачыннага фонду «G8‑дапамога», галоўнай задачай якога будзе палегчыць жыцьцё жыхароў трэцяга сьвету, каб, нарэшце, кожны зь іх меў дастаткова грошай на слоік‑другі недасяжнага і непаўторнага прадукту пад маркай «G8».

А хто ж будзе спажываць гэты загадкавы «G8»? Cярэднестатыстычны эўрапеец, амэрыканец ці японец, які набывае «G8» таму, што ён недарагі, нізкакалярыйны ды дае, як сьцьвярджаюць прэс‑рэлізы, годную працу мільёнам людзей у Азіі ды Афрыцы. Каштаваць слоік «G8» будзе 1 эўра, зь якіх 95 цэнтаў атрымюць тыя, хто робіць прадукту маркетынг, а 5 цэнтаў – тыя, хто яго вырабляе. У Беларусь будуць масава завозіцца падробныя копіі «G8« і прадавацца на прадуктовых кірмашах. Арыгіналы можна будзе адшукаць у «прэстыжных крамах» – з падвойнай, а то й патройнай нацэнкай.

Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, то слоікі «G8« будуць сапраўды вартыя насіць налепкі з гэтым высокім імем.

(Заўв. Рэд.: прадукт «G8» – чыстая прыдумка. Любыя супадзеньні выпадковыя)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?