ЛІСТЫ Ў РЭДАКЦЫЮ


 

У Ракуцёўшчыне — свой Мірон

Штогод у Ракуцёўшчыне, што каля Радашкавіч, дзе нейкі час жыў Максім Багдановіч, праходзіць сьвята паэзіі «Ракуцёўскае лета». І на гэты раз людзей электрычкаю прыехала шмат. Швэндаліся сярод усіх, крыху апусьціўшы галовы, мясцовыя міліцыянты. Ім, відаць, было ніякавата — ня справіліся са службай — не зьнялі і сёлета з высозазнай вышкі бел-чырвона-белы сьцяг, які быў на ёй вывешаны ноччу мясцовым Міронам. Прыяжджалі нават пажарнікі, але і яны ня справіліся. Людзі паглядалі на штандар і радаваліся, што ён будзе вісець на вышцы не адзін дзень, а гэта ўжо хоць нейкая, але перамога над часам, у якім мы жывём. Акрамя ўсяго, і моладзь сьмела хадзіла ў Ракуцёшчыне зь вялікім бел-чырвона-белым палотнішчам, нібы напамінаючы ўсім, хто ТУТ гаспадар.

На жаль, хоць і цягнулася сьвята паэзіі амаль тры гадзіны, але асабліва ня ўразіла прысутных. Праўда, гучалі са сцэны, што каля Максімавай крыніцы, і прамовы, і вершы, і песьні, але «Жыве Беларусь» прагучала толькі адзін раз, пасьля «Пагоні» Багдановіча.

В.А.

 

Юбілей Уладыкі Мікалая

18 ліпеня парафія БАПЦ Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта адзначала 45-я ўгодкі сьвятарства й 30-я ўгодкі япіскапскага сану Дастойнага Мітрапаліта, Першаерарха БАПЦ Уладыкі Мікалая.

Урачыстасьці пачаліся з раніцы ў царкве багаслужбай. Пасьля гімну «Магутны Божа» вернікі перайшлі ў залю, дзе адбылася сьвяточная застольная бяседа пад кіраўніцтвам старшыні парафіяльнай рады Аляксандра Бушкевіча. Парафіяне шчыра дзякавалі Ўладыку. Пакуль ня стаў япіскапам, ён 15 гадоў працаваў на фабрыцы і служыў адначасова ў царкве. «Многія лета» Ўладыку Мікалаю!

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта

 

***

Вельмі спадабалася стылізацыя падачы кароткіх паведамленьняў на першай паласе. Неяк няпэўна выглядае другая паласа. Думаю, што «Лісты ў рэдакцыю» павінны займаць ня менш як палову гэтай старонкі. Рубрыка «Гутарка» ладная. Але варта прыцягваць шырэйшае кола суразмоўцаў, а ня толькі людзей, зьвязаных з палітыкай (хоць мы ўсе зьвязаныя з гэтай бабай). «Люстра Дзён» — тое, што трэба. Толькі б варта дадаць нешта кшталту «Весткі з усіх куткоў Беларусі». Няблага было б, каб храналягічныя рамкі рубрыкі «Тэма» былі распашыраны й на ранейшыя часы, а не на адно нашае цікавае стагодзьдзе. Рэфлексіі Адамовіча пад любою рубрыкай — заўсёды супэр. Нешта даўно Вы не друкавалі ягоных вершаў. Нясьцерпна чакаем. Новаўводзіна — паласа «Навука», мякка кажучы, насьцерагла. Баюся, што пра навуку будзе пісацца неяк не па-нашаніўскаму ці што... Ня ведаю. Старонка «Гісторыя» ці «Эпізоды гісторыі» мусіць быць, але больш яскравейшай, узроўню «Фальсыфікатаў...» Генадзя Сагановіча. «Варштаты» безумоўна лепшыя за «Грамафон». Наконт «Культуры» і «12» ніякіх заўваг ня маю. Можа толькі — друкаваць купон бясплатнай прыватнай абвесткі так, каб выразаўшы яго, не папсаваць тэкстаў на старонцы «Культура». Зьбіраю я бо «НН» у падшыўкі.

Сяргей Балахонаў, Гомель

 

Бедныя, бо забылі, што беларусы

Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны распаўсюдзіла Зварот да беларускіх рабочых. У Звароце наўпрост выказаная думка пра тое, што на чыёй мове ты гаворыш, той краіне і ідзе даход ад твае працы. Калі задумацца, дык яно так і выходзіць. Гаворыш па-расейску — непасрэдна расейскім інтарэсам і служыш, умацоўваеш Расею, тады як сам жывеш бядней. Думаеш, што гэта ня так, што і тут, у нас — Расея? А вось жа гэта вялікі падман. Пачытай зварот ТБМ:

 

«Мы зьвяртаемся да ўсіх вас разам і да кожнага пэрсанальна: да цябе — сьлесар і да цябе — электрык; да вас — рамонтнікі, наладчыкі, зборшчыкі; і да вас — будаўнікі, чыгуначнікі, шахцёры; мы зьвяртаемся да тых, хто сёньня стаіць ля станка і штурвала ці сядзіць перад экранам кампутара, хто сваёй працай стварае дабрабыт народа, краіны і свой асабісты, але з кожным працоўным днём не багацее, а наадварот, становіцца ўсё больш і больш бяднейшы. Так будзе да таго часу, пакуль вы ня ўспомніце, што вы — беларусы і што жывяце ня дзе-небудзь, а тут — у Беларусі.

Паглядзіце на літоўцаў, эстонцаў, палякаў, чэхаў ды іншыя народы, якія 10 гадоў таму былі аднолькавыя зь беларусамі жабракі. Але цяпер яны з кожным днём багацеюць, а беларусы — бяднеюць. Чаму? А таму што яны жывуць і працуюць на сваёй роднай мове, а значыць — для сябе і сваіх народаў.

Беларускую мову ўлада выгнала са школаў, фабрык і заводаў для таго, каб вашы дзеці і вы не адчувалі сабе гаспадарамі сваёй зямлі, а вынікі вашай працы каб належалі ня вам, а суседу, на мове якога вам цяпер вызначылі жыць і працаваць.

Дарагія сябры!

Вяртанне да роднай мовы — гэта шлях да незалежнасці, а значыць — шлях да вашага дабрабыту. Жывіце, працуйце, размаўляйце, вучыце сваіх дзяцей па-беларуску, патрабуйце гэтага ад свайго начальства і ад уладаў Беларусі!»


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0