Весткі зь Літвы


 

Дзякуй Богу, развалілі калгасы

Яшчэ й цяпер у нас у Беларусі пачуеш, што літоўцы развалілі калгасы, вось цяпер і мучацца. Ажно хто мучаецца, а хто не, хутка зразумее той, каму выпадзе наведаць літоўскую краму, дзе вочы разьбягаюцца, а пра чэргі й дэфіцыт мала хто памятае. Гэта ў нас з калгасамі ўсё ў парадку, ідзе бітва за ўраджай ды праводзяцца сэлектарныя нарады на найвышэйшым узроўні. У Літве, ня менш аграрнай за Беларусь, у тэлевізары ўжо даўно не гавораць ані пра надоі, ані пра прывагі. Затое можна пачуць пра візыт міністра гандлю РБ Пятра Казлова, які з дэлегацыяй наведаў Вільню на мінулым тыдні. Беларусь мае «канкрэтную мэту», сказаў Казлоў, закупіць у Літвы вялікую колькасьць сельскагаспадарчай прадукцыі, асабліва мяса і малака, а таксама збожжа, мясных і малочных кансэрваў... Памятаецца, за савецкім часам Беларусь і Літва вялі між сабою сацыялістычнае спаборніцтва ў сельскай гаспадарцы. Жылі тады беднавата і мы, і яны. Пасьля яны разьвіталіся з сацыялізмам, мы — не. А цяпер самое жыцьцё называе пераможцаў у спаборніцтве.

 

Самагубцы

Няма ў Літве ні рэвалюцыі, ані бітвы за ўраджай. Цішыня й спакой. Дык некаторыя літоўцы сумуюць — мо з-за гэтага так шмат людзей робяць сабе сьмерць. 2 ліпеня павесіліся ажно дзесяць чалавек. Звычайна, кажуць у прэс-цэнтры МУС, вешаюцца за суткі 3—4 чалавекі. А тут — 10! Штогадовы паказчык — паўтары тысячы самагубстваў. І як ня сумна, Літва ў гэтым ужо пару год — чэмпіён сьвету.

 

Гаркун бегае ў прэзыдэнтуру

Пасол РБ у Літве Ўладзімер Гаркун за мінулы тыдзень ажно двойчы наведаў прэзыдэнтуру, дзе яго прымае дарадца В.Адамкуса Альбінас Янушка. Не сядзіцца паслу з-за таго, што два тыдні таму ў Вільні асеў сьпікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі. А літоўскія афіцыйныя пэрсоны разглядаюць Шарэцкага дваіста — і як турыста, і адначасова — як легітымнага кіраўніка суседняй краіны — пасьля 20-га ліпеня, калі скончылася Лукашэнкава пяцігодка. Тая дваістасьць не дае Гаркуну спакою. А Шарэцкі тымчасам затаіўся ў дамках Таварыства Беларускай Культуры ды робіць сабе там офіс. Указ пра сваё прызначэньне кіраўніком дзяржавы яшчэ не падпісаў.

С.Х.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0