Палiна Сьцепаненка

Судовая драма

 

Скульптар Мiхаiл Iнькоў, дачка якога Марыя загiнула 30 траўня на пераходзе станцыі мэтро «Нямiга», зьвярнуўся ў Праваабарончы Цэнтар «Вясна-96». Я запісала ягоныя словы: «Як можна вызначыць, колькi каштуе жыцьцё чалавека? Колькi, напрыклад, каштаваў бы Марк Шагал, калi б яго ў 15 гадоў задавiлi? У меня здольнае дзiця, мастацкiя здольнасьцi неверагодныя. Лепей, чым у мяне. Дзiця маё задавiлi ў 15 гадоў. Хто вызначыць кошт жыцьця?»

 

5 жнiўня ў судзе Маскоўскага раёну ў Менску адбыўся разгляд грамадзянскага зыску чатырох iсцоў: Нiны Iньковай (мацi Машы Iньковай, 1983 г. н., якая загiнула 30 траўня), Натальлi Навакоўскай (мацi Алеўцiны Навакоўскай, 1983 г. н., якая загiнула 30 траўня), Вольгi Янцовай (мацi Алены Янцовай, 1983 г. н., якая загiнула 30 траўня) i Вячаслава Чабаняна (атрымаў 30 траўня чэрапна-мазгавую траўму). Зыск быў прад’яўлены да Менгарвыканкаму i ГУУС Менгарвыканкаму. Трэцiмi асобамi выступалi арганізатары «сьвята» радыёкампанiя «Мiр», АТ «Алiварыя» i «Класс-клуб Джас-Крафт» (прадстаўнiк апошняга не зьявiўся).

Прадстаўнiкамi законных iнтарэсаў iсцоў выступалi юрысты грамадзкага аб’яднаньня «Прававая дапамога насельнiцтву». Iнтарэсы Нiны Iньковай у працэсе прадстаўляў Алег Воўчак — былы сьледчы пракуратуры, вэтэран вайны ў Аўганiстане. Зусiм нядаўна (21 лiпеня) Алег Воўчак быў затрыманы пасьля народных гуляньняў з нагоды заканчэньня прэзыдэнцкiх паўнамоцтваў Лукашэнкi i моцна (да страты прытомнасьцi) зьбiты ў будынку Маскоўскага РАУСу. Са словаў сьведкаў, мiлiцыянты зьдзеклiва называлi Воўчака «пракурорам», а ў РАУСе пры гэтым гучна грала музыка, каб заглушыць гукi катаваньняў.

На судзе прысутнасьць Алега Воўчака выклiкала агрэсiю ў чыноўнiкаў. Прадстаўнiкi Менгарвыканкаму i ГУУС Менгарвыканкаму выказалiся супраць удзелу Воўчака ў працэсе на падставе таго, што ён быў дэпутатам гарсавету. Судзьдзя Гусакова адхiлiла гэтае хадайнiцтва.

Гэты выпадак мне пракамэнтаваў юрыст Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Валянцiн Стэфановiч:

 

«Прадстаўнiк гарвыканкаму заявiў хадайнiцтва аб адводзе Воўчака, таму што ён быў дэпутатам гарсавету. Ну i што з таго, што ён быў дэпутатам? Ёсьць пералiк у Грамадзянскiм працэсуальным кодэксе асобаў, якiя ня могуць быць прадстаўнiкамi: недзеяздольныя, непаўналетнія i г.д. Але ж там няма такога, што дэпутат гарсавету ня можа быць прадстаўнiком законных iнтарэсаў iсцоў у грамадзянскiм працэсе».

Было вiдавочна, што чыноўнiкi не зьбiраюцца адказваць па законе за сваю злачынную непрафэсiйнасьць. Прадстаўнiк ГУУС Менгарвыканкаму Радомскi заявiў хадайнiцтва аб тым, што слуханьне па грамадзянскай справе павiнна быць перапынена ў сувязi з тым, што ўзбуджаная крымiнальная справа па факце трагедыi 30 траўня 1999 мая, вядзецца сьледзтва, i суд ня можа вызначыць ступень вiны адказчыкаў для таго, каб кампэнсаваць маральную шкоду. Прадстаўнiкi iсцоў адхiлiлi гэтае хадайнiцтва і заявiлi, што суд мае права ў працэсе заслухаць непасрэдна бакi, сьведкаў, высьветлiць грамадзянскую вiну i спагнаць матэрыяльную кампэнсацыю за маральную шкоду. Аднак судзьдзя Гусакова спынiла працэс i пайшла ў «совещательный» пакой.

Перапынак быў доўгi. Заля суда — поўная. Тут i бацькi, і родныя, i сябры загiнуўшых, журналiсты, прадстаўнiкi грамадзкiх арганiзацыяў. Падчас перапынку бацькi паказвалi адно аднаму фотаздымкi сваiх дзяцей, тыя, хто быў незнаёмы памiж сабою — знаёмiлiся. Гучалi пытаньнi: «А ў вас хто? А чыя вы мама?» А яшчэ распавядалi сны... Адна дзяўчынка прыйшла да сваёй мацi i сказала: «Мама, ня плачце па мне, а плачце аб тых, хто патоне ў мэтро!» Такое папярэджаньне. I яшчэ адна дзяўчынка зьявiлася ў сьне i адбылася такая размова:

— Мы ж цябе пахавалi! Дзе ты была?

Не сказала.

— Ты што, пазванiць нам не магла?

— Адтуль нельга пазванiць! — адказала.

— А чаго ты прыйшла?

— Там нясмачна кормяць!

I пайшла ў краму набываць ёгурты. Пасьля гэтага мацi занесла сваёй дачцэ на магiлу ёгурты й цукеркi.

А яшчэ тыя, хто зьяўляецца ў снах сваiм бацькам, кажуць: «Там, дзе мы цяпер, так добра, што нават уявiць немагчыма».

Перапынак скончыўся, зьявiлася судзьдзя Гусакова i абвясьцiла рашэньне пра тое, што немагчыма на сёньняшнi момант вызначыць долю вiны i вiну адказчыкаў, таму разгляд грамадзянскага зыску чатырох iсцоў будзе перапынены да заканчэньня крымiнальнай справы, пакуль зьявяцца яе вынiкi.

Бацькi загiнуўшых дзяцей былi абураныя вынiкам судовага паседжаньня, яны ў чарговы раз пераканалiся, што ўлады наўмысна цягнуць час, каб урэшце абвясьцiць: «вiнаватых няма!»

Гаворыць Натальля Навакоўская:

 

«Напярэдаднi мы азнаёмiлiся са справай i ведалi, што ёсьць такое хадайнiцтва, прапанова ГУУС Менгарвыканкаму аб прыпыненьнi працэсу, таму, тое, што тут адбылося, не было для нас нечаканым. Але мы разьлiчвалi на чыста чалавечыя пачуцьцi i адносiны судзьдзi. Таму што кожны судзьдзя можа прыняць сваё ўласнае рашэньне. Але вы бачыце, якiя былi прадстаўнiкi — чыноўнiкi Менгарвыканкаму — iм усё чалавечае чужое. Яны ня хочуць нi з кiм лiчыцца, яна ўсё адхiляюць. Нават адмаўляюць тое, што мэр гораду падаваў у адстаўку.

Мы расчараваныя ў дзеяньнях судзьдзi. Я хачу сказаць, што мы, канечне, на гэтым ня спынiмся. Я сваю дачку гадавала не для таго, каб зь ёй так абышлiся. Яна пiва пiць не хадзiла. Яна пайшла на гэтае сьвята, таму што не магла сабе дазволiць хадзiць па элiтных дыскатэках — мы людзi сярэдняга дастатку. А ўся моладзь заўсёды iмкнецца на сьвята...

Я не давяраю і афiцыйнаму сьледзтву. Дакладней, я стала не давяраць! Справа ў тым, што я вельмi iмкнулася азнаёмiцца з матэрыяламi сьледзтва. Яшчэ задоўга да сарака дзён мне ў выканкаме далi тэлефон. Па гэтым тэлефоне я зьвязалася з палкоўнiкам Валер’ем Мiхайлавiчам Камароўскiм, ён вядзе сьледзтва. Мы з мужам да яго хадзiлi, ён у шчырай размове сказаў, што ў яго там сын быў i лiтаральна за дзесяць хвiлiнаў сышоў. Сказаў, што паказаць нам усе матэрыялы сьледзтва ня можа — гэта таямнiца. Паказаў нам толькi здымкi на лесьвiцы, як усе рэчы ляжалi. Я кажу яму: «Вось вы зараз усiх распытваеце, спытайце пра маю дачку...» А ён мне кажа: «Вы ведаеце, я не распытваю, а дапытваю. Я ўжо дапытаў усю мiлiцыю... Але я вам скажу, што законаў аб правядзеньнi такiх мерапрыемстваў няма». У сьледчага ўжо склалася меркаваньне, што нiхто не вiнаваты — стыхiя. Таму я больш не давяраю афiцыйнаму сьледзтву. Тым больш, яны ня хочуць знаёмiць пацярпелых з матэрыяламi сьледзтва. Камароўскi патлумачыў гэта тым, што на працягу двух месяцаў нельга знаёмiцца з матэрыяламi, а сьледзтва скончыцца, тады будзе можна. Але зноў-такi не з усiмi матэрыяламi. I яшчэ Камароўскi пры сустрэчы нам сказаў, што ў мiлiцыянэраў, калi яны ўжо зьявiлiся на месцы трагедыi, рацыi былi настроеныя на розныя частоты, таму яны не маглi скаардынаваць свае дзеяньнi, не маглi ўявiць агульную карцiну трагедыi.

Я хачу сказаць, што з кожным днём бацькi загiнуўшых дзяцей яднаюцца ўсё больш. Усе раскiданыя па розных месцах, але прыяжджаюць, прыходзяць, знаёмяцца памiж сабой, робяцца больш актыўнымi. Нам вельмi цяжка. Мы будзем ствараць таварыства, якое будзе адстойваць нашыя iнтарэсы».

Прадстаўнiкi iсцоў (юрысты «Прававой дапамогі насельнiцтву») зьбiраюцца абскардзiць рашэньне суда, будуць дамагацца таго, каб суд усё ж такi пачаў разгляд грамадзянскага зыску, заслухаў усiх удзельнiкаў працэсу, сьведкаў, вызначыў долю адказнасьцi i вырашыў пытаньне па сутнасьці. Алег Воўчак сказаў, што сьледзтва не жадае зь iмi размаўляць, яны дасылаюць запыты па тых цi iншых пытаньнях, i паводле Крымiнальна-працэсуальнага кодэксу прадстаўнiку пацярпелага на працягу трох сутак павiнны даць адказ. Тут жа праходзiць некалькi тыдняў — нiякiх адказаў. Па ўсiм вiдаць, што сьледзтва настроена на тое, што вiнаватых усё ж ня будзе. Колькі чакаць вынікаў крымінальнай справы — невядома, як сказала на працэсе Натальля Навакоўская, яна можа цягнуцца i паўтара гады. Сапраўды, мiнiмальны тэрмiн — два месяцы, але пракурор мае права працягваць тэрмiн. А потым сьледзтва прызнае, што вiнаватых няма, i паколькi справа была перапыненая да заканчэньня крымiнальнай справы, дык скажуць: «Раз няма вiнаватых, дык вам няма да каго i зыск падаваць». Бо афiцыйна будзе абвешчана: «Вiнаватых няма!» Таму прадстаўнiкi пацярпелых будуць дамагацца таго, каб грамадзянскi iск разглядалi цяпер.

 

«Мы будзем абскарджваць рашэньне судзьдзi, — кажа Натальля Навакоўская. — Вы ж чулi, што бацькi зьбiраюцца далучыцца да нашых зыскаў.

Гэты суд не канец — гэта толькi пачатак».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0