Віктар ШНІП
Дома
Ёсьць на Валожыншчыне вёска Пугачы,
Дзе рэчышчы сьцяжын
не зарасьлі ў лугах,
Дзе ў агародчыках красуюць касачы,
Буслы на захад сонца косяць па дубах...
Так было дваццаць гадоў таму. Так і сёньня. У Пугачах на 1 студзеня 1994 году налічвалася 162 дамы і 467 чалавек насельніцтва. Цяпер, відаць, крыху больш, бо панаехала чарнобыльцаў і невядома каго.
***
На ўезьдзе — «Пугачы». Па-беларуску. Калі я хадзіў у школу, было па-расейску. Неяк вечарам, прыхапіўшы з вогнішча вугаль, паправіў «и» на «ы». Але ж першы дождж вярнуў ранейшы надпіс. Крыху пазьней, ня ведаю хто, зьбіў са слупа расейскамоўную шыльду, і вёска некалькі гадоў была бяз назвы.
***
Бацька расказвае, што ля дарогі на Дубравы стаялі помнікі французам, якія зьмерзьлі ў Пугачах у 1812 годзе. Помнікі былі вялікія, каменныя. Адзін наежджы чалавек, як прыйшлі Саветы, будуючыся, забраў іх на падмурак.
***
Тэлевізар, нягледзячы што да Менску ўсяго 50 кілямэтраў, бярэ толькі тры праграмы. Радыёсетка не працуе. Пытаюся ў суседа: «Ну як, гледзіцё кіно?» А ён: «А што там глядзець?..»
***
Лаўлю рыбу. Прыйшоў аднаклясьнік Сашка. Твар чырвоны, як памідор. Запытаўся, дзе працую і ці маю курыць. А затым адклікаў убок: «Хачу з табой пагаварыць адзін на адзін». Размовы не атрымалася — прыбеглі дзеці...
Прыйшлі дахаты, а там мама ўжо ўсё ведае, што да мяне падыходзіў Сашка і што ён хацеў выпіць, а не для таго, каб я яму пачытаў свае вершы.
***
Ідзем па вуліцы. Разьмінаемся з кабетамі. Чую: «Чые гэта? — Ды Нінін хлопец, што ў Мінску паетам робіць...»
***
Забегла суседка. Распытваецца, колькі што ў Менску каштуе. Аказваецца, што ў вясковай краме ўсё даражэй. Пайшла са словамі: «А калі ўжо гэта ўсё скончыцца...»
***
Паштарка прынесла раёнку — «Працоўную славу». Наклад — 4503 асобнікі. Выходзіць два разы на тыдзень. Акрамя рэдкай рэклямы, усё па-беларуску — пачынаючы з інфармацыі пра надоі малака і канчаючы спачуваньнямі. Не абышоўся нумар без прыпеўкі А.Пісарыка:
Позна, позна, Ваня,
Корчыць дурачыну,
Спакусіў каханьнем
Зеляну дзяўчыну,
Сорам паліць сэрца,
Дуецца спадніца,
Так што давядзецца,
Галубок, жаніцца...
***
Чакаем аўтобус у Менск. Прыпынак ля крамы. Тых, хто сустракае і праводзіць, больш, чым тых, хто едзе. Вясковыя маладзёны час ад часу забягаюць у краму і з пляшкамі чарніла садзяцца на беразе сажалкі. Гляджу на іх і спрабую ўявіць сябе разам зь імі — не атрымоўваецца. Адно, што суцяшае, што гавораць на нашай мове, на якой гаварылі і мае аднагодкі гадоў дваццаць таму.