новы беларускі часопіс

“Anno Albaruthen”

 

Пасьля раптоўнага рашэньня Ўладзімера Някляева застацца ў Польшчы Адам Глёбус выказаў у «НН» думку, што старшыня Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі і вядомы паэт будзе абавязкова выдаваць там літаратурны часопіс. Пасьля гэткі намер раскрыў і сам Някляеў. І вось ужо сёньня мы атрымалі інфармацыю пра новы выдавецкі праект.

Гутарка ідзе пра «пэрыёдык эўрапейскага ўзроўню», які будзе называцца «Anno Albaruthen» («Беларускі Год», напэўна, ці «Год Беларуса»). Бацькам гэтай задумы называюць Сакрата Яновіча, беларускага пісьменьніка, які жыве ў польскіх Крынках і які заснаваў там элітарны асяродак — Вілу Сакрата (Villa Sokrates па-польску). Стваральнікі новага пэрыёдыку, паведамляе «Gazeta Wyborcza», пісьменьнікі і асобы, якія займаюцца беларускай літаратурай, зьбяруцца на першую сустрэчу ў гэтай справе ў сярэдзіне жніўня. Мяркуецца, што паміж іншых там будуць нямецкія перакладчыкі Норбэрт Рандаў і Гайнрых Бэрэска, перакладчыца з Вэнэцыі Тамара Андрушкевіч і згаданы старшыня Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі Ўладзімер Някляеў. Усяго каля дзесяці чалавек, калі дадаць сюды пісьменьнікаў і публіцыстаў зь Беларусі, а таксама сяброў беластоцкага літаб’яднаньня «Белавежа». Ня выключана, што пад’едзе і Васіль Быкаў зь Фінляндыі.

У «Anno Albaruthen», першы нумар якога зьявіцца ў канцы году, тэксты будуць публікавацца на тых мовах, на якіх пішуць аўтары. Апроч гэтага, будуць рэзюмэ па-ангельску, беларуску ці польску. У першым нумары заплянаваная паэзія Бадлера і Ейтса, а таксама перакладзеная на беларускую мову эўрапейская проза. Тамара Андрушкевіч паабяцала напісаць пра віно ў гісторыі літаратуры. «У гісторыі беларускай літаратуры наш пэрыёдык будзе чымсьці новым, — сказаў Сакрат Яновіч карэспандэнту «Gazety Wyborczej». — Не хаваю, што ён будзе элітарным, адрасаваным ня толькі звычайнаму беларускаму чытачу, але й тым, хто ў Эўропе займаецца беларускай літаратурай. А такіх ужо трохі зьявілася. Часопіс мае на мэце ўвесьці беларускую літаратуру ў яе эўрапейскі дом.»

Крыт.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0