Андрэй ДЫНЬКО
Сабе любоў
амаль жаночая аповесьць
Ганна сядзіць ля сьцяны, побач сякера, яна не выпускае яе з рукі.
«Я зраблю сабе сьмерць, як задумала!»
«Зрабіць сабе любоў!» — з гістэрычнай пяшчотай крычыць Ёгана, спрабуючы засунуць ёй у губы алюміневую лыжку зь ёгуртам. Голая лямпа надае ёгурту жаўцізны. Ёгана, якая ніколі не перастае рэфлексаваць, адзначае для сябе ў памяці эпізод з Фасбіндэра.
Ганьне 96, яна жыве ў Заказанцы пад Берасьцем.
«Дачка Ніна ў яе яшчэ маладая, але ўжо нідзе ня робіць. Ніне 73, яна жыве ў горадзе. У Ніны тры браты. Старэйшы за яе на тры гады Іван — у Нямеччыне.»
Ён служыў у дывізіі СС «Галічына» і ажаніўся зь нямчыняй. Сярэдні, Сьцяпан, робіць кавалём у калгасе «Запаветы Дзяржынскага».
«Меншага Ганна нарадзіла ў пяцьдзясят чатыры. Ён жыве ў Рыбінску. Гэта за Масквой, недзе ў Сібіры. Як яна яго раджала, то быў Шчарбакоў, пасьля зноў Рыбінск. Як ён туды паехаў к чорту мацяры, то быў Андропаў, а цяпер зноў Рыбінск.»
Ганна мае трох нявестак.
«Нямецкую яна любіць, але мала бачыць, а зваць яе Моніка. Кацапскай ня любіць, бо яе зваць Мінэль на чэсьць Леніна, толькі задам наперад. Сьцяпанаву зваць Элеанорай. Яна працавала на фэрме цялятніцай, але яе злавілі зь мяшком камбікорму і скінулі ў даяркі, а даяркам уставаць на даеньне а чацьвертай. Сьцяпана праводзілі на пэнсію з пачотам: далі ўстаноўку, каб музыка грала, выпісалі цяля й тры яшчыкі гарэлкі. Ён на пэнсію пайшоў і астаўся рабіць у кузьні. У іх чацьвёра дзяцей. Расьціслаў даўно ажэнены, ён вучыцель матэматыкі, а ўлетку памочнік камбайнёра. А Ілону, Інэсу і Інару ніхто не бярэ, хоць ім ужо 26, 24 і 22 гады. Устарэюць дзеўкі. Як бацьку праводзілі на пэнсію, Расьціслаў выпіўшы паехаў дахаты па бубен і ўпаў з матацыклем з мосьціка. З тых пор у яго галава ня дзействуе. Да ягонай старшай ужо ў сваты прыходзілі, але як цесьця ня вылечаць, дык сванька вясельле расстроіць. Дачку ягоную зваць Дзіна.»
Ёгане 28, яна Ганьчына праўнучка. Яна жыве ў Людвігсгафэне й піша доктарскую пра славянскі Bildungsroman. Яна інфікавана AIDS. Яна з захапленьнем гаворыць па-беларуску, блытаючыся ў афітных формах скланеньняў і спражэньняў. У яе складаныя стасункі зь дзедам з прычыны ягонага гітлераўскага мінулага, а таксама непазбыта двухсэнсоўнага становішча ў сям’і, куды ён прыйшоў прымаком. Яна абсалютна адмаўляе бабулю, лічачы яе вінаватай у сьмерці бацькі — велагоншчыка з каманды «Bosch», што двойчы займаў трэцяе месца на «Tour de France» (як і ва ўсіх гоншчыкаў той эпохі, у яго ў жылах бегла сумесь гармонаў зь якім бутырабэтаінам — рак крыві): маці змушала яго зь сямі год трэніравацца па сем гадзін у дзень. Маці Ёганы была настолькі выпадкова сустрэтай бацькам сіратой-парміджанкай, што выйшла замуж за жыда праз два месяцы пасьля сьмерці мужа і паехала ў Нью-Ёрк. У бабе Ганьне Ёгана знаходзіла чысты ў сваёй сялянскай мадальнасьці варыянт духу і тыя фундамэнталізм а імунітэт да сучаснасьці, за якія можна схавацца. Ёгана па магчымасьці наяжджала ў Беларусь, з-за свайго неадменнага пэрфэкцыянізму, абгрунтоўваючы гэта сама сабе неабходнасьцю практыкаваньня ў мовах. І — яе ўсходнія захапленьні моцна раздражнялі бабу Моніку, якая вывучыла за жыцьцё адно славянскае слова (па-нямецку назваць гэта сваім імем яна не наважвалася — Education europEenne, — хоць дзеля гэтага самага і ўзяла Йвана: яна працавала мэдсястрой у кабінэце вэнэроляга, куды той прыйшоў на прафагляд).
«Мяне звабіла легендарнасьць ягоных кляйнотаў.»
Ах, гэтыя неасьцярожныя сакрэтнічаньні бабуляў з гідлівымі ўнучкамі з нагоды іх паўналецьця!
Баба Ганна качала ваду ручной помпай на паліваньне садку. Нінка прыйшла з плачам.
«Ой, шо Вы мне нарабілі! Пакатлушылі моркву, я за яе ўзяла б увесну сем мільёнаў!»
Баба Ганна пасекла ўсё, падсеянае між цыбуляй — у бабы катаракта, яна дробна бачыць, але прагне працаваць.
«Ад Вас адзін убытак. Шоб Вы мне больш куды Вас ня просяць ня лезьлі!»
Ганну залівае крыўда, як і кожны раз пры нагадцы пра нядужасьць і поўную бескарыснасьць.
«На табе сем мільёнаў, забяры!»
Нінку, як па мордзе, б’е крытыка яе сквапнасьці.
Назаўтра Нінка прыяжджае з мужам. Ганна плача зяцю пра сваю крыўду. Зяць крычыць на яе (у такім веку ўсе тутэйшыя мужчыны — халерыкі).
«Мая Ніна ноч з-за Вас ня спала! За вясну — кукурузу, салату, моркву! А перад суседзямі на нас шо толькі не гаворыце!»
І, здаецца Ганьне, трасе ў яе перад носам кулаком. Ганна загінае яму матам.
«Іці вашу маць, я вам, як служанка, увесну гной растрасаю, а цэлае лета ваду качаю, аж у руку ўлезла.»
«Нам служанкі ня трэба.»
Ужо тыдзень Ганна не адзываецца да Нінкі і аддае сабаку ўсё, што тая ні прывозіць.
Ёгана заяжджае да бабулі па дарозе. Яна ў Беларусі па справе ўтварэньня нямецка-беларускай асацыяцыі хворых на AIDS. Ганна корміць яе, але сама нічога ня есьць. «Я, старая, нячыстая, толькі апэтыт табе буду перабіваць.» Ёгана пасьля ежы выпівае жменю таблетак.
«Ты шо, хворая?»
«Ну, я маю AIDS.»
«А шо такое AIDS?»
«Гэта такая новая хвароба, правакатар іншых хваробаў.»
«А як шо гэта? Як ліхаманка? Як малакроўе?»
«Як рак, але гэта ёсьць няхуткі і не баліць.»
Бабця ўстае і моцна абдымае праўнучку.
«Я старая, ты маладая. Мне трэба ўмярці, табе трэба жыць. Я вылечу цябе ад раку. Чога ў цябе рак: грудзей, трыбуха, лёгкіх ці па-жэнску?»
«Па-жэнску.»
«Ёсьць два спосабы: адзін старамодні, другі навамодні. Якім будзеш лячыцца?»
«Навамодні.»
Ганна ідзе па зёлкі, але ў калідорцы млее й падае. Ёгана бяжыць да яе, трасе. Ганна расплюшчвае вочы. Яна сьпяшаецца расказаць пра лячэньне: «Праз кожныя дзьве гадзіны і ўдзень, і ўначы шпрынцуй туды адзін раз неэтыляваны бэнзын, адзін раз узвар сямі зёлак — вісяць на трэцім зьверху цьвіку, а адзін — раствор лідазы з дымэксынам. Лідаза — гэта бычае насеньне, а дымэксын — новае лякарства, сьмярдзючае, але памоцнае. Праз тры месяцы прыедзеш да Веры-магеры па масьць. Бо мяне ўжо тады на сьвеце ня будзе. Я сваё аджыла».
«Я хачу цябе жыць вечна!»
Ёгана цалуе Ганну, і на вуснах у яе застаецца сажа з маршчкоў.
«Зь мяне больш няма толку, і я зраблю сабе сьмерць.»
(Ганна вырашыла загубіць сябе потайкі, унікаючы самагубчай ганьбы перад сьветам — замарыць сябе голадам. Яна вось ужо тыдзень нічога ня мела ў роце, але, як належыць, штодня ходзіць у краму па прадукты.)
Ёгана пампуе з баку бэнзын.
«Але калі ты не ясі, я хвігу шо сябе рабіць.»
Ганна дробіць лучыну, але падае ля калодкі. Празь дзьве ночы Ёгане абараняць доктарскую.