палітычны камэнтар

 

Дэ-юрэ супраць дэ-факта

 

Першыя асобы краіны і палітычныя лідэры паступова ператвараюцца ў «в.а.» — выканаўцаў сваіх абавязкаў

 

На гэтым тыдні Сямён Шарэцкі абяцае падпісаць указ аб перайманьні паўнамоцтваў прэзыдэнта РБ. З гэтага моманту менавіта ён становіцца законным кіраўніком краіны ў вачох Эўропы і ўсяго заходняга сьвету, пакідаючы Лукашэнку ролю ўзурпатара.

Зразумела, што С.Шарэцкі ня будзе ў поўнай меры рэальным прэзыдэнтам, але нельга разглядаць яго і як толькі віртуальнага суб’екта палітыкі. Напрыклад, калі спадар Шарэцкі вырашыць прызнаць незалежнасьць Чачэніі або Дагестану, у вачох заходняга сьвету ўся Беларусь стане першай у сьвеце дзяржавай, якая прызнае гэтыя краіны. І прыклад можа аказацца прывабным для іншых... Як бачым, прызнаны моцнымі сьвету статус — гэта зусім не забаўка ў руках «пэнсіянэра Шарэцкага», як называюць яго афіцыёзныя СМІ.

Супрацьстаяньне ў беларускай палітыцы выстройваецца сёньня па лініі, што падзяляе дэ-юрэ і дэ-факта, законную і рэальную ўлады. Законным в.а. прэзыдэнта будзе Шарэцкі, а фактычным в.а. — Лукашэнка.

Аўтаматычна спадар Шарэцкі перастане быць старшынём Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, а ягоныя функцыі ў ролі выканаўцы абавязкаў старшыні прыме ягоны першы намесьнік Віктар Ганчар. Гэта значыць, што менавіта Ганчар выступіць у ролі кіраўніка Вярхоўнага Савету — як каардынатара апазыцыі на будучых перамовах з Лукашэнкам, пра якія цяпер актыўна дбае кіраўнік Кансультацыйнай групы АБСЭ ў Беларусі спадар Вік. Такая пэрсаніфікацыя ўжо выклікала паміж партыямі чарговы пярэпалах. Ня хочам мы, маўляў, каб за нас з Лукашэнкам гаварыў Ганчар — заявілі адныя. І мы ня хочам, — удакладнілі другія, — але мы за тое, каб фармаваў апазыцыйную дэлегацыю менавіта адзіны законны Вярхоўны Савет. Што да прадстаўніцтва за сталом перамоваў, дык мы за сябе будзем гаварыць самі.

Трэба сказаць, што аб’яднаная на грунце незалежнасьці і дэмакратыі апазыцыя — ці не найбольшы на сёньня здабытак беларускай палітыкі за апошнія дзесяць гадоў. Кожнае слова і кожны маленькі крок тут даюцца нашмат цяжэй, чым прамова на мітынгу.

Выглядае, што зьмяніліся часы. На зьмену рамантычным прарокам і тостам «за снайпэра» прыходзіць тое, што ўжо ў агульных рысах нагадвае рэальную палітыку — тактычнае і стратэгічнае партнэрства. Адлік гэты працэс бярэ з травеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Разьвіцьцё — у выступах на зьезьдзе БНФ, дзе «рамантыкі» выглядалі настолькі ўчорашнім днём, што нават адыёзны рэзанатар прагаварыўся, назваўшы іх «людзьмі ў штацкім». Праўда, канкрэтызаваць ён ня стаў, але й без таго зразумела, што Лукашэнку «устраивает» Фронт на чале з Пазьняком. Дапусьціць жа, што «раскол» БНФ інсьпіруецца не з адміністрацыі ППРБ, а з унутрыфронтаўскіх супярэчнасьцяў, бало б наіўна. У Фронце няма ані тактычнага, ані стратэгічнага рознагалосься. Увесь канфлікт — у асобе лідэра. Заўзятыя пазьнякоўцы па-ранейшаму трымаюць свой сьцяг, ня хочучы бачыць, што на сьцягу тым даўно прасьвечваецца знаёмы арнамэнт.

Аднак вернемся да віленскага выгнаньніка С.Шарэцкага і да ўказу, які ён абяцае падпісаць на гэтым тыдні. В.а. прэзыдэнта выбудзе зь перагаворнага працэсу, аднак адразу апынецца ў коле іншых задач. Першая зь іх — прызначэньне кіраўніка ўраду. Найбольш верагодным кандыдатам называюць камуніста Анатоля Лашкевіча, які працуе дырэктарам заводу ў Маскве. Кажуць, у Расеі Лашкевіч фінансуе Зюганава, а ў Беларусі — Калякіна. Магчыма, менавіта гэта меў на ўвазе Станіслаў Багданкевіч, калі папярэдзіў, што ягоная фракцыя падтрымае гэтую кандыдатуру толькі пры ўмове, калі А.Лашкевіч дасьць пісьмовыя гарантыі таго, што будзе адстойваць незалежнасьць краіны. Аднак С.Шарэцкі ўжо ў сёньняшнім сваім інтэрвію «НН» сказаў, што гэта домысел і што выбар прэм’ера — ягоная прэрагатыва.

Якія яшчэ ўказы падпіша новы в.а. прэзыдэнта? Як зьменіцца ягоны статус у Літве, дзе ён можа ў адзін момант ператварыць сябе ў афіцыйную асобу і найвышэйшую службовую асобу суседняй краіны? З кім з калег-прэзыдэнтаў ён сустрэнецца і пра што павядзе гаворку? Пра ўсё гэта мы дазнаемся на наступным тыдні. А тыдзень гэты пройдзе пад знакам «в.а.» — в.а. прэзыдэнта, в.а. старшыні ВС. Нагадаю, што пачалося ўсё з в.а. старшыні найбуйнейшай апазыцыйнай партыі — БНФ.

Так ці інакш, скарот «в.а.» у нашай сытуацыі больш падобны да праўды, чым, напрыклад, «прэзыдэнт РБ» ці «сьпікер парлямэнту» або «лідэр нацыі», якія ці не для ўсіх ужо ператварыліся ў пусты гук.

Сяргей Паўлоўскі