БЕЛАРУСЫ ІДУЦЬ У ЛЯСЫ

 

Цягам мінулага тыдня ў сутоцы Вяльлі й Нарачанкі дзейнічаў маладзёвы летнік, які з ініцыятывы маладачанскіх скаўтаў сабраў каля 140 падлеткаў зь дзесяці гарадоў Беларусі.

«Сярод вас пэўна ёсьць Мірон!» — першая думка, як патрапляеш у лягер. Справа ня ў колькасьці нацыянальных сьцягоў, якія аздабляюць бор — некаторыя штандары вісяць пад самымі вершалінамі высачэзных хвояў. «Верхалазаньне» не ўваходзіць у праграму, ім займаюцца аматары. А ў праграме — краязнаўства, сьпевы, і, вядома, футбол. «Культурная частка» — сольныя канцэрты Андрэя Мельнікава, Віктара Шалкевіча і Зьмітра Бартосіка. «Мы наўмысна бралі да сябе ня толькі людзей зь «сьвядомых» асяродкаў, але таксама дзяцей «на выхаваньне», — кажа арганізатар Алесь Чарняўскі. — На жаль, мы фізычна не маглі прыняць усіх ахвотных, бо не разьлічвалі, што адгукнецца такая колькасьць людзей».

Па адкрыцьці летніка на пачатку тыдня маладыя беларускія «партызаны» зрабілі паход на Залесьсе да маёнтку Міхала Клеафаса Агінскага. Распавядалі, што ўжо за дзень да сонечнага зацьменьня старшыня Залескага сельсавету «пачаў баяцца». Седзячы за вакном, ён налічыў 71 «тэрарыста», якія пад «забароненымі» сьцягамі займалі вёску. Міліцэйскія маёры і палкоўнікі, якія імгненна «прыбылі» з Смаргоні, патлумачылі старшыні, што гэта не «тэрарысты», а дзеці. Але позву ў міліцыю Алесю Чарняўскаму выпісалі: «за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця».

Гэта ня першы й не апошні маладзёвы летнік, які адбыўся сёлета ў Беларусі — у рэдакцыю прыйшлі зьвесткі пра летнікі пад Сьветлагорскам, Лагойскам, Берасьцем, Наваградкам. Але на будучыню арганізатарам падобных доўгатэрміновых імпрэзаў трэба быць падрыхтаванымі да яшчэ большай колькасьці ахвотных. Бо ж, як сказаў Андрэй Мельнікаў, сустракаючы прыбылых журналістаў: «Расслабцеся, панове. Тут — вольны сьвет».

Севярын Квяткоўскі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0