Лісты ў рэдакцыю


 

Ад Менску да Зэльвы няблізка

Імя Ларысы Геніюш адназначна захоплена ўспрымаецца кожным прыхільнікам нацыянальнага Адраджэньня. Што ня дзіўна, бо надта ж адрозьніваецца постаць славутай паэткі ад стэрэатыпу памяркоўнага беларуса.

Восьмы год запар на дзень нараджэньня Ларысы Геніюш, 9 жніўня, у Зэльве, дзе паэтка пражыла апошнюю частку свайго жыцьця, адбываецца літаратурна-мастацкая імпрэза. Так было й на гэты раз. Кіраўніцтва Саюзу Пісьменьнікаў, пасьля таго як у замежжа зьехаў старшыня Ўладзімер Някляеў, павінны былі прадстаўляць ягоныя намесьнікі, але ўжо так здарылася, што перад самым ад’ездам яны ўсе нечакана прыхварэлі. Давялося ў няблізкай вандроўцы прадстаўляць кіраўніцтва СП літкансультанту, бум-бам-літаўцу Зьмітру Вішнёву, які ледзь пазіраў на сьвет адзіным прыадплюшчаным вокам — прыхварэў на кан’юнктывіт.

...Мясцовай публікі было нягуста. Але й ня так мала. У Сьвята-Траецкай царкве адбылася паніхіда па Ларысе Геніюш. Служыць яе прыехалі з Горадні два маладыя бацюшкі Аляксандры. Стараліся прамаўляць па-беларуску. Старыя зэльвенцы стомлена выходзілі з царквы, няўважна перагаворваліся.

— Гэна што за Геніюш? Доктар каторы?

Насупраць царквы — былы дом паэткі. Праўда, ужо настолькі былы, што і няма там на што паглядзець. Людзі, што выкупілі яго, цалкам усё перабудавалі. Адзін каменны ганак застаўся, і той цяпер вядзе не да дзьвярэй, а да глухой сьцяны. Туды й паклалі кветкі...

Далей па пляне было наведваньне могілак, дзе пахаваная паэтка разам з мужам. Ад гэтага году Зэльвенская філія БНФ учыніла ўзнагароду выбітным змагарам-адраджэнцам — бел-чырвона-белы шалік. Першым ляўрэатам стала Ларыса Геніюш. Ва ўрачыстай атмасфэры шалік навязалі на помнік.

У мясцовым Доме культуры адбылася вечарына. Прыйшлі, як заўсёды, тыя, хто заўсёды і ходзіць, так што ні агітаваць за беларускасьць, ні прасьвятляць наконт асобы Геніюш публіку не выпадала. Застаецца толькі гадаць, па-першае, калі зэльвенскія ўлады ўсьвядомяць, што сусьветную славу іхнаму мястэчку могуць здабыць не надоі малака і не землякі-генэралы, а толькі тая акалічнасьць, што побач зь імі жыла вялікая паэтка, і, па-другое, у каго зь пісьменьнікаў са стольнага Менску хопіць здароўя ды імпэту прыехаць да Геніюш наступным годам?

В.А.


 

***

Забаранiць наркотыкi i алькаголь ня ўдасца — усё роўна зьявяцца ахвочыя. Нелегальны тавар заўжды дарагi, i той, хто трапiць у залежнасьць, мусiць згубiць шмат грошай, да таго ж iх нястача можа падштурхнуць яго да крадзяжоў. Трэба, легалізаваўшы, увесьці дзяржманаполiю на наркотыкі. Канечне, скажуць: як можна гэта дазваляць! Але забароны ня спыняць ахвоту да наркотыкаў. Яшчэ кажуць: дзяржава спойвае народ i нажываецца на яго слабасьцях. Але што значыць: «дзяржава нажываецца»? Дзяржава — гэта бюджэт, грошы зь якога iдуць на стварэньне умоваў грамадзкага жыцьця. Грошы ад згаданых тавараў павiнны iсьцi ў мэдыцыну наогул цi менавiта на лячэньне ад алькагалiзму-наркаманii-паленьня. У крамах трэба павесiць аграмадны плякат: «Усе грошы, заплачаныя Вамi, пойдуць на Вашае лячэньне». Плякат можа зрабiць вялiкае ўражаньне — «гарантаваная» пэрспэктыва лячэньня адаб’е ўсю ахвоту. Дзяржава павiнна не зьнiшчаць наркаплянтацыi ў сялянаў, а стаць манапалiстам у куплi сыравiны ў гэтых сялянаў, прапануючы вышэйшыя цэны.

У другую чаргу грошы ад згаданых тавараў можна дзялiць памiж мэдыцынай i мiлiцыяй, бо наркаманы i алькаголiкi могуць рабiцца сацыяльна небясьпечнымi элемэнтамi, абараняць грамадзтва ад якiх трэба мiлiцыi.

Вiталь Станiшэўскi, Менск


***

 

Пабачыў новы нумар «Arche» пра «вялікую айчынную вайну». Найбольш уразілі словы, што ў «Arche» ўпершыню па-беларуску друкуецца кавалак з кнігі Юр’я Туронка «Вацлаў Іваноўскі й адраджэньне Беларусі». Цікава тады, на якой мове выходзіць часопіс «Маладосць», які ў №8-9 за 1994 г. надрукаваў тую ж кнігу? «Жыцьцё пад агнём» Барыса Рагулі, прадмова: зводзіць усе беды беларусаў да «гідкага расейскага шавінізму» — гэта тое самае, што абвінавачваць Рональда Рэйгана ў сушы на Беларусі 1999 г. Ды й песьні «Штурмавога Зьвязу» друкуюцца не ўпершыню. Песьня пра «беларускага жаўнера, які ня хоча браць з сабой дзяўчыну», друкавалася ў газэце «Пагоня» на пачатку 1995 г.

Чытач з вул. Акадэмічнай, 1