Сямён Шарэцкі:
«Я цэлы месяц маўчу»

 

«Наша Ніва»: Сёньня шмат кажуць пра тое, што 21 жніўня Вы падпішаце ўказ аб перайманьні паўнамоцтваў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі...

Сямён Шарэцкі: Справа не ў 21-м жніўня. Справа ня ў тым, гатовы я ці не гатовы. Мяне да гэтага абавязвае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі. І я проста мушу зрабіць гэта. Будзе гэта 21-га ці 17-га ці 15-га... Справа ня ў гэтым. Справа ў тым, што міжнародныя арганізацыі, у першую чаргу АБСЭ, спрабуюць дапамагчы нам і былому прэзыдэнту вырашыць усе гэтыя пытаньні мірным канстытуцыйным шляхам. Самая галоўная праблема сёньня — у неканстытуцыйнасьці ўсёй цяперашняй улады. Застаўся толькі Вярхоўны Савет, абраны народам, адзіны канстытуцыйны й заканадаўчы орган. І паколькі яны (АБСЭ) спрабуюць наладзіць перамоўны працэс (я ня ведаю, наколкі гэта плённа і наколькі яны самі ў гэта вераць), дык мы ім пакуль верым. І нам было б няслушна заяўляць адразу 21 ліпеня, калі скончыліся законныя паўнамоцтвы Лукашэнкі, што я ўжо ўсё, замяшчаю прэзыдэнта. Гэта было б нетактычна і няправільна. Любы мір лепшы за вайну. Трэба неяк паспрабаваць адхіліць Лукашэнку мірна. Можа, як гаворыцца, у чалавека знойдзецца розум... І ягонае атачэньне гэта разумее. Зразумелі ж яны, што нельга гэтак гнаць, як яны гналі ў Расею. Гэта ім дапамог зразумець і Ельцын, пакуль Лукашэнка ўсё марыў (а мабыць і цяпер яшчэ марыць), што ён будзе ў Крамлі, Ельцын сказаў, што ў Крамлі павінен быць Пуцін. Дарэчы, быў жа Рас-пуцін, а гэты выходзіць ужо Два-Пуцін... Гэта ж манархічны падыход да вырашэньня справаў... Лукашэнка кажа, у сваю чаргу — буду два гады, а то і сем гадоў. Усё спасылаецца на той рэфэрэндум. Я думаю, што здаровы чалавек на гэта спасылацца не павінен. Той рэфэрэндум праводзіўся з дапамогаю бронетранспарцёраў, амону. Бюлетэні можна было браць кучамі, яны ня ўлічваліся, таму і прайграць гэткі «рэфэрэндум» было б немагчыма.

 

— Выходзіць, дата, да якой «прывязваліся» журналісты — няпэўная...

— Я не хачу казаць, пэўная ці няпэўная. У палітыцы гэтак ня робяць. Вядома, часам трэба і сьпяшацца. Але тут трэба ўзгадняць. Мы тут толькі што размаўлялі і са спадаром Шушкевічам і са спадаром Цярэнем, намесьнікам Старшыні Вярхоўнага Савету. Прыяжджаў і Вік, старшыня Кансультацыйнай групы АБСЭ. І праз колькі дзён, 21 жніўня, мы ізноў будзем зьбірацца разам зь ім для ўзгадненьняў. Мабыць менавіта гэта і дало падставу журналістам гаварыць пра гэтую дату...

 

— Але калі Вы ўсё ж прымеце на сябе абавязкі прэзыдэнта, Ваш статус адпаведна зьменіцца. Як гэта паўплывае на перамоўны працэс?

— Так. Але нельга ж, скажам, пяць гадоў чакаць! Партыі дэлегавалі свае правы Вярхоўнаму Савету. Партыі гатовыя, Вярхоўны Савет гатовы... Дык і Лукашэнка павінен быць гатовы. Так? А з Лукашэнкам ніяк ня можа йсьці гаворкі як з законным прэзыдэнтам. Мы яго заклікалі да перамоваў, калі ён быў законным прэзыдэнтам, але... Мы заклікалі, заклікалі... Ну, а сёньня тэрмін ягоны скончыўся. Кім бы ён сябе ні лічыў, ад гэтага ён ня будзе законным. Праўда, цяпер бачыў, расейскае телебачаньне ізноў пачало яго пісаць: «прэзыдэнт Беларусі». Ну дык за грошы чаго толькі не напішуць...

 

— У выпадку, калі Вы будзеце выконваць абавязкі прэзыдэнта, перад Вамі паўстане задача сфармаваць уладныя структуры. Хто іх будзе ўзначальваць? Найперш, натуральна, гаворка пра прэм’ер-міністра.

— Я не хацеў бы варажыць на кавовай гушчы. Гэта мая прэрагатыва. Я папросту назаву чалавека і ўсё! Калі прыйдзе той час. Ну, а журналісты маюць права прагназаваць. Хай сабе падумаюць. Можа і мне дапамогуць асобаў назваць. А таму, па-першае: я пакуль нікога не называў. Усіх, з кім я сустракаўся, журналісты ўжо прызначаюць на розныя пасады... Гэта няпраўда. Палітыкі маглі б таксама ўстрымацца, бо гэта некарэктна. Называлі і Лашкевіча, і Домаша, і Шлындзікава, і яшчэ каго. Гэта пакуль домыслы.

 

— Ці прывез спадар Вік Вам сьвежыя ідэі, новыя прапановы?

— Я спадару Віку казаў — глядзіце, ідзе час, і мы чакаем ад Лукашэнкі нейкіх крокаў насустрач. І вось ягоныя крокі: Чыгіру працягнулі тэрмін зьняволеньня без суду, над Клімавым пачалося бессаромнае ганебнае судзілішча, Шчукіна пасадзілі ў турму, дзеля пошуку Захаранкі ніхто нават мезенцам не паварушыў... Сродкі масавай інфармацыі як былі манапалізаваныя, так і засталіся, як выкарыстоўваліся для хлусьні і брутальнай прапаганды, гэтак і выкарыстоўваюцца... Ну чаго яшчэ? Якія крокі далей? Дзе добрая воля? Апазыцыя пайшла насустрач. Партыі, Вярхоўны Савет падпісалі пагадненьне. Вы бачыце? Я маўчу. Цэлы месяц маўчу! Дзеля таго, каб не перашкаджаць вашаму перагаворнаму працэсу. Я ж толькі сёньня вам кажу проці Лукашэнкі, аб ягоных кроках...

 

— Але ж ён прызначыў «групу для перамоваў з грамадзкасьцю».

— Ну дык вось хай і перамаўляюцца з грамадзкасьцю. Ён жа і так кожны дзень прамаўляе да грамадзкасьці па тэлебачаньні. І гавора ўжо ўсё, што хоча. Як кажуць, што сьліна нясе ды язык верне. Я ня тое, што «не паважаю» гэтую «групу». Але ж ёсьць Вярхоўны Савет, якому ўсе партыі даручылі прадстаўніцтва ад апазыцыі. А ён з кім будзе гаварыць? Калі ён нам Сазонава, ну дык і мы такога прызначым. І што? Не магу ж я ці, скажам, Ганчар, гаварыць на гэткім узроўні. Заўтра Лукашэнка скажа, што ён таго Сазонава не ўпаўнаважваў, як у свой час сказаў пра Антановіча. Ну дык Антановіч быў міністрам замежных справаў! А гэты хто?

 

— Мы паведамлялі сваім чытачам пра Вашыя сустрэчы з рознымі кіраўнікамі ў Літве...

— Усе ўсё ведаюць!.. Я нідзе, напрыклад, не казаў пра сваю сустрэчу з Адамкусам. З маіх вуснаў такога не выходзіла... Я называў публічна толькі спадара Ландсбэргіса. Астатняе — гэта мае справы. Я шмат у Вільні з кім сустракаюся, з дыпляматамі, дэпутатамі Сэйма і гэтак далей. Але я пра гэта нікому не кажу. Гэта пакуль нетактычна, недыпляматычна... У мяне неўзабаве будуць афіцыйныя сустрэчы з урадоўцамі Польшчы і Латвіі. Але ж я не магу ўсё распавядаць. Я сустракаюся з усімі, каго тычыцца справа Беларусі. Найперш я сустрэўся з дыпляматамі ЗША і Брытаніі, каб нагадаць, што ў свой час прэзыдэнт ЗША і прэм’ер Брытаніі падпісалі дамову пра тое, што пасьля вываду ядзернай зброі зь Беларусі нам будзе гарантаваная незалежнасьць. І Расея гэтую дамову падпісала! Вось я і сустрэўся з дыпляматамі гэтых краінаў у першую чаргу і спытаўся: «Як наконт тых падпісаньняў і абавязацельстваў?» А пра астатняе я не кажу.

 

— Ці маеце Вы саюзьнікаў у Расеі?

— Мы добра падтрымліваем сувязі з «Правым делом», зь якім у нас падпісаныя дамовы. Кантактуем з гэткімі палітыкамі як Чубайс, Гайдар, Нямцоў, Фёдараў, Козыраў, Хакамада...

 

— Як пройдзе гэты Ваш працоўны тыдзень?

— Буду далей займацца перамовамі. Я толькі што вярнуўся зь Беластоку, з Польшчы, дзе вёў гутаркі ў рэдакцыі газэты «Ніва». Вёў перамовы з кіраўніцтвам Беластоцкага ваяводзтва, бо зараз прынята рашэньне пра адкрыцьцё там беларускай радыёстанцыі. Трэба ва ўсім гэтым удзельнічаць актыўна. Рыхтуюся да наступных візытаў у Польшчу і Латвію. Буду весьці перамовы і сустракацца з прадстаўнікамі ўсіх партыяў і з калегамі зь Вярхоўнага Савету. Палітыка — нармальны працэс дзеля таго, каб астатнія людзі, якія ёю не займаюцца, маглі спакойна працаваць і зарабляць... Камусьці не падабаецца, скажам, Ганчар. Альбо, кажуць, трэба гаварыць зь Вячоркам, а не з Пазьняком. Я кажу — трэба размаўляць і зь Вячоркам, і з Пазьняком. І са Статкевічам. У мяне абавязак гэткі. Што да непаразуменьняў, сымпатыяў ці антыпатыяў, дык я Вам скажу — у палітыцы гэта ж не ў сям’і ці сяброўстве. Не падабаецца чалавек — ня пі зь ім гарэлкі. Не падабаецца жанчына — не бяры ў жонкі ды не кладзіся зь ёю спаць. А тутака ж гэтага ўсяго ня трэба. Тут трэба вырашаць пытаньні. Першае: захаваць незалежнасьць Беларусі як самастойнага суб’екта міжнароднага права. Другое: трэба вярнуць краіну на дэмакратычны шлях разьвіцьця, а дзеля гэтага трэба адхіліць сёньняшні незаконны рэжым ад улады.

Гутарыў Сяргей Харэўскі