Паштовая скрынка 

 

Сьвятлане К. з Полацку, Ігнату Л. зь Менску, Сяргею Г. зь Берасьця. Старонкі для празаічных імпрэсіяў у газэце цяпер няма. На старонках «Культура» мы звычайна друкуем творы больш акрэсьленага жанру. Вы пішаце пра «квяцісты луг з духмяным водарам разнатраўя», «ліпеньскую раніцу, што зьвінела зануднымі стракатаньнямі», «імглістую, шэрую восеньскую раніцу». Дзе Вы столькі той прыроды знаходзіце? У нас у Беларусі яе ўжо столькі не засталося. Увогуле Вашы творы можна назваць «літаратурай бязьдзеяньня» — настолькі мала ў іх action-у. Здранцьвеньне ў грамадзтве выклікае здранцьвеньне ў творах. Дзеля трэніроўкі мазгоў можна паспрабаваць напісаць па творы, дзе б не было ніводнага апісаньня прыроды і максымум дзеяньня. Cut to the chase! — кажуць у такіх выпадках галівудзкія прад’юсэры.

Пачынаць тэкст трыма сказамі, якія пачынаюцца з злучніка «і» — прыгожы, але ня новы прыём. Хаця што цяпер можна прыдумаць новага?