ЗЬ БЕЛАРУСІ ЗА СУБОТУ Й НЯДЗЕЛЮ

 

Сямён Шарэцкі: прыйшоў час

Сёньня, 23 жніўня у 8.00 у Вільні, Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Сямён Шарэцкі выдаў «Зварот да ўраду і грамадзян Рэспублікі Беларусь, міжнароднай супольнасьці». Тры дні таму скончыўся месяц, які С.Шарэцкі адвёў А.Лукашэнку на роздум пасьля 20 ліпеня, калі завяршыўся пяцігадовы тэрмін прэзыдэнцтва апошняга і калі, паводле Канстытуцыі, выканаўцам абавязкаў Прэзыдэнта РБ становіцца Старшыня Вярхоўнага Савету. С.Шарэцкі спадзяваўся, што за гэты месяц А.Лукашэнка добраахвотна пакіне пасаду і не захоча стаць нелегітымным прэзыдэнтам-узурпатарам. Ды не дачакаўся.

 

Да перамоваў — сур’ёзна

На нарадзе палітычных партыяў зацьвердзілі групы экспэртаў, якія мусяць выпрацаваць агульную пазыцыю грамадзянскай супольнасьці на перамовах з Лукашэнкам. На чале групы па пытаньнях канстытуцыйнага й выбарчага права ўстаў адзін зь лідэраў АГП Міхал Пліска, а дапамагаць яму будуць Сяргей Леўшуноў і Аляксандар Фядута. У групе па мас-мэдыях будуць Міхал Пастухоў (старшыня), Уладзімер Глод і Мікалай Халезін. Алесь Бяляцкі бярэцца займацца пытаньнем стварэньня свабоднага палітычнага клімату, вольнага ад страху і перасьледу. Дэпутат Данэйка будзе дзейнасьць групаў каардынаваць.

 

Бандажэўскі прысягаецца, што хабару ня браў

Арыштаваны гомельскі прафэсар, рэктар мэдінстытуту Бандажэўскі зьвярнуўся да Лукашэнкі зь лістом, у якім кажа, што яго несправядліва пасадзілі, маўляў, па даносе тых, каго ён вывеў на чыстую ваду як несумленных навукоўцаў, якія бралі грошы на выкананьне навуковых працаў і «пісалі» дасьледаваньні, дзе не было ніводнай сьвежай ідэі. Прарэктар Раўкоў, які раней даваў паказаньні супраць Бандажэўскага, ад гэтых паказаньняў ужо адмовіўся. Бандажэўскага, як даведаўся БелаПАН, перавезьлі з гомельскай турмы ў магілёўскую, але ў яго абвастрылася і стала цячы крывёй язва, і тады яго хутчэй пераправілі ў Менск, у шпіталь МУС.

 

«Начысьці морду фашысту»

У Горадні ўсё — рэклямныя шчыты, масты, сьцены — размалявалі лёзунгамі РНЕ і пазаклейвалі іхнымі ўлёткамі. Улады не далі загаду зьдзіраць улёткі, і яны вісяць. Людзі ж, прачытаўшы іх, панапісвалі адказы кшталту: «Зрабі свой горад чыстым, начысьці морду фашысту».

З Горадні — Андрэй Мялешка

 

Асіна замест жалеза й плястмасы

На Магілёўшчыне людзі ахвоча купляюць паслугі прыватных камбайнаў, каб зжаць і змалаціць збажыну, бо ўсе калгасныя змабілізаваныя на выкананьне заданьняў па ўборцы, да таго ж яны зусім дабітыя. У калгасе імя Карла Маркса з Крычаўшчыны ганарацца тым, што навучыліся вырабляць запчасткі з асіны — на заводзкія грошай ня маюць.

З Магілёва — Андрэй Антонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0