камэнтар тыдня

Паміж намі, дзевачкамі

Камэнтары пра Дагестан, якіх цяпер багата ў нашай дзяржаўнай прэсе, кожнага разу спыняюць на думцы пра асабістую пазыцыю тых, хто гэта ўсё піша. Фактаў не даюць, а толькі камэнтуюць і подпісы ставяць усё болей жаночыя.

Прызнацца, ня так лёгка, седзячы ў Менску, скласьці свой погляд пра тое, што адбываецца ў тых далёкіх гарах ды стэпах. Тая вайна выглядае заканамернай з пункту гледжаньня гісторыі і паходжаньня бакоў: «нашы» прылятаюць самалётамі з Разані й Екацярынбургу, а «іхныя», «чужыя», «бандыты» ваююць у тых аулах, дзе нарадзіліся. Зь іншага боку, жаданьне «адарваць ад Расеі» ўсьлед за Ічкерыяй і Дагестан супярэчыць міжнародным пагадненьням пра непарушныя межы. Хоць няма сумневу, што кожная беларуская (ды й расейская) душа ў глыбіні сваёй адчувае, што Дагестан — усё ж не Расея. Праўда, нельга не сказаць і пра тое, што той маджахедзкі сьвет надзвычай адрозны ад нашага, беларускага.

У такім клубку супярэчлівых пачуцьцяў для беларускага журналіста ягоны маральны і прафэсійны абавязак — адсочваць і рэтрансьляваць праўдзівую інфармацыю. А гэта зусім няпроста. Бо асноўныя нашы інфармацыйныя каналы — расейскія — знаходзяцца ў стане вайны з Басаевым. Ісламскія ваяры таксама не адседжваюцца ў інфармацыйных акопах і вядуць сваю прапаганду. Таму даведацца, ці гэта 3 расейцы і 100 маджахедаў загінулі мінулай ноччу, ці 100 расейцаў і тры маджахеды, найчасьцей немагчыма. Незалежных крыніцаў практычна не існуе. І гэта для нас самае галоўнае.

Гэта пару гадоў таму ў Ічкерыі на прэзыдэнцкіх выбарах працавала група журналістаў з «Нашае Нівы» і, здаецца, толькі зь яе. Дзяржаўныя газэты сваіх не пасылалі. Ну дык мы і стараемся пісаць тое, што ведаем. Хоць аб’ектыўнай інфармацыі ўсё адно бракуе.

І вось у такім становішчы дзяржаўныя камэнтатаркі дазваляюць сабе безапэляцыйныя сьцьверджаньні і нават іронію з удзельнікаў баявых дзеяньняў. «Уже очевидно, что боевики проигрывают». Каму і адкуль відавочна? З таго, што кампанія па зьнішчэньні баявікоў замест двух тыдняў расьцягнутая на некалькі месяцаў? «Полевые командиры просчитались. Вопреки расхожему мнению о слабости Кремля, сегодня наблюдаются четкие действия... Тон задал Путин». Ну, нішто не ратуе афіцыёзных аглядальнікаў ад таго, каб, у горшых савецкіх традыцыях, да кожнай падзеі падыходзіць эмацыйна і з «асабістай зацікаўленасьцю». І гэта пры тым, што базавая інфармацыя даходзіць з трэціх рук. «Ну, што там у нас у Ліване?» — казаў вядомы пэрсанаж менскага быту, вяртаючыся ад станка дахаты.

Што ж, дзевачкі, давайце з пункту гледжаньня прафэсійных беларускіх журналістаў паспрабуем сфармаваць межы нашае дазволенае эмацыйнасьці што да падзеяў на Каўказе. А наш пункт, нагадаю, мусіць фармавацца з гледзішча нацыянальных інтарэсаў той краіны, якой мы грамадзяне.

Вы баіцёся развалу Расейскае Фэдэрацыі. А што калі гэта гістарычная заканамернасьць? Падставаў для такога дапушчэньня больш чым дастаткова. Але наша задача — разгледзець, як той развал ці неразвал паўплывае на нашыя нацыянальныя інтарэсы. Калі апусьціць развагі пра імпэрскую ідэю, рэванш і г.д. (што для нашае незалежнасьці, безумоўна, не на карысьць), дык нам, па вялікім рахунку, трэба будзе разьвіваць дачыненьні зь любой Расеяй — разваленай або не. Магчыма, з многімі, але сумаштабнымі нам і таму больш зразумелымі краінамі і лепей будзе, чым з адной велізарнай. Лепей, чым цяпер. Адкуль тады бярэцца эмацыйнае і нічым не падмацаванае захапленьне Пуціным і іронія з «идеологического босса» Маўладзі Удугава?

Пытаньне, зь якога я пачаў гэтую нататку — пра асабістую пазыцыю нашых афіцыёзных камэнтатараў, — вырашаецца ўрэшце наступным чынам. Нашыя дзевачкі глядзяць расейскія навіны ў тэлевізары і тут жа сядаюць пісаць свае эмацыйныя рэфлексіі з падсьвядомаю думкай пра тое, што спрычыняюцца да расейскага інфармацыйнага поля, а то й канкуруюць з тамтэйшымі Мітковымі ды Сарокінымі. Разумею, што кожная дзяўчынка марыць стаць прынцэсай або прымадонай, патрапіць на эстраду, у фільм ці ў навіны НТВ. Але горкая праўда ў тым, што ў Маскве нашых салідных газэт не чытаюць. Таму пакіньце Дагестан Дагестану і вяртайцеся з далёкіх мрояў на сваю беларускую зямлю. Тут — свае людзі, свая краіна, і тут вас яшчэ могуць запатрабаваць.

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0