ЛІСТЫ Ў РЭДАКЦЫЮ


 

«Зубронак» як сымбаль Бацькаўшчыны

17-га жніўня ўрачыста сьвяткаваліся 30-я ўгодкі лягеру «ЗУБРОНАК» (такую назву паведамляе шыльда перад лягерам).

«На 20-годзьдзе прыяжджаў поўны аўтобус начальнікаў зь Менску, а цяперака — тры дзядзькі», — скардзіліся мясцовыя бабулькі.

Усё было арганізавана ў найлепшых традыцыях. Выязны гандаль кока-колай і печывам, піянэры ў чырвоных гальштуках і расейская папса, сьпевакі зь Менску з рэпэртуарам «Кацюша» і «Прощание славянки», індыйскі факір зь цьвікамі, цырк зь пітонам, разьбіваньне дошак галовамі, уздыманьне чырвона-зялёнага сьцяга пад бязмоўны гімн, «именные часы», прэмія кіраўніку — 15 МЗП, супрацоўнікам — па 1 МЗП, вэтэран камсамольскага руху з успамінамі пра 1969 год.

Тым часам у карпусах цяжка знайсьці гарачую ваду, у прыбіральнях цякуць краны і часам няма вады, у пакоях — дзіркі ў сьценах: здаецца, яны зараз абваляцца. Нават у мясцовай памяткі — самалёта, які стаяў ля сталоўкі — адвалілася крыло, і яго схавалі ў гаражы.

Калі вецер дзьме з боку Нарачы, на вуліцы нельга знаходзіцца — па берагах валяюцца здохлыя вугры, іх выкідае кожны дзень дзясяткамі, сотнямі. Найбольш дасьціпныя мясцовыя жыхары і турысты вэндзяць і прадаюць тхляную рыбу ў Менск на патрэбу «новым беларусам».

У Занарачы — што ля 5 кілямэтраў ад «Зубраняці» — усё шкрабуць і чысьцяць, чакаецца, што ў чацьвер прыляціць на верталёце Аляксандар Рыгоравіч — інспэктаваць мясцовы калгас «імя Леніна» ці «Шлях да камунізму».

Новая беларуская рэчаіснасьць — як нарачанскія вугры: аддае тхлом, але, добрым чынам падвэнджаная і падсмажаная, яна яшчэ можа быць прададзеная.

Алесь Кахановіч, Маладэчна


***

У старажытным Брагіне, у якім яшчэ 20 гадоў таму жыло працэнтаў 80 беларусаў, цяпер зусім іншая этнічная сытуацыя. Яўрэі ўсе зьехалі, шмат беларусаў выселілі пасьля Чарнобылю, і зараз большасьць насельнікаў Брагіна — нелегалы і паўлегалы з Каўказу і Азіі, яны захапілі нашыя (у тым ліку і мой) дамы, будуюць мячэт... З сабой яны прынесьлі ня толькі іслам і цюркcкую мову, але й наркотыкі, крымінал. Яны атрымоўваюць розныя дапамогі (у тым ліку і гуманітарныя для чарнобыльцаў), амаль ніхто зь іх не працуе і таму ня плоціць падаткі.

Максім П., Гомель


 

***

Кажуць, сёлета ў Берасьцейскім унівэрсытэце за чатыры балы за пераказ трэба даць хабар у 400 даляраў. Мабыць, без прэзыдэнцкіх людзей тут не абышлося. Бо просты берасьцейскі рэктар пры такіх жахлівых кантролях, як цяпер, не пайшоў бы на хабар.

Летась у Берасьцейскае мэдычнае вучылішча, каб паступіць, трэ было даць 500 даляраў. А пасьведчаньне аб вышэйшай адукацыі без вучобы каштавала тысячу даляраў, а каб правучыцца ў Берасьцейскім політэхнічным інстытуце, трэба было заплаціць 1,5 тысячы даляраў. І я ведаю хлопца, што ўсе гады вучобы толькі і езьдзіў на заробкі ў Польшчу, каб заплаціць хабар. І з божай дапамогай закончыў. Вось што робіцца пры ўсенародна ізбранным.

Як наконт дзяржаўнай сымболікі, у народзе ходзіць такая прымаўка: «Памяняў коніка на канюшыну».

М.Літвінчук, Берасьце


 

Удакладненьне

У «Нашай Ніве» (№18 ад 9 жніўня) у артыкуле Сяргея Харэўскага «Скрадзены скарб-2», на жаль, ёсьць фактычная неадпаведнасьць. Цытую: «Пасьля сьмерці Эўфрасіньня, якая валодала Крыжом, была далучаная да ліку сьвятых. У запавеце яна пагражала тым, хто возьме Крыж з манастыра, карамі нябеснымі ды вечным праклёнам. Гэта ведалі ўсе, таму Крыж заставаўся некрануты да 1921 году, калі бальшавікі перадалі яго ў Магілёўскі музэй». Акрамя праўды пра бальшавікоў, тут усё атрымліваецца, як у папулярным сэрыяле: «Праўда недзе побач». Па-першае, Эўфрасіньня была далучаная да ліку сьвятых зусім не адразу пасьля сьмерці. Яе кананізавалі толькі ў 1547 годзе. Дагэтуль шанаваньне асьветніцы адбывалася нават не па ўсёй Беларусі, а ў Маскоўскай Русі (як сьведчаць дасьледаваньні Ўл.Арлова, А.Мельнікава) пра беларускую сьвятую ўвогуле амаль ня ведалі да XVI ст. Па-другое, казаць сёньня, што Крыж «заставаўся некрануты да 1921 году» проста недарэчна. Вядома, што празь нейкі час па сьмерці Эўфрасіньні Крыж з Полацку вывезьлі ў Смаленск. Ішло суперніцтва паміж гэтымі гарадамі, і ў гэты пэрыяд перамога была на баку смаленскіх князёў. Пасьля акупацыі Смаленску расейцамі ў 1514 годзе Крыж у якасьці трафэя трапіў у Маскву. У 1563 годзе, калі расейскія войскі акупавалі ўжо й Полацак, Іван Жахлівы загадаў вярнуць сьвятыню на месца. Вось тут якраз спрацавала пагроза праклёну: прымхлівы цар вырашыў не рызыкаваць. Але яшчэ раз у 1840—1841 г. Крыж вазілі ў Маскву і Пецярбург, дзе яго аглядаў Мікалай І, а прыдпрымальнікі з кіраўніцтва праваслаўнае царквы зараблялі вялікія грошы, дазваляючы выкарыстоўваць наш нацыянальны сымбаль у хатніх набажэнствах прыдворнае знаці (крыху пра гэты эпізод у кнізе Л.Аляксеева «Археология и краеведение Беларуси. XVI в. — 30-е годы ХХ в.» — Менск: Беларуская навука, 1996; стар. 56—57).

Сяржук Аржанцаў, Клімавічы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0