Зьміцер Бартосік

Несарваныя танцы

«Што можа прымусiць сёньняшняга маладога чалавека адчуць сябе беларусам?..» Быццам больш цiкавую тэму для размовы ў дарозе знайсьцi было цяжка, чым гэтае пытаньне без адказу. Ды яшчэ едучы ў горад самай брутальнай славы. Казалі, што на ягоных брудных вулiцах скарыстаныя шпрыцы ды прэзэрватывы глядзяцца настолькi ж натуральна, як у Менску абгорткi з-пад марозiва; што ледзь не палова ягоных насельнiкаў хворыя на AIDS, а злыя наркаманы кiдаюцца пасьля поўначы на выпадковых мiнакоў, нiбы вампiры, да крывi кусаючы ахвяру з бруднай мэтай заразiць...

Мы з паэтам Славамiрам Адамовiчам ехалi ў Сьветлагорск, у ваколiцах якога маладыя дэмакраты наладзiлi свой дэмакратычны летнiк i запрасiлi нас выступiць. Так бы мовiць, у вузкiм сьвядомым коле.

Для мяне гэта старая загадка — пачуцьцё беларускасьцi. I што, увогуле, гэта значыць — адчуць сябе беларусам? З панядзелка загаварыць па-беларуску? Выпiсаць суседцы па пляцоўцы «Нашу Нiву»? Урубаць на ўсю вулiцу «Краму» з «NRM»? Цi цытаваць сваёй каханцы згаданага Адамовiча? Я гэтым займаюся ўжо якi год. Нават песенькi сьпяваю. А азвацца беларусам не магу. Штосьцi замiнае. Не дае схлусiць. А нейкi Сярожа з падшыпнiкавага заводу ўжо напiсаў у перапiсной анкеце, што ён беларус i мова яго родная беларуская (што чыстая праўда) i пайшоў кiраць далей, не ўскладняючы жыцьцё лiшнiмi пытаньнямi...

За гэтымi развагамi я і ўехаў у горад, перайменаваны мясцовымi дасьцiпнiкамi ў Сьпiдагорск. Як гэта звычайна здараецца, чуткi былi далёкiя ад праўды й нiчога змрочнага ў аблiччы гораду не было. Хутчэй, наадварот. Сьветленькi, з правiльнай плянiроўкаю вулiц, з акуратнымi дамамi. Якiя будавалi, не парушаючы сасоньнiку, дзякуючы чаму яны выглядалi хутчэй санаторнымi карпусамi, чым рабочым пасёлкам. Асаблiва ўразiў сваiмi памерамi нэагатычны касьцёл, нядаўна пабудаваны на ўзьбярэжжы Бярэзiны. Я папрасiў сябра, каб той мяне сфатаграфаваў на тле бажніцы.

Спаткаўшыся зь мясцовым актывiстам БНФ i аўтарам «Нашай Нiвы» Вадзiмам Болбасам, мы ўразiлiся яшчэ больш. Мясцовы Беларускi лiцэй лiчыцца самай прэстыжнай школаю гораду, куды мясцовая элiта намагаецца ўладкаваць сваiх чадаў. I конкурс на паступленьне штогод павялiчваецца. Мы зь сябрам прыйшлi да высновы, што тут можна жыць ня менш поўным беларускiм жыцьцём, чым у сталiцы. Мне нават падумалася, што ў бэтонным сацыялiстычным горадзе адчуць сябе беларусам значна лягчэй. Тут няма гiстарычных муроў, сталiчных тусовак, натуральнай вясковай гаворкi, тут ёсьць дзьве тысячы iнфiкаваных AIDS, але зь іншага боку, тут — несавецкай архітэктуры касьцёл на беразе ды несавецкая прэстыжная адукацыя. I гэтага, аказваецца, цалкам дастаткова, каб выбраць памiж савецкiм i беларускiм.

Наш выступ меўся адбыцца ў адным бярэзiнскiм санаторыi, на тэрыторыi якога юныя дэмакраты разьбiлi свой намётавы гарадок. Я чакаў звычайных вечаровых пасядзелак ля вогнiшча з гарэлкай, гiтараю ды вершамi, але санаторская адмiнiстрацыя папрасiла выступiць «перад нашымi аддыхаюшчымi». Можа яна прыняла нас за «пiсацелей», цi сапраўды ёй хацелася пачаставаць клiентуру жывым аўтарам «Убей президента»... Адмовiць у просьбе мы не маглi.

А дзясятай гадзiне да санаторскай эстрады пацягнулiся купкi мясцовай моладзi з мэтаю патанчыць пад «ветер с моря дул». Чалавек сто са зьдзiўленымi тварамi абступiлі вялiкую танцпляцоўку. Некаторыя ўжо пасьпелi выпiць. Сьпевы й вершы на мове продкаў у iх пляны нiяк не ўваходзiлi. Я гэта зразумеў зь першых акордаў. Тым, зрэшты, цiкавейшым было нашае становiшча.

Мае апасеньнi, што нас прагоняць адразу, ня спраўдзіліся. Нас слухалi. I чым далей, тым больш уважлiва. Асаблiва Славамiраву паэзiю. Як толькi праз дынамiкi загучала: «Ты ведаеш, так файна быць з табою I вызваляць твой рот ад успамiнаў Пра тых, што цалавалi проста так, Бо думалi пра як бы зьдзейсьнiць акт», да сцэны пацягнулiся юныя аматаркi паэзii гадоў трынаццацi. Не апазыцыi трэба эфiр на дзяржаўным радыё патрабаваць. А даць хаця б адну гадзiну Адамовiчу...

Пасьля ягонай iмпрэсii маёй гiтары дадаць амаль не было чаго. Ня вытрымаўшы, некаторыя дзецюкi пайшлi танчыць пад мае ня вельмi спрыяльныя для гэтага занятку рытмы. Калi я засьпяваў «Сэксрэвалюцыйную», нейкi «сьветлагорскi наркаман», увесь у татуiроўках i з шалёнымi вачыма, падбег да эстрады і ў неверагодна радасным экстазе залямантаваў: «Зьмiцер, наша нацыя выраджаецца!» Пасьля чаго, скiнуўшы кашулю, зноў кiнуўся ў скокi.

Насамрэч ён, сам не разумеючы таго, нас вельмi пераканаў у адваротным. Танцы пад Кiркорава спазьнiлiся на гадзiну. А маглi б, як мяне пераконвалi пасьля, i не адбыцца ўвогуле.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0