Кліенты беларускіх банкаў, жадаючыя атрымаць крэдыт, усё часьцей сутыкаюцца з адмовай. «Няма рэсурсаў»— звычайны адказ. Спецыялісты лічаць такі стан банкаўскай сістэмы заканамерным вынікам падвышэньня цэнаў на расейскія энэрганосьбіты.

Галоўны бухгалтар прыватнай фірмы, у якога працэс атрымання спажывецкага крэдыту расцягнуўся на 5 месяцаў, распавёў прэс‑цэнтру Хартыі’97 сваю гісторыю:

— У Cлавянскім адзяленьні «Белінвестбанку», якое абслугоўвае фірму, дзя я працую, мне паведамілі, што крэдыты часова не выдаюцца, таму што скончыліся рэсурсы. У гордырэкцыі мяне абнадзеілі: маўляў, рыхтуйце дакумэнты. Гэта было ў студзені. Калі праз 2 месяцы я прынёс паперы, мне паведамілі, што крэдыты пакуль не выдаюць, але паперы прымаюць. (Пазьней адмовіліся рабіць і гэта.) Каб не чакаць невядома колькі, зьвярнуўся у «Белпрамбудбанк», дзе маю з 1994 года рахунак індывідуальнага прадпрымальніка. Там прапанавалі рыхтаваць дакумэнты. Праз месяц, калі яны былі падрыхтаваны ў гэтым банку таксама скончыліся рэсурсы... — паведаміў Сяргей.

Днямі ў «Белпрамбудбанку» Сяргею ўсё ж паабяцалі выдаць крэдыт. Спажывецкія крэдыты не такія вялікія (3‑5 мільёнаў рублёў). Куды зьніклі рэсурсы для крэдытаваньня насельніцтва? Яшчэ ў мінулым годзе крэдыты, па словах супрацоўніцы банку, давалі ўсім хто хоча, абы бралі. Сёлета крэдытная лінія скарацілася да паўгоду, сталі больш жорсткія патрабаваньні: цяпер патрабуецца 2 гаранта замест аднаго. Няўжо крэдытаваньне насельніцтва стала нявыгадным?

У аддзеле крэдытаваньня «Белпрамбудбанку» так патлумачылі прэс‑цэнтру Хартыі’97 сытуацыю з часовым дэфіцытам рэсурсаў:

— Напачатку году адток сродкаў з банкаўскай сістэмы — тыповая з’ява. Людзі здымаюць грошы з рахункаў, робяць буйныя пакупкі, падарункі на калядныя святы. Мы вымушаны трохі лімітаваць аб’ём выдачы крэдытаў. У гэтым годзе сітуацыя ўскладнілася нафта‑газавым крызісам. Істотна павялічыўся адток сродкаў з банкаўскай сістэмы на крэдытаваньне прадпрыемстваў, з мэтай іх адаптацыі да высокіх коштаў на энэрганосьбіты. Увогуле, наша задача — падтрымка беларускіх прадпрыемстваў. Спажывецкія крэдыты ў нашым актыве складаюць мізэр. Хаця гэта выгодна для банку. Інакш мы бы гэтым не займаліся, — кажа спецыяліст аддзела.

Доктар эканамічных навук Леанід Заіка тлумачыць асьцярожнасьць камерцыйных банкаў з выдачай рублёвых крэдытаў высокімі рызыкамі:

— Крэдытаваньне нацыянальнай валютай ва ўмовах непрадказальнай інфляцыі вельмі небяспечнае. З пачатку года рызыкі банкаў істотна павялічыліся і яны нічым не кампенсаваныя, таму натуральна, што банкі імкнуцца прытрымаць свае рэсурсы. Зараз самыя высокія рызыкі няпэўнасьці ў беларускай эканоміцы. З‑за зменаў коштаў на энерганосьбіты паступленьні валюты ў краіну, якія гарантавалі стабільнасьць рубля, істотна знізіліся. Цяпер банкам мэтазгодна выдаваць хіба што валютныя крэдыты. Такая сітуацыя хутчэй за ўсё пратрымаецца да кастрычніка, ‑‑ заявіў экспэрт прэс‑цэнтру Хартыі’97.

Дасьведчанные людзі таксама мяркуюць, што беларуская эканоміка «перагрэтая» і існуе сур’ёзная пагроза роста інфляцыі. Банкаўская сістэма сутыкнулася з дэфіцытам наяўных беларускіх рублёў і адсутнасьцю магчымасьці іх закупаць у Цэнтрабанка з‑за памяньшэньня валютных паступленьняў у краіну. Па прычыне неразвітасьці ўнутранага рынку каштоўных папераў, дэфіцыт беларускай наяўнасьці без дэвальвацыі рубля ў нашай сытуацыі можна ліквідаваць толькі праз знешнія займы і продаж дзяржаўнай уласнасьці. Але і гэтыя не самыя папулярныя захады ня вельмі атрымліваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?