23.08.1999 / 13:00

Размаляваная падлога

№ 20 (141), 1999 г.


 

Размаляваная падлога

Лёнік ізноў зьдзівіў усіх, — паведаміла варшаўская «Gazeta Wyborcza»

 

Падлога, пакрытая палосамі фіялетавага, аранжавага і жоўтага колеру, выглядае як водсьвет сонца на зямлі ці траве. Гэтая кампазыцыя ўзьдзейнічае сваёй прыгажосьцю, а яшчэ тым, што нячаста сёньня пабачыш малюнак на падлозе.

Лявон Тарасэвіч — натхнёны, крынічны, ненасычаны... Напэўна, ёсьць яшчэ шмат прыметнікаў, якія б выказалі той голад, які ён адчувае. Голад маляваньня? Хутчэй, голад ахопліваньня прасторы і самавыражэньня. Ён не здабытчык, які задавальняецца тым, чаго дасягае, хутчэй — вандроўнік, які ахоплівае і прыўлашчвае тое, што бачыць, а потым адкідае без шкадаваньня.

Зь сярэдзіны 80-х Тарасэвіч малюе проста на сьценах галерэяў, а ягоныя кампазыцыі па сканчэньні выставаў папросту замалёўваюцца. І тады зьяўляюцца наступныя — на сьценах, у створаных часова тунэлях і калідорах. Цяпер Тарасэвіч пашырыў абшар сваёй экспансіі і кінуў карціну проста на падлогу, ператвараючы нецікавае і асуджанае на галерэйнае дажываньне нутро Галерэі жывапісцаў на Мазавецкай вуліцы ў Варшаве ў свой суцэльны твор. 145 квадратных мэтраў падлогі былі пакрытыя тынкам і шматкаляровым акрылам. Пасьля завяршэньня выставы гэтая кампазыцыя таксама зьнікне.

Нежаданьне прывязвацца да мясьцінаў і рэчаў заўважнае таксама ў эвалюцыі алейнага жывапісу Тарасэвіча. На найноўшых ягоных карцінах на палатне (жнівень 1999) пакладзены вельмі тоўсты слой фарбы. Аднак парадаксальна — чым болей фарбы, тым менш вагі. Малыя, размашыста напісаныя абстрактныя карціны нагадваюць квадраты, выцятыя з шырокае плыні фарбы. Мы глядзім у іх як у адлюстраваньні каляровых прамянёў сьвятла. Гэтак і падлога, пакрытая палосамі фіялетавага, аранжавага і жоўтага колеру, выглядае як водсьвет сонца на зямлі ці траве.

У сваім прадстаўленьні ў каталёгу сёлетняй пэрсанальнай выставы ў прэстыжнай варшаўскай галерэі «Захэнта» Тарасэвіч згадвае свае дзіцячыя перажываньні ад наведваньня царквы ў Гарадку на Беласточчыне (дзе нарадзіўся і дзе цяпер жыве), «цалкам пакрытай фрэскамі». У даўнейшых бажніцах ня толькі сьцены і скляпеньні, але й падлога бывала тэрыторыяй мастацтва. У базыліку сьв. Марка ў Вэнэцыі ўваходзіш, як у нутро аздобленай шкатулкі. Сьвет пераварочваецца дагары нагамі, бо нябесны парадак намаляваны ўнізе.

Жывапіс Тарасэвіча, які часам пагардліва называюць «шпалерамі», мае падобную функцыю зачароўваньня прасторы. У гэтым сэнсе ён мае дачыненьне з сакральнай прасторай, бо менавіта яе дзеліць і парадкуе. Ведаючы, што Тарасэвіч нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і, мы зьвязваем яго з чымсь духова вышэйшым. Падобныя адносіны да мастацтва праваслаўнага Ежы Навасельскага. Ці не вынікае гэта з вонкавай пэрспэктывы? Існуе, напэўна, ілюзорнае, перакананьне, што праўдзівая духоўнасьць там, а ня тут. Таму ў спрэс каталіцкай Польшчы ўсё праваслаўнае, а ў тым ліку і жывапіс беларуса Тарасэвіча, успрымаецца з асаблівым піетэтам.

Адначасова было б цяжка давесьці, што мастацтва Тарасэвіча больш містычнае, чым творы іншых знакамітых мастакоў. На сёлетняй выставе ёсьць трохі містыкі, але ёсьць і трохі жарту. Выстаўлены вясковы пэйзажык 1972 году (мастаку было 15 гадоў) выконвае падвойную функцыю — даводзіць, што мастак умее маляваць «па-сапраўднаму»: дом як дом і капа сена як капа сена. Зь іншага боку, ён паказвае, як далёка мастак пайшоў у сваім сынтэтычным пераасэнсаваньні натуры.

Ёсьць і яшчэ адзін жарт. У Галерэі жывапісцаў, апрача заляў, занятых сёньня ў большасьці пад кампазыцыі, створаныя Тарасэвічам на падлозе, ёсьць таксама невялічкая прастора — залька бяз вокнаў і зь вялізным люстрам, якую так ня любяць мастакі, бо карціны выглядаюць там мёртва і дрэнна. Тарасэвіч тую зальку затапіў. Выклаў падлогу плястыкавай фольгай і напусьціў туды вады, зьмяшанай з блакітнай фарбай. Утварылася возера ці, калі хочаце, басэйн. Ня варта аднак пераймацца і цьвердзіць, што Тарасэвіч кінуў мастацтва і цяпер замест карцін будзе ствараць басэйны — гэта ўсяго толькі ідэя пераўвасабленьня канкрэтна галерэі. Але ня толькі. Бо тут паўстаюць параўнаньні з самой эвалюцыяй, якая зарадзілася ў вадзе. Вось мы былі рыбамі, а цяпер выпаўзаем на сушу, на беразе відаць трава, дрэвы, нагрэты пясок.

Магчыма, мастак кажа нам, што кожнага разу, калі малюе карціны, перажывае нешта накшталт паўторнага нараджэньня? Калі так, дык няма больш аптымістычнага мастака за Лявона Тарасэвіча.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру