Незнаёмец

Прыяцель-журналіст падзялiўся нядаўна сваiм уражаньнем ад выпадковай сустрэчы. Неяк забег ён у беларускi ПЭН-цэнтар. Тут ягоную ўвагу прыцягнуў дзiўны стары, зусім не савецкага паходжаньня, які засяроджана сядзеў за iнтэрнэтам. Прыяцель мiжволi зачараваўся. Яму падалося, што недзе ён ужо бачыў гэтага чалавека, так не падобнага нi вопраткай, нi выглядам да нашых пэнсіянэраў. Мадэльныя скураныя туфлi, яўна не базарныя джынсы, модная, яркая кашуля гарманiзавалi з пахам дарагой парфумы. Асаблiва прыяцелю кiнулiся ў вочы доўгiя сiвыя валасы старога, што няроўна спадалi на плечы. Для паўнаты вобразу старога, расказваў прыяцель, не хапала доўгай цыгары цi якой завушнiцы. «Хто ж гэты каўбой?» — асьцярожна запытаўся прыяцель. — «Ты што, не пазнаў, — адказалi яму, — гэта ж Быкаў. Завiтаў да нас зь Фiнляндыi». Адказ прыгаломшыў. Рэч у тым, што мой сябра раней ня раз браў у Васіля Быкава інтэрвію.

Гэтую гісторыю я згадаў у кнiгарнi, дзе на вочы мне трапiлася новае выданьне твораў Быкава, якiм выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» вырашыла распачаць сваю сэрыю «Беларуская проза ХХ стагодзьдзя». У зборнiк, якi называецца «Знак бяды», увайшлi, акрамя згаданай у назьве кнігі, яшчэ дзьве аповесьцi — «Сотнiкаў» i «Пакахай мяне, салдацiк». Падборка досыць удалая — гэтыя тры творы, напiсаныя зь перапынкамі ў дванаццаць гадоў, з 70-га па 95-ты, можна лiчыць вехамi ў творчасьцi майстра. Стваралася ўражаньне, што якасьцю кнігі «Мастацкая лiтаратура» старалася затушаваць усiм памятную прыкрую гiсторыю зь невыданьнем быкаўскай «Сьцяны».

Цiсьнёная папера вокладкi, густоўнае спалучэньне розных шрыфтоў, выкарыстаны ў афармленьні фрагмэнт карцiны Фэрдынанда Рушчыца «Зямля» i нiводнай хiбы ў пераплёце. Усё зроблена, каб жаданьне купiць гэтую кнiжку ўзьнiкла нават у таго, хто нiколi Быкава не чытаў.

Купiў зборнiк i я. Каб упрыгожыць палiцу. Цi бачыў яе сам аўтар — ня ведаю. Мне чамусьцi здаецца, што гэты том — апошнi, так бы мовiць, плён супрацоўнiцтва згаданага дзяржаўнага выдавецтва й самага вядомага беларускага пiсьменьнiка. Яны яго таксама ўжо не пазнаюць. Тады як ён iх пазнаў даўно.

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0