РЭЦЭНЗІІ
Уздоўж
Вячаслаў Адамчык. Разьвітальная аповесьць. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 448 с.
Ці не заўважаў ты, чытачу, што падворак, на якім ты ў дзяцінстве разам з суседзкімі аднагодкамі дні навылёт гуляў у хованкі, прыкметна зьменшыўся ў памерах і на тваё сёньняшняе вока зусім не прыдатны ні для тарзанаў, ані для казакоў-разбойнікаў. Ці не заўважыў, што ў прынцыпе ўсё ў гэтым жыцьці склалася зусім ня так, як было задумана, што сьвет ня тое што перакуліўся з ног на галаву альбо наадварот, проста шчыміць і душыць думка, ці то гэта ўсё вакол счужэла, ці то счужэў ты сам. І здарылася гэта толькі з табою. Калі цябе, чытачу, хоць на хвіліну ахіналі падобныя настроі, дык у новай аповесьці Вячаслава Адамчыка ты зможаш пачуць, а самае галоўнае, пазнаць знаёмую мэлёдыю.
Стары чалавек — гэта той, хто стаіць ля вакна, пільна ўзіраецца ў тлумны дарожны рух, але зусім не цікавіцца тым, што адбываецца на той пыльнай вуліцы. Герой «Разьвітальнай аповесьці» Генрык Самец — сам удзельнік тлумнага руху. Ён вяртаецца на Радзіму, на Бацькаўшчыну, але ягонае вяртаньне зусім не падобнае на Адысэеву мадэль вяртаньня, бо ён адно імітуе, што ягоны рух мае мэту, да якой можна дакрануцца рукою. Герой едзе не на Бацькаўшчыну, не да бацькавай і матчынай магілы, не да сваякоў і суседзяў, а міма іх, ён абмінае непазьбежныя сустрэчы й прыпынкі, разумеючы, што, па вялікім рахунку, гэтыя абавязковыя складнікі альгарытму вяртаньня зусім не дададуць ані яснасьці ў тым, дзе ты й хто ты, ані вычарпальных адказаў на пытаньні, што хвалююць цябе ладны кавалак часу, а калі быць дакладным — палову стагодзьдзя.
Герой не баіцца наступіць на граблі, што схаваў лёс у траве паплавоў нашага маленства. Ён пра іх ня думае, калі імкнецца заставацца на недасяжнай адлегласьці ад людзей, сярод якіх пачаў сваё жыцьцё. Той магніт, што не дазваляе Генрыку Самцу наблізіцца да гэтых людзей і зрабіць іх рэальнымі саўдзельнікамі сваёй вандроўкі — гэта магніт няёмкасьці перад імі за тое, што ня можаш прыгадаць імёнаў, за тое, што калісьці зусім неадэкватна зразумеў іхныя намеры ды ці мала за што яшчэ. І едзе герой у тлумным аўтобусе, па пыльных дарогах беларускай правінцыі, і толькі ён сам сабе можа прызнацца ў тым, што дарога ягоная па сутнасьці — гэта ўцёкі ад свае самоты і «гнятлівага адчуваньня свае блізкае сьмерці».
У гэтай кароткай рэцэнзіі я вылучу яшчэ твор «На крыльлях смутку й адзіноты», жанар якога сам Вячаслаў Адамчык акрэсьліў як «Старонкі зь дзёньнікаў». У адрозьненьне ад вельмі бэлетрызаваных нататак у «Бэрлінскім дзёньніку», якія таксама ўвайшлі ў гэты том, «На крыльлях...» маюць усе прыкметы прыватных зацемак, не разьлічаных для публікацыі, і напісаныя зусім яшчэ не заўважаным, а таму няўпэўненым у сабе аўтарам. Няхай дзёньнікавыя запісы й былі перапрацаваныя Вячаславам Адамчыкам для гэтае публікацыі, але, тым ня менш, захавалі цымус «нататак для сябе».
Андранік
Бомба
Бутромеев В. Корона Великого Княжества: Диссертация в полном смысле этого слова на тему: кто же такие белорусы, откуда взялись и что они делают во всемирной истории. — Масква: ОЛМА-ПРЕСС, 1999. — 336 с.: іл. — Наклад 1000 ас. ISBN 5-224-00193-5
Калі чалавек упершыню сутыкаецца з грамадзінаю Мірскага замку, ён ня можа адразу ахапіць неахопнае, таму што вочы разьбягаюцца ад хараства, але падсьвядома адразу ж адзначае, што бачыць нешта неверагодна прыгожае. І адразу вырашае для сябе, што ў гэтую казку хочацца вяртацца зноў і зноў. Так, разгортваючы новую цудоўна выдадзеную кнігу Ўл.Бутрамеева, адразу разумееш, што даўным-даўно нічога падобнага ў руках не трымаў і тым больш не чытаў, і прагнеш працягу...
Наша літаратура, на жаль, забедная на вытанчаныя стравы, прыгатаваныя на манер «Чорнага замку Альшанскага». Тым прыемней трымаць у руках, гартаць, чытаць і перачытваць цудоўныя старонкі «Кароны...». Тут ёсьць усё: гісторыя, каханьне, прыгоды, прыхаваныя інтрыгі і таемная дыпляматыя, нястрымная сьмеласьць і пікантныя анэкдоты. Гэтая кніга ёсьць россыпам дасьціпных жартаў і зьедлівых шпілек. Тут ёсьць усё, чаго так доўга, ажно з 1984 году, нам не ставала. Уладзімер Бутрамееў працягвае ланцуг гістарычных авантур у духу Ўладзімера Караткевіча. На працягу ўсёй дысэртацыі з Вамі размаўляе, пераконвае, сьмяшыць і забаўляе АЎТАР, чыё сэрца ссумавалася па велічы ўласнай Радзімы.
Чытаеш, марыш, з галавой заглыбляесься ў казку. Узмахнуў чароўнай палачкай — раз, і вярнулі Вільню, Смаленск, Беласток і іншыя нашыя землі, бачыш, і зноў бы прасьцёрлася ад мора да мора вялікая дзяржава. Узмахнуў другі раз — і аднавілі б дзеяньне «Статута», узмахнуў трэці раз — і на чале краіны стаў бы чалавек узроўню Льва Сапегі, у горшым выпадку, па вэрсіі Ўл.Бутрамеева — ягонага сына Антона Сапегі. Мары, мары...
Рэальнасьць жа такая, што кнігу прачытаюць адзінкі, бо «шчырыя» беларусы зь недаверам ставяцца да расейскамоўных тэкстаў, да таго ж для сярэднестатыстычнага беларуса кошт недаступны — усё ж такі дзясятая частка сярэднямесячнага заробку, а наклад усяго тысяча асобнікаў. Апошняя акалічнасьць ні ў якім разе не прыніжае годнасьці аўтара і ягонай працы. Што тут казаць — па сёньняшніх мерках гэта норма. Камэрцыйны посьпех дысэртацыі на тэму «Хто ж такія беларусы, адкуль яны ўзяліся і што яны робяць у сусьветнай гісторыі» больш чым сумнеўны ў краіне, дзе нават простыя нашчадкі Палуты Бадуновай, маючы па тры вышэйшыя адукацыі, ня ведаюць пра ролю сваёй прабабкі ў гісторыі Беларусі.
І ўсё ж кніга Ўл.Бутрамеева — гэта сэнсацыя, гэта бомба. Яе выдалі — значыць, бомба выбухнула.
Г.Туровіч