Паштовая скрынка


Сяргею Б. з Гомеля. Фантастыка трохі ў стылі «Маладосці» 80-х гадоў. «Гістарычная сэксалёгія» — OK. Але сэксалёгія — гэта мадэрнізм, а сагі — клясыка. Жывых саг ня кідайце — гэта вечнае і Ваша. Пра Сьветлагорск, напрыклад? «Улялюм» ужо ёсьць у трох перакладах. Мо до, а мо й ня до.

Алесі С. зь Менску. Лепш пісаць не «сярод сяброў Алесі Серада», а «сярод сяброў Алесі Серады».

Юрасю Ч. зь Пінску. Прымаем.

Андрэю В. зь Менску. Галоўнае, што мае рабіць мужчына — ён мае перадусім заставацца спакойны. Кватэра, машына плюс хата ў вёсцы — гэта і ёсьць Беларусь і яе ідэя. Гэта калі лічыць Ваш допіс за пытаньне.

Леаніду Г. з Гарадку. Друкуйце. Перадамо.

А.Ч. з Польшчы. Расейскія антысэміты пры канцы 80-х хадзілі зь лёзунгам: «Кто куріт, пьёт віно і піво, тот пособнік Тель-Авіва». Каб жа і нам не заварыць такой куцьці. У старых грэкаў было вельмі важнае паняцьце «энкратэя» — стрыманасьць, умеранасьць, якая лічылася адной зь пяці галоўных цнотаў побач з мужнасьцю й мудрасьцю. Менавіта мера часта праводзіць нябачную і цяжкую да акрэсьленьня граніцу між зямным і заганным, харошым і паскудным. Сапраўды, мастацтва жыцьця ёсьць мастацтвам густу й меры. А гэта — «п’яніц у Беларусі хапае і без рэклямаў і конкурсаў» — слушна.

Максіму П. з Гомеля. Пытаньне «што аб’яднае беларусаў» у Вашым кантэксьце гучыць чыста рытарычна. Няма такой краіны, дзе ўсе былі б адной думкі. А гістарычныя прыклады таго, каб наяўнасьць розных думак у грамадзтве прыводзіла да грамадзянскай вайны, адзінкавыя. Гэта проста катастрафізм нейкі, узрошчаны нашымі афіцыйнымі мэдыямі й літаратурай. «Каб не засталося пакрыўджаных і незадаволеных»: заўсёды і ўсім задаволеныя тыя, хто нічога ня робіць. Словы «пладавітыя і ўстойлівыя» — калі пра выхадцаў з Цэнтральнай Азіі — гучаць палітычна некарэктна. Што калі сядзяць і нічога ня робяць, дык усё здаецца благое — гэта ўсе ведаюць.

Віктару Д. зь Менску. «Ліцьвіна» ў нас няма. Пішаце надта добра, але пра што?

Кастусю Траўню зь Менску, Прафэсару Каркарану зь Менску, Лідзе Куратавай з Дружнага. Зьвярніцеся ў рэдакцыю па ганарар.

Уладзімеру Аніськевічу з Баранавічаў. Ваш прыз за конкурс «Піва за Беларусь» ляжыць у рэдакцыі, прыедзьце па яго або паведамце Ваш адрас, мы Вам поштаю дашлем.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0