Беларускі спартсмен Вячаслаў Харанека ўстанавіў новы сусветны рэкорд у падыманні цяжараў

Другі адкрыты Кубак часопіса «АграБаза» па гіравым спорце прайшоў 6 чэрвеня ў Мінску на выставе «Белагра‑2007» у межах «Беларускага аграпрамысловага тыдня». Свой чарговы сусветны рэкорд падчас спаборніцтваў устанавіў вядомы беларускі спартсмен, рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса, уладальнік вялікай колькасці сусветных і нацыянальных рэкордаў па падыманні цяжараў, майстар спорту міжнароднага класа Вячаслаў Харанека.

Седзячы на шпагаце, В.Харанека за пяць хвілін падняў над галавой 24‑кілаграмовую гіру 80 разоў. Гэта 124‑ты рэкорд асілка ў падняцці цяжараў.

Як паведаміў В.Харанека ў інтэрв’ю БелаПАН, тым самым сёння ён пабіў свой уласны ранейшы вынік — 77 разоў за пяць хвілін, які быў устаноўлены ў 2006 годзе ў Літве.

Цаперашні рэкорд зафіксавала судзейская брыгада на чале з прадстаўніком федэрацыі па рэгістрацыі нетрадыцыйных рэкордаў Міжнароднай федэрацыі гіравога спорту. Паводле слоў В.Харанекі, гэтае дасягненне таксама ўвойдзе ў Кнігу рэкордаў краін СНД і Балтыі.

Характэрна, што чарговы рэкорд Вячаслаў Харанека ўстанавіў у свой дзень нараджэння — 6 чэрвеня яму споўнілася 46 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?