Зь Беларусі за суботу й нядзелю

  

Паказальныя выступы ў Баравой

У Баравой пад Менскам у нядзелю прайшлі паказальныя выступленьні і авіяшоў з нагоды 65-годзьдзя ўтварэньня нацыянальнага авіяклюбу.

 

У Лашы разьбілі помнік Карскім

У вёсцы Лаша Гарадзенскага раёну на мясцовых могілках нехта разьбіў на кавалкі чыгунны помнік, устаноўлены ў міжваенны час Іванам Карскім — дзядзькам акадэміка Яўхіма Карскага, аўтара «Беларусаў». Помнік меў выразныя ўніяцкія рысы. На прымацаванай шыльдзе былі пазначаныя прозьвішчы ўсіх Карскіх, пахаваных у тутэйшай зямлі. Краязнаўца Апанас Цыхун лічыць, што гэта сатаністы прылажыліся. Сп. Цыхун падрыхтаваў быў мэдальён Івана Карскага, знанага фальклярыста, каб прымацаваць на магіле апошняга, аднак цяпер вагаецца — ці ня пойдзе на глум і гэты знак? Ён жа на могілках выявіў яшчэ адну закінутую магілу сваяка акадэміка Яўхіма Карскага. Варта тут прыгадаць, што пару гадоў таму ў Лашы зачынілі музэй акадэміка.

З Горадні — Антон Лабовіч

 

Маўчы і дыш

У пятніцу ў Менску пачаліся перамовы паміж прадстаўнікамі Лукашэнкі і апазыцыі. Тэмаю былі тэлебачаньне й прэса. Апазыцыя патрабавала часу на тэлебачаньні. АБСЭ дабівалася, каб арганізавалі тэледэбаты. Лукашэнкаў жа прадстаўнік Сазонаў нічога не дабіваўся — сядзеў, маўчаў, ветліва пасьміхаўся і абяцаў разгледзець прапановы. Дзіўная пазыцыя апазыцыі — яна не патрабуе, каб у краіне кожнаму было дазволена ствараць радыё й ТВ, не патрабуе аднавіць Радыё 101,2, а вымагае міфічнага часу на БТ. Быўшы Лукашэнкам, мы далі б ёй гэты час. Хай нагаворацца адзін перад адным.

 

Бойка пад Воршай з нунчакамі

Учора на Крапівенскім полі прайшоў традыцыйны фэстываль на ўгодкі бітвы пад Воршай. На сьвята нечакана прыехалі 60 хлопцаў з суполкі «Край» — той, што прайшла шэсьцем з паходнямі ў Горадні ў красавіку. Яны правялі паказальныя рукапашныя баі і бойкі з нунчакамі. Гэта было цікавей, чым рыцарскія баі.

З Крапівенскага поля — Андрэй Мялешка

 

Такія дактары

У Берасьці адзін чалавек, Уладзімер К., захварэў на гемарой, пайшоў да дактароў, тыя яму выпісалі лекі, а не сказалі, што яны несумяшчальныя з алькаголем (мо й ня зналі). А ён увогуле ня піў, але трохі выпіваў. Ну, і зьеў тых таблетак ды ўвечары трохі выпіў — ужо два тыдні ў энцэфалітным стане ляжыць у рэанімацыі.

Зь Берасьця — Аляксандра Коўтун

 

БАСу — 10

18 верасьня Беларускае аб’яднаньне студэнтаў у Польшчы (БАС) адзначыць свае 10-я ўгодкі. З нагоды ў Супрасьлі ў культурным асяродку «Пушча» адбудзецца ўрачыстая вечарына. Сярод запрошаных гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч. Мяркуецца, што й Сяржук Сокалаў-Воюш з Прагі пад’едзе.

З Горадні — Антон Лабовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0