«Балтыйскія хвалі» атрымалі ліцэнзію

На мінулым тыдні беларускае радыё «Балтыйскія хвалі» нарэшце атрымала ў Камісіі радыё і тэлебачаньня ліцэнзію на вяшчаньне. Чацьвёра заснавальнікаў — літоўцы на чале з дэпутатам Сэйму Р.Плейкісом, а чацьвёра — нашы, зь Беларускага Інфармацыйнага Цэнтру. Справа з гэтай ліцэнзіяй цягнецца яшчэ зь вясны, пра што мы ня раз пісалі. То літоўцы баяліся, што нацэленае на Беларусь радыё падарве добрыя дачыненьні з суседняй краінай, то пасол РБ У.Гаркун хадзіў паходы ў літоўскую прэзыдэнтуру, каб «пресечь», а то нават Лукашэнка раз-другі заявіў, што ён ужо «пресёк». Ажно Літве, відаць, свабода слова даражэйшая за нелегітымнага суседа, і таму вынік ёсьць. Мяркуецца, што радыё пачне працу з новага году, будзе вяшчаць на сярэдніх хвалях. Праграма складаецца з уласных інфармацыйных перадачаў, а таксама з рэтрансьляцыі беларускага Радыё Свабода, беларускай праграмы польскага Радыё-5 і сяго-таго яшчэ. Такім чынам, новае радыё прапануе слухачу («Балтыйскія хвалі» будзе добра чуваць у Менску) паўнавартасны ранішні і вечаровы інфармацыйны эфір — без цэнзуры.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0