Лісты ў рэдакцыю

 

Заасфальтавалі брук на Жыдоўскай

Сёньня давялося стаць сьведкам зьнішчэньня кавалку брукаванай вуліцы, напэўна адзінага, які захаваўся ў нашым горадзе да гэтага часу — на былой вуліцы Жыдоўскай (пазьней нейкія КАЛЕКІ на галаву назавуць яе КАЛЕКтарнай). Яшчэ год таму тут, на скрыжаваньні яе з Рымарскай можна было пабачыць куток старога Менску — стаялі драўляныя дамы адмысловай архітэктуры, зьбягала ў бок Нямігі брукаваная вуліца, шумелі высокія дрэвы. Зараз ад усяго гэтага нічога не засталося — дамы зруйнавалі, дрэвы высеклі, кругом ляжыць асфальт. Тое самае робіцца й за Менскам. Некалі на станцыі Аляхновічы, у напрамку Маладэчна, стаяў будынак вакзалу, адзіны такога кшталту, які захаваўся ў Беларусі (калі даваць веры газэтам). Вакзал гэты ў свой час бачыў Максіма Багдановіча. Цяпер на тым месцы, дзе ён стаяў, растуць некалькі кволых дрэўцаў. Да нядаўняга часу на беразе Сьвіслачы каля Палацу спорту месьціўся «помнік прамысловай архітэктуры пачатку ХХ ст.» (зноў жа, калі верыць афіцыйным крыніцам) — будынак былой бісквітнай фабрыкі. Зараз тут роўнае поле. Такія вось думкі могуць выклікаць трыццаць мэтраў бруку на былой вуліцы Жыдоўскай.

Вячка Васілёнак, Менск

 

Хто такі І.Цытовіч?

У 1843 годзе І.Цытовіч апублікаваў у часопісе «Маяк» артыкул «Два словы аб мове і пісьменнасьці Белай Русі», у якім ставіў пытаньне аб неабходнасьці разьвіцьця беларускае літаратуры і, у якасьці прыкладу, прывёў віншавальны верш «Чалом, чалом, ацец, татулька». Вядомы беларускі літаратуразнаўца і гісторык Генадзь Кісялёў лічыць аўтарам артыкула публіцыста і пэдагога Іосіфа Парфір’евіча Цытовіча (1811(?)—1870), які «скончыў Магілёўскую духоўную сэмінарыю. З 1835 году працаваў настаўнікам моваў у Віцебскай і Полацкай духоўных вучэльнях, з 1844 — у дваранскай вучэльні і гімназіі, наглядчык павятовай вучэльні ў Панявежы».

Калі прачытаць гэты артыкул, дык адразу відавочна: яго аўтар — высокаадукаваны чалавек, таленавіты літаратар і крытык. У кнізе беларускага гісторыка Ўладзімера Арлова «Alma mater Polocensis» можна знайсьці, што адказным рэдактарам часопіса «Месячнік Полацкі» (1818—1820 г.) быў прафэсар фізыкі і доктар філязофіі Юзаф (Іосіф) Цытовіч. На маю думку, журналіст і вучоны больш падыходзіць для аўтарства артыкула, чым сьціплы выхаванец праваслаўнай сэмінарыі, у акружэньні якога наўрад ці магла падрыхтавацца глеба для нараджэньня беларускае нацыянальнае ідэі. Хаця нельга адкідваць магчымасьць, што адказны рэдактар часопіса і пэдагог з Панявежу — адна і тая ж асоба.

Дзякуючы працам гісторыкаў Я.Бялінскага і М.Каяловіча, у мяне ўзьнікла думка, што беларуская ідэя нарадзілася на пачатку ХІХ ст. у Віленскім унівэрсытэце. Але ў гэта цяжка паверыць, бо ўнівэрсытэт быў бастыёнам польскай культуры на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. У ім графам М.Румянцавым быў створаны навуковы цэнтар па вывучэньні гісторыі і культуры ВКЛ: І.Лабойка, І.Даніловіч, М.Баброўскі, К.Контрым, І.Ярашэвіч і інш. Вядомым супернікам унівэрсытэту была Полацкая акадэмія. Яе скончылі шмат дзеячоў, якія маюць прамое дачыненьне да ўзьнікненьня беларускае ідэі — пісьменьнік Ян Баршчэўскі, гісторык і цэнзар Павел Кукальнік, археоляг і этнограф Канстанцін Тышкевіч, вядомы чыноўнік і літаратар Канстанцін Сербантовіч, прысутнасьць Полацкай акадэміі адчуваецца амаль у кожнай значнай беларускай падзеі 20—50-х гадоў ХІХ ст.

Аляксандар Ільін, Берасьце

 

Украіна перарасла свае лапці

Пры канцы мінулага месяца Адэса — адсоткаў на 70 «ісьцінна-рускі горад» — зазнала нечуваны дагэтуль наплыў сьвядомых носьбітаў украінскае мовы. Тут з 26 па 30 жніўня адбываўся IV Міжнародны кангрэс украіністаў. Адбываўся з належным размахам. І атрымаўся. У Адэсе сабраліся прадстаўнікі ўсіх кантынэнтаў, за выняткам, бадай што, Антарктыды. Аднак, што дзіўна — стэрэатыпных «дыяспарных дзядоў» (як кажа вядомая ўкраінская пісьменьніца-фэміністка Аксана Забужко) там не назіралася, як, дарэчы, і самой пані Аксаны, якая бавіць час дзесьці ў Італіі. Амплітуда дакладаў сягала ад праблемаў посткаляніяльнага грамадзтва да пытаньняў дзяржаўнае бясьпекі. Усё гэта ўваходзіць у абсяг украіназнаўства. Асаблівую ўвагу і найбольшую колькасьць слухачоў прыцягвалі сэкцыі і круглыя сталы, прысьвечаныя сучасным праблемам літаратурнага працэсу, грамадзка-палітычнага жыцьця і культуры — так, у межах літаратурнага стала адбылася надзвычай цікавая дыскусія па пытаньні літаратурнага канону і мэтазгоднасьці яго існаваньня.

Трэба сказаць, што тыя няпэўнасьць і хваляваньне, якія ахінулі Ўкраіну напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, выразна адчуваліся на кангрэсе. Выяўлялася гэта таксама ў цікавасьці да ўсяго, што адбываецца ў Беларусі, у імкненьні — без паблажлівага божканьня («Ой, бедненькія!» і г.д.) — зразумець сытуацыю, у воплесках, якімі віталі заявы пра тое, што наступны даклад будзе прачытаны па-беларуску, у адсутнасьці памкненьняў дзяліць агульную культурную спадчыну, у тактоўнасьці фармулёвак.

Мне здалося, што Ўкраіна ўрэшце перарасла свае «лапці», што стэрэатыпны вобраз краіны галушак і гапака пачаў зьнікаць са сьвядомасьці.

Андрэй Скурко

 

Фэстываль радыяцыйнай песьні

Калі цётачка з клункамі даведалася ў вагоне, адкуль вяртаецца наша каманда, на яе твары зьявілася палахлівае зьдзіўленьне: «І панесла ж вас у самую радыяцыю!»

Фэстываль аўтарскай песьні на адным з рукавоў Дняпра — Крывой Рэчцы паблізу «гораду энэргетыкаў» Славуціча праводзіцца пяты год запар і зьбірае часам, кажуць, да паўтарох тысяч удзельнікаў з розных краінаў Эўропы.

Гэтым разам (27—29 жніўня) народу назьбіралася соцень шэсьць. Арганізатары паклапаціліся ня толькі аб гукаўзмацняльнай апаратуры і дровах, якія хутка і танна загатаўлялі і вывозілі з «зоны адсяленьня», але і аб ватэрклязэтах.

Беларуская тусоўка на фэстывалі адразу вызначылася вялізнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі і па-барбарску шумнай падтрымкай сваіх. Ня дзіва, што чатыры з васьмі ляўрэатаў аказаліся нашымі землякамі. Я ў ляўрэаты не прайшоў, але меў выступы і на канцэрце гасьцей, і на канцэрце ўдзельнікаў пад бурныя воплескі гамельчукоў, што дабіраліся да фэстывальнага лесу і на байдах, і на раварах, і пешкам, і таксоўкамі.

Апроч гомельскіх, засьвяціліся на «Славуцічы-99» калегі з Фаніпалю, Жлобіна, Буда-Кашалёва, Салігорску. Трохі паасобку трымаўся расейскамоўны Віцебск. Украінцы без праблем пераходзілі на «рідну мову», хоць і зрэдку. А ў цэлым атмасфэра была незацяганай і досыць свабоднай. Наступным годам спадзяюся наведаць гэтую сымпатычную тусоўку зноў, што й вам рэкамэндую.

Андрэй Мельнікаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0