Весткі зь Літвы

 

За сталом — толькі прэзыдэнты

Прычым усе — аднае краіны. І паміж сабою ня сварацца. Мабыць, этыкет не дазваляе. А рэч у тым, што на мінулым тыдні ў Вільні некалькі дзён правяла Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. Візыт меў на мэце перамовы зь Сямёнам Шарэцкім, які цяпер намінальна выконвае абавязкі прэзыдэнта Беларусі. Дарэчы, каб пацьвердзіць гэты намінал, сп.Сурвілла разам з С.Шушкевічам і прэзыдэнтам згуртаваньня «Бацькаўшчына» Р.Гарэцкім напісалі Зварот да народу Беларусі, да парлямэнтаў і ўрадаў дэмакратычных краін. А яшчэ дарэчы, выглядае, што яны ўсе і прыяжджалі для таго, каб гэты зварот падпісаць. Наш карэспандэнт заўважыў, што пасьля перамоваў са сп.Шарэцкім сп.Сурвілла выглядала нібы расчараванаю. Можа, проста занадта розныя людзі, а жыцьцё прымушае казаць пра адзінства паглядаў і мэтаў.

 

У Лявона Мурашкі слаўны юбілей

Лявон Мурашка — гэта славуты бас Віленскай опэры, якога ў Вільні ўсе ведаюць і любяць. І ўсе ведаюць, што ён беларус. Ня толькі таму, што нарадзіўся 75 гадоў таму ў мястэчку Сіняўка (цяпер Клецкі раён). Бацька Лявона быў харавым рэгентам і яшчэ да вайны разам зь сям’ёю пераехаў у Вільню. Якраз у бацькавым хоры Лявон і пачаў сьпяваць. Пазьней ён вучыўся ў сьпевака «Ля Скалы» Сяргея Ўсьціновіча, які быў родам з Ашмян, а затым — у слыннага літоўскага тэнара Кіпраса Пятраўскаса. Але яшчэ ў гімназіі яму даваў урокі знакаміты кампазытар Канстанцін Галкоўскі. Сёньня ў рэпэртуары сп.Мурашкі сотні твораў, з выступамі ён аб’езьдзіў паўсьвету. Пасьля 25 гадоў працы ў Віленскай опэры сп.Мурашка кіруе хорам у Сьвятадухавым саборы каля Вострай Брамы. А яшчэ ён — прэзыдэнт Згуртаваньня Беларускіх Грамадзкіх Арганізацыяў Літвы. Палітыкай не займаецца, затое дбае, каб беларускую сярэднюю школу перарабіць на гімназію, каб аднавіць Віленскі беларускі музэй, каб разьвівалася тое, што для культуры і будучыні. Віншуем!

 

Дыпляматы на більярдзе

Як паглядзеш, колькі народу сядзіць у пасольстве РБ у Літве, дык думаеш — божачкі, што ж гэты ўвесь народ там робіць! Ну, чуваць было, што за куплёную энэргію перамаўляліся, бо не заплацілі, альбо што заапекаваліся мастацкай выставай, або — што высочваюць нейкія «антыбеларускія арганізацыі». Але ж ня столькі тых дывэрсантаў, каб такія штаты трымаць! А вось жа ёсьць занятак. Днямі дыпляматы РБ у Літве гулялі на більярдзе з калегамі з Казахстану, Расеі і Грузіі. Турнір цягнуўся дзесяць гадзін. Першае месца заняў грузін, другое казах, а за трэцяе біліся між сабою пасланцы РБ Тадэвуш Чачкоўскі і Віталь Ніканораў. Перамог Ніканораў. Калі дадаць пятае месца вайсковага аташэ пасольства РБ Аляксандра Бужана, дык каманда РБ разам набрала 45 балаў і стала пераможцай. На другім месцы — Казахстан, на трэцім — расейцы. Каму цікава, гулялі амэрыканскія партыі ў расейскі більярд. Ня ведаю, што гэта такое, але сымболіка захапляе.

 

Літоўскія школы за мяжой

Сёлета ў краінах Эўропы працуе 80 літоўскіх выхаваўчых установаў рознага кшталту. Найбольшы прагрэс у гэтай справе адбываецца ў Калінінградзе і ў Беларусі. Болей стала літоўскіх вучняў у беларускіх вёсках Рымдзюны і Пеляса, адкрываюцца новыя нядзельныя школы ў Лідзе і вёсцы Вайнюны. Літоўцам надта залежыць, каб іхныя дзеці за мяжой вучыліся па-літоўску — грошы на тое выдзяляюцца наўпрост зь дзяржаўнага бюджэту. Як на маю галаву, дык хай бы болей было ў нас літоўскіх школаў. Бо там і да беларускай мовы зусім іншыя адносіны, чым у нашых, савецкіх.

Ліцьвін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0