Магілёўскія донары атрымалі адказ з Палаты прадстаўнікоў на свой зварот наконт скарачэння льготаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў ганаровы донар Беларусі Ігар Каваленка.

«Паведамляем, што праект закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», скіраваны на ўпарадкаванне дзейнай сістэмы сацыяльных ільготаў і ўдасканаленне сістэмы прадастаўлення іх на аснове прынцыпаў сацыяльна‑эканамічнай эфектыўнасці, адраснасці і гарантаванасці, прыняты Палатай прадстаўнікоў 23 мая. Падчас падрыхтоўкі дадзенага законапраекта рэалізаваць прапановы па захаванні льготаў асобным катэгорыям грамадзян камісіі не ўдалося», — гаворыцца ў адказе, які падпісаў старшыня камісіі па працы, сацыяльнай засцярозе, справах ветэранаў і інвалідаў Сяргей Камянецкі.

«Гэта не адказ на нашы прапановы захаваць ільготы донарам, а фармальная адпіска нашых чыноўнікаў. Нібыта яны хацелі абмеркаваць, пакідаць нам ільготы ці не, але не паспелі. Я наогул не разумею гэтую фармулёўку — «рэалізаваць прапановы па захаванні льготаў не ўдалося». Гэта што — хтосьці ў парламенце нёс нашы прапановы ў залу пасяджэнняў і паслізнуўся на бананавай скурцы?» — сказаў І.Каваленка.

Паводле яго слоў, атрыманы адказ ніяк не паўплывае на правядзенне забастоўкі, якую плануюць магілёўскія донары. «З 20 па 27 чэрвеня плануецца папераджальная забастоўка: на працягу гэтага тыдня донары перастануць наведваць абласную станцыю пералівання крыві. Калі гэта не дасць вынікаў, донары гатовы аб’явіць бестэрміновую забастоўку», — заявіў І.Каваленка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?