РОК-ВОСЕНЬ’99

Нашы рок-зоркі правялі лета хто ў гастролях за мяжой, хто ў студыйнай працы, але ўсе яны рыхтуюцца да восеньскіх выступаў

 

NRM

Па выступе на «Басовішчы’99» у ліпені музыкі «NRM» засталіся ў Польшчы, каб на адной з варшаўскіх студыяў папрацаваць над новым альбомам. Са словаў Лявона Вольскага, новы альбом эклектычны і, у той жа час, яго яднае цяжкое гучаньне. Некаторыя зь песьняў упершыню паказваліся толькі на «Басовішчы’99», але большасьць беларускія слухачы мелі магчымасьць пачуць цягам году на тых ці іншых канцэртах у Беларусі. Прэзэнтацыя новага альбому адбудзецца ў першай дэкадзе кастрычніка.

Сярод бліжэйшых выступаў гурта — Менск, 8 верасьня і Беласток, 11 верасьня. А яшчэ «энэрэмаўцы» маюць сюрпрыз для сваіх фэнаў. Яны рыхтуюцца ўзяць удзел у міжнародным фэстывалі пэрфомансу, які адбудзецца ў Менску ў першай дэкадзе верасьня. 7 верасьня ў Палацы Мастацтваў «энэрэмаўцы» наладзяць імпрэзу «з элемэнтамі музыкі», але што менавіта — пакуль сакрэт.

 

NEURODUBEL

Лідэр гурта Аляксандар Кулінковіч правёў лета за падрыхтоўкай новага альбому «Варсінкі і катышкі». Акрамя дзьвюх песень «Самалёты» і «С празднікам!», якія прагучалі сёлета на некаторых імпрэзах, праграма цалкам новая і невядомая слухачам. Прэзэнтацыя альбому адбудзецца ў першай палове верасьня. Са словаў Кулінковіча, новы альбом будзе тэматычным працягам папярэдняга «Ахотніка й Сайгака», але па гучаньні наблізіцца да «раньняга Дзюбэля», менш «камэрцыйнага», чым «Сайгак», але больш «растрындзяйскага». Што да канцэртнай дзейнасьці, у сувязі з тым, што гурт разьвітаўся з сваім клявішнікам Максам Івашыным, ідзе пошук замены. Пакуль дапамагаць «дзюбэлям» будзе клявішнік «Крамы».

Цягам лета галоўны беларускі тэлерокер Анатоль Вечар зрабіў два кліпы «ND» на песьні «Самалёты» і «С празднікам!», якія на пачатку верасьня зьявіліся ў праграмах «Беларускі гіт-парад» і «Акалада».

 

НОВАЕ НЕБА

Скончыла падрыхтоўку да выхаду новага CD-альбому пад назвай «Цэпэліны». Калі не лічыць зборных аўдыёкасэты «Выбранае» і кампакту «Новае Неба», гэта першая праграма па трохгадовым маўчаньні гурта. Кася Камоцкая тлумачыць такую, досыць вялікую, пярэрву падрыхтоўкай да сьвяткаваньня «надзвычайнай круглай даты». Семдзесят гадоў таму ў бэрлінскае неба ўзьняўся аэрастат LZ 127 «Graf Zeppelin», які зьдзейсьніў «Weltflug» — ваколсьветавы пералёт. Тады жыхары «абедзьвюх Беларусяў» «глядзелі ўсьлед яму са зьдзіўленьнем» і «міжволі чакалі Калядаў»...

Для Касі Камоцкай музычнае «чаканьне», якое пачалося ў 1991 годзе на ўзор шторазовага пошуку біблейскага «Новага Неба», увасобілася ў канкрэтнай форме. Кася лічыць для сябе «Цэпэліны» этапным альбомам: «Ён вельмі жорсткі паводле гучаньня, цяжэй няма куды... Далей можа быць толькі вяртаньне да рамансаў ці экспэрымэнты ў па-за-рокавых жанрах музычнай сцэны... У адрозьненьне ад папярэдніх, досыць эклектычных паводле музычнага стылю і тэкстаў альбомаў, «Цэпэліны» — канцэптуальная праграма».

Сярод дзесяці прадстаўленых песьняў чатыры рымэйкі — «Ластаўка» й «Залатыя краты» на словы Анатоля Сыса, «Котка» і «Новае Неба» на словы Адама Глёбуса. У адрозьненьне ад апошніх «Go Home» (1995) і «Мая Краіна» (1996), напісаных амаль цалкам на словы Міхала Анемпадыстава, у «Цэпэлінах» тры «новыя» аўтары: Лера Сом («Месяц верасень»), тэкст Алеся Камоцкага паводле верша Віславы Шымборскай («Бомба») і дэбют у якасьці «рок-тэкставіка» аўтара «Нашай Нівы» Тацяны Сьнітко (патэнцыйны гіт «Восеньская калыханка для краіны»). Таксама ёсьць перапрацоўка народнай калядоўкі, тэкст «раньняга Анемпадыстава» «Начная варта» і , вядома, ягоныя ж «Цэпэліны» — загалоўная песьня, якая дае настрой і музычную афарбоўку для ўсяго альбому.

Новая праграма ўжо «абкатвалася» на розных канцэртах у Беларусі і па-за яе межамі. Найперш дзякуючы працы Славы Кораня «Новае Неба» зарэкамэндавала сябе як «сталы», «сур’ёзны» і «канцэптуальны» музычны праект. Мяркую, менавіта праз гэтыя вартасьці цяжкаальтэрнатыўныя «Цэпэліны» яднаюцца з рамантычна-артавым альбомам — «Дзецьмі Чорнага Гораду», якім «Новае Неба» заявіла пра сябе ў 1991 годзе.

Прэзэнтацыя «Цэпэлінаў» плянуецца на кастрычнік — лістапад.

 

ULIS

Рыхтуе да выхаду новы альбом. Лідэр гурта Слава Корань выбраў сабе цікавую, але складаную працу — рыхтаваць да выхаду дзьве праграмы — «Ulis»у і «Новага Неба». Часам жартуюць, што Слава піша спачатку для Касі, а пасьля «крадзе» для сябе. Насамрэч, канцэптуалізму і прафэсіяналізму Кораня, далібог, хопіць на ўсіх. Па выступе на ўгодкавым «Басовішчы» Корань застаўся на «творчыя вакацыі» ў вядомым сярод беларускіх і польскіх art-ыстаў сядзібе-асяродку Лявона Тарасэвіча, што непадалёк ад Беластоку. Увосені чакаем плёну пошукаў «карэннага» беларускага «блукальніка»: новы альбом «Ulis»у амаль гатовы да выхаду.

 

КРЫВІ

Пры канцы жніўня «Крыві» вярнуліся зь міжнароднага фолькавага фэстывалю «Rownica’99», што на поўдні Польшчы. Наш гурт увайшоў у тройку найлепшых, чые сольныя выступы трансьлявалі ў простым эфіры па TV-каналах Польшчы і Чэхіі. Па вяртаньні «Крыві» працягваюць працу над новым альбомам, які на семдзесят адсоткаў будзе складацца з новых, амаль невядомых беларускаму слухачу песень, а таксама зь сьвежых вэрсіяў старых гітоў. Гэта будзе live-праграма, складзеная зь сёлетніх канцэртных выступаў гурта ў Беларусі, Польшчы і Нямеччыне.

«Крыві» працягваюць асвойваць музычныя рынкі Польшчы і Нямеччыны, рыхтуюць прамацыйныя сынглы для тамтэйшых FM-станцыяў... Што да выступаў у Беларусі, трэба чакаць у лістападзе прэзэнтацыі новай праграмы, якая адбудзецца ў адной зь вялікіх заляў Менску.

 

НАРОДНЫ АЛЬБОМ

«Супольны праект» плянуе працягнуць сваё трыюмфальнае шэсьце па Польшчы. Пасьля таго, як летась «Народны Альбом» грымнуў у Беластоку і Познані, а сёлетнім траўнем сарваў авацыі ў варшаўскім «Teatry Malym», польскія энтузіясты «НА» з «Teatru Osmego Dnia» запрашаюць «альбомаўцаў» у Люблін, дзе 6 кастрычніка распачнецца традыцыйны тэатральны фэстываль. Варта знайсьці магчымасьць і зьезьдзіць на імпрэзу, паколькі «альбомаўцы» ніколі не дублююць сваіх выступаў — кожны раз прапануюць арыгінальную вэрсію свайго «супольства». Зрэшты, у нас ёсьць інфармацыя, што ня толькі палякі ахвочыя шчыраваць, каб спрычыніцца да «беларускага эксклюзыву». Вядомы беларускі рэжысэр Мікалай Пінігін захапіўся ідэяй зрабіць з «Альбому» сапраўдную тэатральную дзею.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0