Праз 50 гадоў

 

Сёньня часта думаюць, што беларускія пісьменьнікі ў савецкія часы не пісалі «ў шуфляду». Некаторыя пісалі. Аднак большасьць іх твораў пакуль схаваная ў архівах, пераважна ў крымінальных справах гэтых яшчэ малавядомых людзей... У час самых жорсткіх сталінскіх рэпрэсіяў у Заходняй Беларусі, пры канцы 1940-х антысавецкія вершы пісаў слонімец Уладзімер Шундрык. І яму пашчасьціла пазьбегнуць «кіпцюроў ГПУ».

Уладзімер Шундрык нарадзіўся ў 1929 годзе ў Слоніме. Пад час нямецкай акупацыі вучыўся ў слонімскай прагімназіі, быў дружыновым Саюзу Беларускай Моладзі. Менавіта ў СБМ Уладзімер усьвядоміў сябе беларусам, бязьмежна палюбіў Бацькаўшчыну-Беларусь. Разам зь сябрамі маршаваў пад бел-чырвона-белым сьцягам слонімскімі вуліцамі, сьпяваючы нацыянальныя песьні…

Яшчэ ў вайну Ўладзімер пачаў пісаць вершы. Першы зь іх надрукаваў у «Баранавіцкай газэце». Вядомы паэт Сяргей Новік-Пяюн, які тады жыў у Слоніме, апекаваўся маладым паэтам, даваў яму беларускія кніжкі. У лісьце ад 12 лютага 1943 году С.Новік-Пяюн пісаў Шундрыку: «Даражэнькі Ўладзік!.. Як прыпомню Тваё апавяданьне «Аб нябожчыку», дык сьмяюся ад шчырага сэрца, бо вельмі яно вясёлае й мне вельмі падабаецца. Пішы больш, будзеш маладзец! Паэтам Ты будзеш напэўна! Толькі вучыся старанна й шмат чытай добрых кніжак».

Летам 1944 году кіраўніцтва СБМ выехала на Захад, а большасьць шараговых сяброў арганізацыі засталіся на Бацькаўшчыне. Застаўся ў Слоніме і Ўладзімер Шундрык. На яго вачах зьнікалі людзі, арыштаваныя НКВД, а сярод іх і Сяргей Новік-Пяюн. Гэта яшчэ больш умацавала Ўладзімера ў думцы, што савецкая ўлада — акупацыйная. Некаторыя яго знаёмыя і сябры сталі на шлях супраціву бальшавікам. Прапаноўвалі далучыцца да «Чорнай кошкі» і Шундрыку, але ён тады хацеў вучыцца, а не партызаніць. У 1947 годзе паехаў у Горадню, паступіў у настаўніцкі інстытут, навучаўся беларускай мовы й літаратуры. Хаваючыся ў пустых аўдыторыях, пісаў патрыятычныя вершы, якія чытаў некалькім сябрам каля Калоскай царквы. Усе рукапісы Ўладзімер пазьней спаліў, а ў ягонай памяці застаўся толькі адзін верш «Мы — вольная моладзь». Праўда, захаваўся яшчэ сшытак з апавяданьнямі, якія Шундрык пісаў у 1949 годзе. Гэтыя яго творы прасякнуты бязьмежным патрыятызмам, любоўю да Бацькаўшчыны-Беларусі, настальгіяй па тых часах, калі дзейнічаў Саюз Беларускай Моладзі.

Уладзімер Шундрык усё жыцьцё адчуваў да сябе пільную ўвагу КГБ. Органы ведалі, што Шундрык быў дружыновым СБМ, што сымпатыяў да савецкай улады ня мае. Аднак яго не арыштоўвалі, тым больш, што часы зьмяніліся — неўзабаве памёр Сталін. Пасьля заканчэньня інстытуту прасіўся на працу ў Заходнюю Беларусь, але адправілі ў Менскую вобласьць. Толькі праз шэсьць гадоў, у 1957-м, яго адпусьцілі на Слонімшчыну. Шундрык ледзь уладкаваўся ў Дзеравянчыцкую школу, пасьля ў Альбэрцінскую. Паўсюль бралі яго на працу «часова», ставіліся з падазронасьцю. Уладзімер Шундрык заўсёды гаварыў па-беларуску, што не падабалася яго начальству (як правіла, чужынцам). А яшчэ ён дома захоўваў «нацыяналістычную» літаратуру: гадавікі часапісаў «Новы шлях», «Беларус на варце», шматлікія кніжкі. Доўгі час захоўваў Шундрык і інфармацыю, якую перадаў яму перад сьмерцю ягоны дзядзька, былы пасол польскага Сэйму, вязень бальшавіцкіх канцлягераў Павал Крынчык. Нібыта ў 30-х гадах у БССР існавала антысавецкае падпольле, якое выбрала падпольны ўрад, куды ўваходзіў і Крынчык. А пасьля пачаліся арышты. Напэўна, Крынчык быў адзіны з кіраўніцтва падпольля, які вярнуўся з канцлягераў…

Толькі на пачатку 1990-х Шундрык уздыхнуў з палёгкай і ўжо не хаваў, што піша вершы, пачаў іх друкаваць у газэтах.

Сяргей ЁРШ

 

Мы — вольная моладзь

Ніхто нас ніколі ня зможа прымусіць
Пакорна стагнаць пад маскоўскай пятой.
Мы — вольная моладзь, сыны Беларусі,
Усіх узьняла нас нянавісьць на бой!

У грозных атаках крывіцкіх калёнаў
За працаю дружнай, і ноччу, і днём
Мы помнім заўсёды, што вораг шалёны
Імкнецца надзець Беларусі ярмо.

І крочачы ў першых радах на змаганьне,
У баях здабываючы вольнасьць і лёс,
Клянёмся адпомсціць за крыўды і раны,
Што дзікі маскаль Беларусі нанёс.

Ні зьдзекам, ні кроўю злачынцы ня змогуць
Згасіць наш сьвяты і бязьлітасны гнеў.
Гарыць ён, пакуль бальшавіцкую погань
Дачыста са сьвету мы ўсю не сатрэм!

1948—49 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0