ВЕРАСЕНЬ 1939:
Прадбачаньне Пімена Панчанкі

 

60 гадоў таму, 17 верасьня 1939 г., распачаўся, як дасюль пішуць у падручніках, «вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну». Савецкі Саюз нанёс сьмяротны ўдар у сьпіну Польскае Дзяржавы, якая ў той момант па-геройску стрымлівала націск нямецкае ваеннае армады. Польская акупацыя заходніх тэрыторыяў нашае краіны зьмянілася на яшчэ больш жорсткае панаваньне Саветаў.

Кожны больш-менш разважлівы чалавек мог прадбачыць менавіта такое разьвіцьцё падзеяў ужо пасьля заключэньня сумнавядомае савецка-нямецкае дамовы ад 23 жніўня 1939 г., нават калі ён і не здагадваўся пра існаваньне ня менш сумнавядомых «сакрэтных пратаколаў». Пасьля ж 1 верасьня супольныя савецка-нямецкія пляны ўвогуле ўжо сталіся сапраўдным «сакрэтам Палішынэля». Блізкая вайна робіцца ці не асноўнаю тэмаю ўсіх прыватных размоваў у БССР. Тым ня менш, афіцыйна ўся інфармацыя, зьвязаная з маючымі адбыцца падзеямі, застаецца «зусім сакрэтнай», і НКВД пільна адсочвае ўсе «ўцечкі».

Пра гэта яшчэ раз пераканаўча сьведчыць дакумэнт, які быў выяўлены мною ў фондах Нацыянальнага архіву Беларусі й зараз прапануецца ўвазе шаноўных чытачоў «НН». Асаблівую цікавасьць, на мой погляд, надае яму асоба «галоўнага героя» — пазьнейшага народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Нельга не адзначыць, што дакладнасьць ягоных прадказаньняў робіць гонар інфармаванасьці загадчыка «ЛіМ»аўскага аддзелу (тым больш, калі ён сапраўды атрымаў гэтыя зьвесткі ня ў НКВДе). Варта зьвярнуць увагу й на «другі плян» дакумэнту. Напрыклад, ня можа ня ўразіць колькасьць «крыніцаў» («источников») НКВД у асяродзьдзі беларускіх савецкіх пісьменьнікаў — у невялікай па аб’ёме дакладной запісцы згадваюцца ажно дзьве такія пэрсоны.

Дакумэнт падаецца ў маім перакладзе з расейскай з захаваньнем стылістычных асаблівасьцяў арыгіналу.

Ігар Лялькоў

 

ЗУСІМ САКРЭТНА
САКРАТАРУ ЦК КП(б) БЕЛАРУСІ
таварышу ПАНАМАРЭНКУ
гор. МЕНСК

Загадчык паэтычнага аддзелу рэдакцыі газ[эты] «Літаратура і Мастацтва» ПАНЧАНКА Пімен нашай крыніцы распавёў, што 7-га верасьня г[этага] г[оду] рэдактара газэты ГУРСКАГА выклікалі ў ЦК КП(б)Б, і ён тэрмінова складаў сьпіс беларускіх пісьменьнікаў, якія могуць перакладаць з расейскай мовы на беларускую [і] наадварот.

ПАНЧАНКА крыніцы заявіў, што яго выклікалі ў НКВД. У працэсе далейшае размовы ПАНЧАНКА крыніцы распавёў, што яму вядома пра тое, што хутка Заходняя Беларусь будзе акупаваная й далучаная да нас. Дзеля гэтага йдзе падрыхтоўка. Пра тое быццам бы ў нас зь немцамі ёсьць дамоўленасьць, што яны дойдуць толькі да Заходняй Беларусі й Украіны. Ва ўмовах агульнае панікі ў Заходняй Беларусі й Украіне пры нашым актыўным удзеле пачнецца рэвалюцыя, кампартыя Заходняе Беларусі й Украіны будзе прасіць СССР аб дапамозе й аб далучэньні да Савецкага Саюзу. Пасьля гэтага Чырвоная Армія акупуе Заходнюю Беларусь і Ўкраіну. Гэтая акупацыя здарылася б нават і ў тым выпадку, калі б зь немцамі не было дамоўленасьці, таму што мы на гэтыя раёны большыя прэтэндэнты, чым немцы, бо ж мы іх згубілі паводле Берасьцейскага міру, а немцы возьмуць свае раёны. Заходняя Беларусь будзе далучаная да нас. Дзеля гэтай падзеі рыхтуецца й папера, і ўлёткі, і кадры, і ўрадавыя дакумэнты — усё.

Шмат каго з нас, — пісьменьнікаў, настаўнікаў, партыйных ды іншых працаўнікоў, — перакінуць у Вільню, Беласток, Баранавічы. Там на беларускай і расейскай мовах пачнуць выдаваць дэкрэты, усе [іншыя] дакумэнты, [пачнуць] працаваць школы, створаць асобныя вобласьці. У сувязі з гэтым і складаецца сьпіс ГУРСКАГА. Усё ў нас амаль што гатовае: армія, сканфіскаваныя ўсе аўтамашыны, матацыклы, папера й нават ровары.

ПАНЧАНКА ўсё вышэйсказанае паведаміў таксама выкладчыку Папярнянскае школы Менскага раёну ГРАМОВІЧУ Івану, які распавёў пра гэта нашай крыніцы ў прысутнасьці выкладчыка Каладзішчанскае сярэдняе школы НЯХАЯ Рыгора.

Для даведкі паведамляю, што ПАНЧАНКА Пімен у НКВД БССР не выклікаўся.

 

НАРОДНЫ КАМІСАР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ БЕЛАРУСКАЕ ССР [Подпіс] (Л.ЦАНАВА)

 

«14» верасьня 1939 году
№ 5409/4
г. МЕНСК.

 

Машынапіс, арыгінал. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, фонд 4, вопіс 21, справа 1690, аркушы 282-283.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0