Генадзь САГАНОВІЧ

Ворскла

Того же лета бысть знамение на небеси в солнце
Ніканаўскі летапіс

 

Роўна шэсьць стагодзьдзяў таму самы слынны ў нашай гісторыі вялікі князь пацярпеў самую жудасную паразу. А быў так упэўнены ў перамозе!

Зачараваны сваёй уладай, акрылены посьпехамі, у 1399 годзе Вітаўт надумаў ісьці на ўладара цэлае Азіі — хана Тамэрлана. Нават рымскі папа Баніфацы ІХ, вітаючы Вітаўтаву ідэю, абвясьціў крыжовы паход на Залатую Арду. У Вялікім Княстве цэлы год рыхтаваліся да выправы, зьбіраючы сілы з усіх земляў. Прыслаў дапамогу Нямецкі ордэн, прыйшлі палякі, валахі, урэшце — Тамэрланаў вораг і Вітаўтаў саюзьнік хан Тахтамыш.

Невядома, колькі праўды было ў летапісцаў, што ўставілі пазьней у вусны вялікага князя бязьмернае выхваленьне: «Пойдзем, палонім зямлю татарскую! Пасадзім на Ардзе на царства Тахтамыша, а ён нас пасадзіць на ўсёй Рускай зямлі!»

Вітаўт знайшоў татарскую арду ажно на Ворскле. Яе ўзначаліў ня сам Тамэрлан, а хан Цімур-Кутлук (заходнія краністы цьвердзяць, што гэта быў Эдыгей). Тры дні ціхая плынь разьдзяляла вялізныя, гатовыя да сечы арміі. Калі верыць летапісам, дык хан Цімур-Кутлук спужаўся Вітаўтавай сілы і сам ініцыяваў перамовы, каб дачакацца падмогі — згаданага Эдыгея з крымскімі татарамі. Але Длугаш і Стрыйкоўскі падаюць, што наадварот, гэта Вітаўт адразу пабачыў, наколькі саступае татарам, і завагаўся. Так ці інакш было насамрэч — для лёсаў ягонага войска гэта ня мае значэньня.

На перамовы да хана паслалі кракаўскага ваяводу Спытку. Яшчэ можна было замірыцца, яшчэ маглі разысьціся, выйсьці з чужога стэпу. Але татары ставілі свае ўмовы і зацягвалі час. А маладыя ліцьвіны гарэлі прагай бітвы й слухаць не хацелі пра вяртаньне безь перамогі. Іх дух натхняў і Вітаўта, поўнага веры, што хрысьціян сам Бог зьберажэ ад паганых.

У аўторак, 12 жніўня, перад самым вечарам татары ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. Выходзіць, усьведамлялі сваю перавагу, чуліся больш упэўненымі. Лёгкая коньніца Эдыгея перайшла Ворсклу і атакавала. Вітаўтава войска сустрэла паганых агнём самастрэлаў і ручніцаў, а потым схапілася ў сечы. Ліцьвіны спачатку моцна паціснулі татараў і ўжо пачыналі перамагаць, але... Паводле летапісу, «прысьпеў цар Цімур-Кутлук зь вялікаю сілаю татарскаю і абышоў іх кругом». Ён пераправіўся праз Ворсклу і ўдарыў на ліцьвінаў з тылу.

Першым кінуўся ўцякаць Тахтамыш, які мусіў бараніць абоз. Пабачыўшы благі канец, стаў ратавацца і Вітаўт. Уцёк «з малой дружынай». Астатнія палеглі, склалі свае галовы ў Дзікім полі. Дваццаць князёў зь Беларусі і Літвы, ордэнскія рыцары, польскі дапаможны аддзел, а галоўнае — уся армія, так старанна зьбіраная ў нашых землях. Па найсьціплейшых разьліках — ня меншая за 10—15 тысячаў!

На плячох уцекачоў у Вялікае Княства ўляцела арда Цімур-Кутлука. Атрымаўшы выкуп з Кіева, татарскія загоны ўзяліся рабаваць увесь безабаронны край. «І многа зла ўтварыў Цімур-Кутлук зямлі Літоўскай», — натаваў тады ці ня кожны летапісец.

Катастрофа працьверазіла Вітаўта, разбурыла яго далёкасяжныя пляны. Замест незалежнасьці Вялікага Княства, абвешчанай на Саліне за год да Ворсклы, давялося пагаджацца на невыгодныя ўмовы уніі з Польшчай. Хоць па якім часе яго ўлада зноў стала мацнець, а дзяржава — набіраць міжнароднае вагі. Ведаем, што Вітаўт панаваў далей, быццам і не было той заведзенай у нябыт вялізнай арміі, таго сьмяротнага поля на Ворскле. Але ня ведаем, чым абярнулася яго авантура для краю.

Ворскла і праз шэсьць вякоў намі ня толькі не асэнсаваная, яна нават як сьлед не пазнаная. Адно скупы радок летапісу вяртае да таго, што давялося перажыць Беларусі: «А в земли Литовской бысть тогда скорбь и сетование, и плачь мног, и людей оскудение велие».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0