Андрэй ДЫНЬКО

Проці ночы

Апавяданьне

 

«Дзяўчына кахае органам прывыканьня, мужчына кахае органам спазнаньня», — зазначыў ён.

«Пашляк», — засьмяялася яна.

Ён гаварыў зь ёй, як дваццацігадовы юнак гаворыць зь дзяўчынай. Яна гаварыла зь ім, як дваццацісемігадовая дзяўчына з кавалерам. Але ўжо вечарэла, і ён трохі сумеўся.

«Імя ў яе ўсё-ткі якое харошае, — думалася яму, — Клаўдзія».

Маладзіца-паляшучка вываліла няспроданы за дзень шчавух у Піну і, падабраўшы вышываную спадніцу, пакараскалася на мост. Два чаўны паплылі на захад, у адным — каза. На захадзе, мо за Бугам, адкуль некалі прыйдзе вызваленьне, палымнела. Сонца сядала за хмару.

«Заўтра будзе дождж», — зь ціхай безнадзейнасьцю сказаў ён.

«Давайце яшчэ прагуляемся на прычал», — прапанавала яна, паклаўшы галаву яму на плячо.

«Калі ты сапраўды закахаўся, ты мусіш прызнацца ёй у гэтым. Але ці можна пакахаць вось так, за адзін дзень?» — пакутліва шукаў тэрміновага адказу ён, бо летняя ноч ласа завешвала вокны жыдоўскіх лавачак на рынку.

З гарадзкога саду ляцелі па-над вадою чайкі і факстрот. Два матросы ў бесказырках з ордэнамі й мэдалямі на грудзях падаліся, абняўшыся, у шынок.

«Калі напару прыйдуць амэрыканцы, адразу ажанюся», — падумаў ён, і салодкая асалода падкаціла да скуры.

«А то хадземце да мяне, — паклікала яна. — Я жыву тут побач, на Завальнай. У мяне прыўкрасны пакойчык, утульны, і ў ім дзьве канапы стаяць. Ведаеце, так нязручна, калі дзьве канапы. Лепш была б камода і канапа, а то дзьве канапы. І прыбраць іх дзе-куды ніяк нельга. І праўда, хадземце. Не ісьці ж вам у Гарадзішча на ноч гледзячы. Вы ўвогуле ўяўляеце сабе, дзе тое Гарадзішча? Гэта ж у чорта на кулічках. Ды й бабулька можа вам не адкрыць. Цяпер жа на Палесьсі неспакойна. І праўда, куды вам ісьці на ноч гледзячы?»

«Якая пекная ўсё ж украінская мова, — падумалася Севярыну. — І такая дзіўная-дзіўная. Калі брат гаварыў па-ўкраінску, здавалася, што яна падобная да беларускай, як пальцы на руках, толькі вымова іншая. А тут аказваецца, што па-ўкраінску трэба гаварыць ня «проці ночы», а «на ноч гледзячы». Праўду казаў палкоўнік Кушаль: украінская мова нашмат больш падобная да расейскай, чым беларуская».

Па пад’езьдзе было ясна, што дом нацыяналізавалі нядаўна. У пакоі стаялі фартэп’яна (ён пацягнуўся сыграць, але Клаўдзія перахапіла ягоныя рукі і завяла за сьпіну: «суседзі пачуюць») і дзьве канапы. Яны выпілі чаю з сахарынай. Севярын дастаў шматок бялюткага сала з чырвонай пераросьлінкай і — о цуд! — плітку сапраўднае ангельскае чакаляды. А пасьля адрубілі электрычнасьць, і змрок дапамог. Так прайшоў першы вечар.

 

Севярын прыехаў у Пінск з сакрэтным заданьнем ад Беларускай Незалежніцкай Партыі з Баранавічаў. Па дапамогу. Паехаў Севярын, бо ягоны зводны брат па бацьку быў палкоўнікам Украінскай паўстанцкай арміі. Адзіным адрасам, які Севярын ведаў, быў адрас братавай цёткі. Пінск сустрэў яго ўзмоцненымі патрулямі і купкамі жабракоў-хахлоў на пэроне. Севярын быў у Пінску ўпершыню. У вакзальнай сталоўцы заставаліся два вольныя месцы. Адно побач з чарнявай кацапачкай у фуфайцы з надпісам «30 лет Велікой Октябрьской соціалістіческой революціі» і другое, каля Клаўдзіі.

Севярыну сьнілася, што ён ужо жанаты і ідзе бытэньскім лесам пад руку з жонкай, а побач ідуць палкоўнік Кушаль, сэнатар доктар Станкевіч, Якуб Колас і ягоны брат, і ўсе з жонкамі, усе нясуць напагатове кулямёты. І ўсе жонкі вядуць сваіх мужоў пад ручку, а Арсеньнева Кушаля абдымае. А яму вельмі хочацца разгледзець Арсеньневу, бо ён яе яшчэ ніколі ня бачыў, але няёмка пры Кушалю й сваёй жонцы прыглядацца. Яшчэ яму вельмі хочацца, каб і яго жонка абняла, але сказаць пра гэта ёй няёмка, а сама яна трымае яго пад руку, і ўсё. І вось яны ідуць удзесяцёх, але час ад часу прыходзіцца залягаць і страляць, і чамусьці ў сэнатара доктара Станкевіча ўвесь час заядае кулямёт. Прыбягае веставы й дакладвае, што маскалі адступілі за Шчару са стратамі. Тады Кушаль дастае ў Арсеньневай вялікую чырвоную смушковую шапку і гаворыць: баец Дуброўскі, ад імя ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі й народу Беларусі ўзнагароджваю Вас гэтай смушковай шапкай. Натальля Арсеньнева запявае «Беларусь, Беларусь залатую», яе падхопліваюць жанчыны, Янка Станкевіч, Якуб Колас, песьня лунае. Толькі палкоўнік Кушаль і брат не сьпяваюць, Кушаль нахіляецца да Севярына, моцна сьціскае яго за плечы і кажа: «Я цябе як сына прашу: ніколі не здавайся». І ціха, але цьвёрда ўсклікае: «Жыве Беларусь!» «Жыве вечна» — выгуквае Севярын, хоча надзець шапку, але брат зрывае яе з галавы, кажучы: атрымаць — ня значыць мець права насіць, хоць Севярын не разумее, чаму, і трохі крыўдуе. У бліндажы ўжо паставілі на стол, можна частавацца амэрыканскай тушанінай і ангельскім чэдэрскім сырам. А чаму Вы, спадарыня Арсеньнева, дачка вядомага расейскага інжынэра, сталі пісаць не па-расейску, а па-беларуску? — пытаецца ў яе Севярын. Бо беларуская мова харашэйшая і безумоўна больш паэтычная, — адказвае за яе Якуб Колас. Геніяльнае тлумачэньне, — умешваецца Янка Станкевіч, — але Вы, Кастусю, яшчэ зусім малады, і таму недаацэньваеце тое значэньне, якое можа мець для жанкі каханьне а пачуцьцёвая адданасьць. Раптам на двары нешта пачынае страшэнна гусьці, і ўсе заміраюць.

 

«Што гэта?» — ускочыў ён на ложку.

«Сьпіце, дурненькі, гэта сырэна заводу «Кузлітмаш», яна будзіць работнікаў на працу».

«А вы некуды йдзеце?»

«Я мушу выйсьці па справе на гадзінку і вярнуся».

«Я таксама пайду. Дзе маё адзеньне?»

«Там, дзе вы разьдзяваліся», — засьмяялася яна. Нагавіцы й кашуля віселі на зэдліку ля фартэп’яна. Севярын пачырванеў.

«Падайце мне, калі ласка, маё адзеньне».

«А я вам кажу, ляжыце».

«Тады адвярніцеся».

«Адвярнуся, калі вы мне штосьці паабяцаеце».

«Што?»

«Што вы дачакаецеся мяне, і мы разам зварым украінскі боршч».

«Абяцаю... Вы ж абяцалі не гля-дзець!»

 

Як добра думалася Севярыну ў гэтым даўгаватым салёне, прыстасаваным пад спальню, у якім паўсюль ляжалі такія мілыя і немудрагелістыя дзявочыя рэчы — далёка ня вытанчаныя, не дарагія, а простыя дробязі дзяўчыны-работніцы. «Так, мабыць, работніцы. Мыльніца, пудра, зубны парашок. Усё беларускае, але вырабленае на замову з Масквы і на патрэбы Масквы, і ўсё выканана ў гэткім гаматным маскоўскім гусьце». Ён правёў далоняй па вялікім радыёпрыёмніку. «Праводзілі індустрыялізацыю, мадэрнізацыю, але толькі такую, якая патрэбна была мэтраполіі, будавалі заводы, выводзілі новыя гатункі бульбы, але толькі для атрыманьня той прадукцыі, якой трэ было мэтраполіі, такой якасьці, якую магла спажыць імпэрыя, і па такой цане, па якой ёй трэба. Каб нельга было адарвацца ад усходняга рынку. І мы працуем у няволі на маскоўскіх паноў, як яшчэ дзяды нашы працавалі. У Беларусі ад той працы застаецца адна капейка, а ў Маскву ідзе дзевяць золатам».

«Рукі ўгору», — скамандавалі яму зь дзьвераў.

Адзін, другі, трэці энкавэдысты з наганамі.

«Божачкі мае», — прашаптаў Севярын, уяўляючы сабе, як яго вядуць вуліцамі, уяўляючы сабе свой твар — няголены, чуб — без капелюша. А яму ўжо заломвалі за сьпіну рукі, вакол ужо мацярыліся, ужо трыбушылі валізку. «Я шчэ нічога не зрабіў», — думаў Севярын, і вусны ягоныя сьціснуліся.

 

Спачатку яго білі проста. Ён маўчаў. Пасьля разьдзелі дагала, павесілі за рукі да калец на столі і білі палкамі па нагах. З вышыні ён заўважыў аркуш на стале са старанна выведзенымі пунктамі:

англійскі шакалад

грошы

Маскоўска-вялікалітоўскі слоўнічак — 1 экз.

Ortega-y-Gasset — 1 экз.

Гарадзішча.

Пасьля яго павесілі дагары нагамі, гасілі аб яго запалкі, плявалі на яго, білі па самых балючых месцах, аж покі ён ня страціў прытомнасьці. Ачнуўся ён на жалезным ложку, прыкуты рукамі, нагамі і шыяй, мокры. «Шакалад. 10 тысяч рублёў. Вялікалітоўскі слоўнічак. Артэга-і-Гасэт. Гарадзішча».

«Толькі Клаўдзію не падумайце чапаць, мы пазнаёміліся зь ёю ўчора ў сталоўцы, яна нічога ня ведае, а я прыехаў шукаць працы на заводзе «Кузлітмаш».

«У такім выпадку будзем заганяць іголкі пад пазуры. Спачатку пад мезены, апошнюю — пад вялікі. Вось 10 іголак. Мезены меней балючы, вялікі — самы балючы. Шакалад. 10 тысяч рублёў. Вялікалітоўскі слоўнічак. Артэга-і-Гасэт. Гарадзішча». Вось як яны заганяюць іголкі пад пазногці: ён хапае ягоны палец сваёй тоўстай кляшнёй, бярэ іголку ў другую руку. Вось яно як проста. Севярын хацеў бы страціць прытомнасьць, але ня страціў. Ён крычаў нешта: адрасы, абы-што пра крадзёж, пра сталоўку, пра Клаўдзію, якая яго ня ведае. Яны запісалі адрасы і паехалі. Севярын застаўся ляжаць прыкуты, і сьвядомасьць ніяк не пакідала яго, наадварот, ад холаду жалезнага ложку з носу пацякло.

Праз тры гадзіны прыехалі з машынкай-косьцедрабілкай. «Ты зманіў». І ўсе іголкі — мэтадычна. Ён нарэшце страціў прытомнасьць.

 

Супрацоўніца Клаўдзія назірала праз вочка і ўсё бачыла. Ён прыгожы, гэты Севярын, ён прыгожы, калі пад ударамі сьцінаецца там на кольцах. Празь яе рукі прайшоў не адзін дзясятак наведнікаў сталоўкі, але гэты занадта прыгожы, каб памерці. Дый наўрад ці ў нечым асаблівым вінаваты, — кніжкі чытае, гандлюе на таўкучцы, верагодна. Тыя, зь лесу, што забіваюць расейцаў, зусім не такія.

Яна прыйшла выпусьціць яго ўвечары, калі ўсе начальнікі пайшлі на абласную партканфэрэнцыю, прынесла адзёжу і адчыніла вакно, празь якое ён мог выскачыць на двор. Яго так і пакінулі прыкутым да ложку. Адмыкуўшы кайданкі, яна палашчыла яму грудзі. Цяпер гаварыла па-расейску.

«Бяжы, — сказала Клаўдзія, — скачы ў вакно й бяжы. Зьнікні з гораду за ноч, растварыся. Толькі калі-небудзь адведай мяне зноў».

Севярын недаверліва адзеўся і гэтак жа недаверліва на жалезнай катавальні задушыў яе. Ён чытаў, што мужчыны на шыбеніцы перажываюць апошнюю асалоду, але ён мала чытаў пра жаночую фізыялёгію.

І ён пабрыў, трымаючыся за платы. Калі ў яго за сьпінай выбухнула нешта магутнае і неба азарылася багровым полымем, ён спачатку падумаў: «Вось і капец» — а пасьля, калі ўбачыў, што гэта не за ім: «Галюцынацыі. Толькі б ня ўпасьці на відным месцы». Так прайшоў другі вечар.

 

Назаўтра Севярын ляжаў пад высозным клёнам на мяккім сене, засьцеленым бялюткім ільняным палатном.

«Браце мой, каб ты быў байцом нашай арміі, я б аддаў загад расстраляць цябе за самавольства пад час выкананьня заданьня, — брат стараўся гаварыць не як брат, а як камандзір, але яму гэта цяжка давалася, бо вось былі яны, проста перад ім былі ягоныя собскія пальцы, пазногці на якіх пачарнелі амаль у тым самым веку, у якім цяпер быў Севярын, толькі клопатам не НКВД, а дэфэнзівы, і голас маладога палкоўніка сам сабой мякчэў. — Мы ўчора падарвалі іхны абласны партсход. Ушчэнт. Лічы гэта помстай за сябе», — шырокая шаршавая братава далонь легла да Севярына на лоб.

Байцы-паўстанцы на паляне дачышчалі зброю і ўсё часьцей паглядалі ў бок кухні, адкуль ветрык даносіў дразьлівы дух бараніны. Нястройныя вечаровыя цені цягнулі свае хцівыя пашчы. Севярын прыкусіў губу, але й гэта не ратавала. Брат заўважыў і схаваў Севярынавы вочы пад сваёй вялікай далоняй.

«Ня трэба, браціку, ня трэба. Нас жа болей, чым іх. І з намі лес. Галоўнае, не варушы пальцамі. Ня трэба, браціку, ня трэба. Я цябе пакармлю з лыжкі, як малога. Як васямнаццаць гадоў таму. Толькі з чаркаю гарэлкі. Ня трэба, браціку, ня трэба. Мы перамагаем. Мы ўжэ перамаглі».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0