Зь Беларусі за суботу й нядзелю

 

Пазьняк ня пойдзе ніяк

На Сойме БНФ у суботу вырашылі, што другі этап зьезду адбудзецца 30—31 кастрычніка. Ідэю Зянона Пазьняка пра разьдзел Фронту на дзьве арганізацыі не падтрымалі і прынялі рэзалюцыю «Не дапусьціць расколу!» Вызначылі, што рашэньне Пазьняка аб адхіленьні Баршчэўскага ад пасады і прызначэньні асобнага зьезду партыі БНФ неправамоцнае. Тады частка паслоў Сойму адмовіліся рэгістравацца і самі аб’явілі Сойм неправамоцным. І ўвесь гэты сьмех з-за аднаго лідэра, які ня ўмее хораша сысьці.

 

Такія дактары

У Берасьці адзін чалавек, Уладзімер К., захварэў на гемарой, пайшоў да дактароў, тыя яму выпісалі лекі, а не сказалі, што яны несумяшчальныя з алькаголем (мо й ня зналі). А ён увогуле ня піў, але трохі выпіваў. Ну, і зьеў тых таблетак ды ўвечары трохі выпіў — ужо два тыдні ў энцэфалітным стане ляжыць у рэанімацыі.

Зь Берасьця — Аляксандра Коўтун

 

Свая гордасьць

Учора ў клюбе «Тытанік» cкончыўся першы ў гісторыі гей-фэстываль «Gay Pride Belarus `99". У пятніцу пачатак конкурсу хараства «Трансьмісія-99» (конкурс пераапрананьняў у жанчыны) сарвалі амонаўцы ў чорных масках з аўтаматамі. Яны ўварваліся і сталі ўсіх абшукваць. Быццам бы шукалі наркотыкаў, але нічога не знайшлі. Адзін удзельнік конкурсу ня даўся абшукваць сябе, дык яго зьбілі. Квіткі на фэстываль каштавалі 2 мільёны.

 

Ксяндзы ня п’юць

У Лаздунах Івейскага раёну адбыўся антыалькагольны духоўны ўрок. Сабраліся людзі, якія пастанавілі пазбавіцца дрэннай звычкі, і тыя, якім гэта ўдалося, а таксама сьвятары. Былі нават два ксяндзы, якія даўно перасталі быць алькаголікамі і цяпер усім пра гэта распавядаюць. Дамовіліся ў канцы верасьня сабрацца зноў. Прычым запросяць гэтым разам яшчэ й жонак ананімных алькаголікаў, і праваслаўных папоў-п’яніц. Прыдумаў такія спатканьні лаздунскі пробашч М.Ільляшэвіч.

 

БАСу — 10

18 верасьня Беларускае аб’яднаньне студэнтаў у Польшчы (БАС) адзначыць свае 10-я ўгодкі. З нагоды ў Супрасьлі ў культурным асяродку «Пушча» адбудзецца ўрачыстая вечарына. Сярод запрошаных – гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч. Мяркуецца, што й Сяржук Сокалаў-Воюш з Прагі пад’едзе.

З Горадні — Антон Лабовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0