Яму было б толькі 50

17 верасьня спаўняецца 50 гадоў з дня нараджэньня Генадзя Карпенкі

 

17верасьня 1999 году спаўняецца 50 гадоў з дня нараджэньня вядомага беларускага палітыка і вучонага, былога намесьніка Старшыні Вярхоўнага Савету, Старшыні Нацыянальнага выканаўчага Камітэту Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафэсара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук Генадзя Карпенкі.

Яшчэ ня так даўна мы чыталі ў газэтах ягоныя эканамічныя аналізы і чулі на мітынгах палымяныя прамовы. Але, на жаль, вось ужо некалькі месяцаў яго няма з намі… Няма чалавека, пра якога безь перабольшаньня можна сказаць, што ён згарэў на працы.

Генадзя Карпенкі ня стала на 50-м годзе жыцьця. Гэта быў чалавек, поўны сілаў і задумак, аптымізму і веры ў будучыню сваёй Радзімы і свайго народу, які ён так любіў і імкнуўся заўжды быць зь ім. І наш беларускі народ плаціў яму тым жа. Гэта было яскрава бачна на яго пахаваньні. Без усялякай разнарадкі райкамаў партыі і райвыканкамаў людзі прыехалі з усіх куткоў краіны, каб у апошні раз паглядзець на Генадзя Дзьмітрыевіча і разьвітацца зь ім, як зь вядомым сучасьнікам, якім кожны сумленны беларус будзе заўжды ганарыцца.

Людзі ішлі, ішлі і ішлі… Несьлі вянкі і кветкі, несьлі сваю павагу чалавеку, які заўчасна іх пакінуў на нялёгкай дарозе.

Але ж Генадзь Карпенка не памёр. Ён сапраўды згарэў… Згарэў у палітычнай барацьбе, каб агнём свайго сэрца асьвятляць тую дарогу, якой ішоў сам, іншым — тым, хто, ідучы па ёй далей, працягвае распачатую ім і ягонымі паплечнікамі справу па вызваленьні краіны ад цемры, у якую пагрузіў яе дыктатарскі рэжым.

Ён застанецца ў памяці ўсіх, хто яго ведаў, як кіраўнік буйнога заводу і вядомы спартовец, мэр гораду Маладэчна і член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі Навук. Але асабліва яскрава запомніцца Генадзь Карпенка як палітык-дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня і арганізатар Партыі Народнай Згоды, намесьнік Старшыні Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня і Старшыня Нацыянальнага выканкаму. І разам з гэтым Генадзь Дзьмітрыевіч быў клапатлівым сынам, любімым мужам і паважаным бацькам дваіх дзяцей, дзедам, якога ўнукі будуць ведаць, на жаль, толькі па фотакартках.

Гэта быў жыцьцялюбны вясёлы чалавек, зь якім заўжды было ня сумна, ён любіў сяброў, кампанію і жарты. Хутка забываўся на крыўду і заўжды памятаў дабро.

Пра гэткіх цэльных людзей, як Генадзь Карпенка, можна сказаць словамі Напалеона, што «іх недастаткова забіць, іх трэба яшчэ й паваліць». І таму дыктатарскаму рэжыму ўдалося толькі забіць гэтага моцнага целам і душою чалавека. Але як асоба Генадзь Дзьмітрыевіч застаўся не пахаваным. Дыктатарскі рэжым ня здольны яго паваліць, як хлусьня і паклёп ня здольныя зьнішчыць праўду, за якую бароўся Генадзь Дзьмітрыевіч. Яго постаць будзе стаяць у гісторыі беларускага народу стагодзьдзі, доўжачы шэраг імёнаў вядомых барацьбітоў за свабоду й незалежнасьць сваёй Радзімы, якімі ганарыцца беларускі народ. Памяць гэткіх людзей жыве ў народзе ў назвах вуліц, навучальных установаў, прадпрыемстваў…

У той жа час чорнымі і нікчомнымі ценямі ў гэтай жа гісторыі, побач зь ценямі Мураўёва і Кубэ, Гея і Цанавы застануцца імёны забойцаў Генадзя Дзьмітрыевіча. Ад успамінаў аб іх кожнаму сумленнаму беларусу будзе рабіцца жудасна і гідка.

Яго пяцідзесяцігодзьдзе мы адзначаем, на жаль, безь яго. Але ўсе мы, яго сябры і паплечнікі па барацьбе, поўныя аптымізму і веры ў тое, што тая справа, за якую ён аддаў жыцьцё, пераможа. Беларусь будзе незалежнай, вольнай і дэмакратычнай рэспублікай!

Сямён Шарэцкі