Янка Брыль: «Такая культурнасьць і такая цемра нашых людзей»

 

Мой шлях да Янкі Брыля нагадваў паломніцтва. Нягледзячы на тое, што ўстурыўся я а палове шостай раніцы, адзін з трох тыднёвых аўтобусаў са Стоўпцаў на Беражан пасьпеў-такі зьехаць безь мяне. У стаўпецкай кнігарні, на паліцы «60 год яднаньня», сымбалічна стаялі «Палескія рабінзоны», а мне было наканавана пракульгаць 20 км па інтэграванай калісьці зямлі Заходняй Беларусі... У вясковага дзядзькі, што трохі падвёз мяне, я спытаўся пра самае лепшае, што прынесла яму 17 верасьня. Ён пацёр свой чырвоны нос і сказаў, што раней ён жыў на нейкіх там «крэсах», а цяпер, бадай, у самым цэнтры краіны. На маю заўвагу, што хутка мы зь ім можам ізноў зрабіцца крэсавякамі, толькі ўжо заходнімі, дзядзюк толькі махнуў рукой, маўляў, не дуры галавы.

Дзе жыве Янка Брыль, ведаюць усе жыхары навакольля, нават тамтэйшая «зіна з магазіна», якая адмовілася прадаць мне бутэльку «Лідзкага клясычнага» («Не мяшайце работаць! Відзіце, людзі хлеб ждуць, а Вы тут са сваім півам!»). Калі я, стомлены і змардаваны смагай, ужо набліжаўся да крынічанскай сядзібы пісьменьніка, мяне наведаў нейкі сумнеў і няўпэўненасьць: чалавеку за 80, хворы, відаць, а я тут...

Янка Брыль адразу зазначыў, што, увогуле, стараецца не даваць інтэрвію («Нашто камусьці нешта расказваць, калі я і сам яшчэ здольны пісаць?»), але вырашыў зрабіць выключэньне, бо гаротны карэспандэнт адмахаў пешшу 20 км... Так і праразмаўлялі мы пяць гадзінаў, седзячы на дварэ за сталом ля калодзежу зь вельмі смачнай сьцюдзёнай вадой.

Анатоль Прасаловіч

 

 

— 17 верасьня спаўняецца 60 гадоў з дня ўзьяднаньня Ўсходняй і Заходняй Беларусі. Як Вы цяпер глядзіце на тое ўзьяднаньне?

— Ну, можна талкаваць і так, і так: ведаем цяпер мы пра пакт Рыбэнтропа-Молатава, ведаем, што ўсё гэта было спланавана раней. Але вынік, які вынік? Што Беларусь узьяднана. Гэта была нібы папраўка, унесеная да Рыскага дагавору 21-га году. Была разьдзёртая папалам, а цяпер узьяднана. Каб яна, Бог даў, утрымалася так, у самастойнасьці, у незалежнасьці, дык чаго б яшчэ хацець было? Усялякія гістарычныя бываюць калізіі, усялякія зьмены-перамены, а важны вынік — узьяднаньне Беларусі. Так, праўда, яна абкарнаная, але наконт гэтай абкарнанасьці... Мы лічым, што яна абкарнаная, а літоўцы лічаць, што абкарнаная Літва.

 

— А як у той час людзі паставіліся да таго, што Вільню аддалі Літве?

— Мне цяжка сказаць, я магу гаварыць толькі з чужых словаў, бо быў тады на фронце і ў палоне, а як вярнуўся адтуль увосень 41-га, наступілі новыя часы. Не да Вільні было, калі ўжо занята было ўсё: і Вільня, і Менск, і пад самую Маскву ўжо дайшлі немцы. Тады ўжо пра гэта не гаварылася. Ясна, крыўдна. І чорт яго ведае, ёсьць некаторыя пункты на тэрыторыі Эўропы: Трыест, Гданьск быў, Адэса дамагалася, ды й Вільня магла б быць таксама, калі разумна падысьці, літоўска-беларускай сталіцай. Бо літоўцы толькі пасьля вайны зрабілі яе сваёй, іх там быў вельмі малы працэнт. Але яны сваю справу ведаюць, народ энэргічны, талковы.

 

— Што Вам памятаецца зь першых дзён другой сусьветнай?

— Як ведама, вайна пачалася з нападу немцаў на Польшчу, і вельмі шмат там палегла беларусаў ды ўкраінцаў, бо салдатаў з усходу дасылалі служыць на захад, і наадварот. Я мяркую па нашай Наваградчыне: нашыя служылі, у лепшым выпадку, у цэнтральнай Польшчы. Я вот служыў у Гдыні, у батальёне марской пяхоты, дык там большая палова былі беларусы.

 

— Як складаліся адносіны паміж жаўнерамі-палякамі і непалякамі?

— Ніякай дзедаўшчыны не было, ні нацыянальнай, ні паміж старымі і маладымі. Былі такія вот спрадвечныя гульні дурныя, што, скажам, ідзе пяхота, а кавалерысты едуць і на іх: «трусь-трусь-трусь», «трусікі», а ўжо пяхота крычыць: «А вы кабыляжэ!» — кабыльнікі, значыць. А ў нацыянальным плане не было. Праўда, пад канец можна было заўважыць, ды й ня толькі ў арміі, дрэннае стаўленьне палякаў да ўкраінцаў, якія актыўна супраціўляліся паланізацыі. Да 1939 году супраць іх прадпрымаліся так званыя карныя пастоі, як было ў Беларусі ў сярэдзіне 20-х гадоў, калі была ў нас партызанка. А яшчэ, значыць, з габрэямі было. Яны служылі толькі ў цэнтры Польшчы, у нас у Гдыні іх не было, і афіцэры польскія заўжды падкрэсьлівалі, што мы маем гонар служыць там, дзе няма ніводнага жыда. Калі ж я служыў у Халме, мы дужа сябравалі з украінцамі. У выходныя дні звычайна выходзілі ў поле, песьні сьпявалі ўкраінскія, беларускія. Дык ім пазайздросьціць можна было. У нас быў звычайны салдат-артылерыст Апанас, дык ён усяго Шаўчэнку ведаў на памяць.

 

— Калі Вы ўпершыню пачулі пра ўзьяднаньне?

— 19 верасьня, калі мы здаліся немцам. Адзін афіцэр прыстаў да мяне: «Дынст грат?» Я троху са школы ведаў, кажу: «салдат, рэкрут» — і дастаў мэдаль сьмяротны, што на шыю чапляецца. Там імя, прозьвішча і ваенкамат баранавіцкі. Ён пытаецца: «Рускі?» Рускі, кажу, у сэнсе, беларус. А ён: «Рускі аўх пух-пух», што і рускія ваююць таксама.

У палоне жаўнераў польскай арміі ўсіх падзялілі: беларусы асобна, украінцы і палякі таксама. Газэты выходзілі па-беларуску, бэрлінская «Раніца», напрыклад, дзе я ўпершыню прачытаў вершы Ларысы Геніюш.

 

— У чым, на Вашую думку, палягала адрозьненьне ў творчасьці пісьменьнікаў з абодвух бакоў Беларусі?

— Мы на Захадзе мелі больш магчымасьцяў азнаёміцца з творчасьцю такіх літаратараў як Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, чаго ў 30-х гадах у савецкіх школах ужо не чыталі. У нас у вёсках нават сьпявалі «Ой, ты, Нёман-рака» Цішкі Гартнага, «О край родны, край прыгожы» Коласа. Як беларушчыну ў канцы 20-х палякі прыціснулі, зьявіўся Танк, загрымеў. Ён хораша пісаў, за ім уся моладзь ішла, такі сапраўдны паэт. І іншыя былі — Васілёк, Ільляшэвіч, Машара — але найбольш нацыянальна акрэсьленым быў усё ж Танк, пасьля Таўлай Валянцін. У той час я быў знаёмы толькі з Васільком, мы зь ім нават адзін год былі разам у палоне, ды яшчэ з адным малавядомым, але харошым паэтам Юліянам Сергіевічам.

Яшчэ, памятаю, быў вельмі здаровы рух, скажам, супраць п’янства: моладзь ня піла. А калі хто піў, дык дзяўчыны не хадзілі зь ім танцаваць.

 

— Вы мяркуеце, што ва Ўсходняй Беларусі пілі болей?

— Дык а хто ж нас навучыў піць, заходнікаў, як ня ўсходнікі? У нас не было такога разуменьня: сто грам, шклянка... Я помню, раз на вясельлі адзін дзядзька заліхвацкі выпіў цэлую шклянку гарэлкі, дык усе стоячы глядзелі, ці разарвець яго, ці не. Да таго ж у нашай моладзі была вельмі высокая актыўнасьць у сэнсе мастацкай самадзейнасьці: ставілі спэктаклі і па-беларуску, і па-польску, і нават па-яўрэйску. Але у 30-х гадох палякі пачалі моцна глушыць беларускае падпольле. Яны да Саветаў уцякалі, а іх там... Адзін мой блізкі сябар адсядзеў пяць год у польскай турме, уцёк, а ў СССР яму далі 25 «без права переписки». Адсядзеўшы 18 год, ён вярнуўся і два гады паміраў ад раку. Я яго наведваю, а ён мне пачынае гаварыць: «Ня вер ім, гэта ўсё няпраўда! Я бег са сьлязьмі на вачах, убачыўшы першага краснаармейца, а праз два дні мяне цягнулі па падлозе менскай турмы, і я з роту крывёю паліваў падлогу».

 

— Якія адрозьненьні існуюць паміж заходнікамі і ўсходнікамі цяпер?

— Цяпер, кажуць, на Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях трымаецца ўся сельская гаспадарка Беларусі. У нас яшчэ працуюць людзі, не развучыліся. Але зь іншага боку, раней Мір, прыкладам, быў такім культурным мястэчкам, ешыбот быў там габрэйскі сусьветна вядомы, шмат інтэлігенцыі. А цяпер ні газэтнага кіёску, ні кнігарні, толькі аддзел у прамтаварах, дзе замест кніжак туалетная папера ляжыць на паліцах. Таксама не магу сказаць, што ў нас захавалася больш беларушчыны. Хіба што толькі існуюць яшчэ этнаграфічныя адрозьненьні. Ды яшчэ тое, што там папы тлумяць народ: «Всё это Великая Россия!», а тут ксяндзы ў польскі бок цягнуць. Шмат існуе прыкладаў, калі краіна падзеленая рэлігійна. Вазьміце Нямеччыну: поўнач — пратэстанцкая, а поўдзень — каталіцкі. Але ўсе — немцы. А ў нас іншыя каталікі так і лезуць са сваёй пальшчызнай як жабы на корч.

 

— Што Вы можаце сказаць пра пісьменьнікаў Заходняй Беларусі, якія зьехалі ў эміграцыю?

— З мацнейшых — Сяднёў, Салавей, Арсенева... Яна, Ільляшэвіч і Геніюш пачалі друкавацца перад вайной, а іншыя дык там вырасталі на пісьменьнікаў. Вялікага бляску, на жаль, няма. Яны ня маюць такіх празаікаў, як нашыя Мележ, Пташнікаў ці Караткевіч. А паэты... Ну, Арсенева. Але ж нашыя Жэня Янішчыц ды Ніна Мацяш лепей пішуць. А ў Ларысы Антонаўны існуе арэол пакутніцы, сядзела столькі і мужна так паводзіла сябе, дык гэта надае асьвятленьне, афарбоўку ейнай творчасьці. Мяне, праўда, хвалюе заўсёды «Магутны Божа», але ж там яшчэ і музыка Равенскага вельмі харошая. Увогуле, ня трэба параўноўваць, хто большы, хто меншы. Для пісьменьніка важна, як той казаў, ці ён крывы, ці ён просты, галоўнае — чысьціня і чалавечнасьць. Паспрабуйце параўнаць Купалу з Коласам ці Славацкага зь Міцкевічам.

 

— А ці існаваў падзел на заходнікаў і ўсходнікаў у Саюзе Пісьменьнікаў?

— Аніякага. Мы ўсе былі разам. Мяне, прыкладам, прымалі ў члены зь Іванам Мележам. Адрозьненьні існавалі і існуюць, бадай, толькі ў моўным плане. Гэта можна заўважыць, параўноўваючы мову Адамчыка і Кудраўца, Стральцова і Голуба са Скоблам.

 

— Ці лічыце Вы магчымым, што ў будучыні Беларусь ізноў будзе падзеленая на дзьве часткі?

— Упэўнены, што не. А якія для гэтага ёсьць падставы? Можа, камусьці і хочацца, каб была Заходняя Беларусь і асобна Ўсходняя, але гісторыя, разьвіваючыся па сьпіралі, толькі набліжаецца, а не паўтараецца.

 

— А ўзьяднаньне Беларусі й Расеі?

— Ня будзе аніякага ўзьяднаньня, я не прызнаю ды й не хачу яго. Дружыць як самастойная дзяржава з самастойнай, выбіраць самому сабе друга на раўнапраўнай аснове — гэта адно, а тут папахвае зусім іншым. З адной стараны, бачыце, Ельцын сказаў: «Только в одно государство!» І ня будзе называцца Беларусяй гэтае «государство», будзе Расея. А наш ужо хоча ў віцэ-прэзыдэнты ці прэзыдэнты. Нават пагаворваецца, што ён можа стаць заступнікам Ельцына. Гэта ўсё ня мае пад сабой асновы, і таму не адбудзецца.

 

— Чаму частка беларускага народу падтрымлівае Лукашэнку?

— З аднаго боку, з-за дасюлешняга калгаснага ладу жыцьця вясковага люду, а з другога боку, безумоўна, з-за несьвядомасьці нашай. Я вось жыву ў вёсцы і зьдзіўляюся, як яно можа спалучацца: з аднаго боку, такая сёньняшняя зьнешняя культурнасьць людзей, а з другога — такая цемра, што яшчэ і ў ведзьмаў вераць. Дык чаму ж ім не паверыць у ведзьмака?

 

— Як, на Ваш погляд, будуць разьвівацца падзеі ў Беларусі ў бліжэйшыя гады?

— Тут я Вам нічога не скажу. Можна як хочаш вадзіць пальцам па вадзе, але як яно будзе... Вы ж улічыце такі фактар як фактар нечаканасьці. Такі паварот можа адбыцца, што Бог яго знае. У сучаснай сытуацыі ў многім самі мы вінаватыя, бо трэба навучыцца саміх сябе крытыкаваць. Віна нашая ў нашай інэртнасьці, расхлябанасьці такой, бесхрыбетнасьці, п’янстве і тым, што зараз называюць сэксам, а раней звалася, прабачце, напрошваецца слова... Усё разам гаворыць, што сьветлым сілам, што дбаюць аб незалежнасьці, годнасьці, чалавечнасьці, цяпер вельмі нялёгка.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0