«ТАЛЕРАНТНЫ» ФУТБОЛ

 

Калi пасьля хатняе паразы ад валiйцаў зборная Беларусi адправiлася ў Швэйцарыю, мала хто сумняваўся ў тым, якi будзе вынiк паездкi. Так i выйшла: беларускiя футбалiсты iзноў паказалi, як «упэўнена» i «прыгожа» яны ўмеюць прайграваць. Прычым зборная Швэйцарыi была на полi, у лепшым выпадку, ня горшай за беларусаў. I пераўзышла толькi ў адным — у волi да перамогi. Паўтарылася карцiна, якую мы назiралi ў Кардыфе, Капэнгагене, у хатнiх сустрэчах з тымi ж швэйцарцамi й валiйцамi: беларусы даказалi ўсiм, што яны ўмеюць гуляць, але ня ўмеюць выйграваць.

Самая частая думка, якую цяпер выказвае на прэс-канфэрэнцыях Мiхаіл Вергяенка: не пашанцавала, прайгралi ўсяго адзiн мяч i г.д. Больш верагоднае тлумачэньне — нашыя футбалiсты ня ведаюць, за якую краiну гуляюць, не адчуваюць таго, што iхныя перамогi тут некаму патрэбныя. Ну, ня можа футбалiст зборнай аддаваць на полі ўсе сiлы, калi кiраўнiцтва краiны папросту ненавiдзiць яе, а абсалютная большасьць жыхароў абыякавая да свайго ўласнага жыцьця.

Інтэрвію, якiя даюць трэнэры i самі спартоўцы, робяць уражаньне, што яны выступаюць за зборную БССР, якой нечакана дазволiлi выступаць самастойнай камандай. Пад кiраўнiцтвам Вергяенкi i ягонага трэнэрскага штабу зборная Беларусi правяла 13 афiцыйных сустрэчаў (6 у адборачным цыкле да Чэмпiянату сьвету 1998 году i 7 у цяперашнім адборачным цыклі — да Чэмпiянату Эўропы 2000). Вынiк: 11 паразаў, 2 нiчые, 0 перамогаў, розьнiца забiтых i прапушчаных мячоў 6—24. Апошнюю сваю афiцыйную перамогу зборная Беларусi атрымала яшчэ за Сяргея Бароўскага тры гады таму ў хатняй сустрэчы са зборнай Эстонii. Пасьля такiх «посьпехаў» трэнэр мусіць падаваць у адстаўку. Праблема, аднак, у тым, што наўрад цi ў нашай краiне зараз знойдзецца спэцыялiст, якi здолее перамагчы «талерантную» псыхалёгiю нашых «кумiраў».

Для таго, каб дакладна ўявiць сабе месца нашай зборнай у футбольнай Эўропе, дастаткова паглядзець на колькасьць набраных ачкоў — 2. Хто гуляе горш за нас? Зборныя Андоры, Люксэмбургу, княства Сан-Марына і Мальты. Зборная Лiхтэнштэйна, i тая набрала ў сваёй падгрупе 4 ачкi. Параўноваць жа нашыя паказчыкi з былымi суседзямi па «камэры» проста сорамна: латышы да апошняга змагалiся з нарвэжцамi i славенцамi за перамогу ў 2-й падгрупе, зборныя Літвы i Эстонii на роўных гуляюць з шатляндцамi i да сёньня захоўваюць шанцы на паездку ў Бэнiлюкс. I Арменiя, i Азэрбайджан, i Малдова выступiлi больш удала за зборную Беларусi.

А.А.